Два гады таму быў забіты Павел Шарамет. Калегі і родныя ўшанавалі памяць Паўла
У другую гадавіну забойства вядомага журналіста калегі і родныя наведалі магілу Паўла Шарамета на Паўночных могілках у Мінску.
— Літаральна на днях у мяне спыталіся, якія значныя журналісцкія расследаванні можна прыгадаць у гісторыі Беларусі. І першае, што прыйшло на памяць, гэта фільм Паўла Шарамета “Дзікае паляванне”. Выдатнае расследаванне яны рабілі разам з Дзмітрыем Завадскім і наконт празрыстасці беларуска-літоўскай мяжы. Гэта ўзоры рызыкоўнай якаснай журналісцкай працы Паўла Шарамета.
Яны паказваюць яго смеласць і прафесіяналізм. Менавіта гэтыя якасці зрабілі Паўла вядомым журналістам і ў Беларусі, і ў Расіі, і ва Украіне. Дзякуючы свайму таленту, Павел меў вялікую колькасць прыхільнікаў, але і вялікую колькасць ворагаў, — сказаў падчас сустрэчы старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.
Па словах Бастунца, беларускія калегі заўсёды будуць памятаць Паўла і чакаць вынікаў расследавання акалічнасцяў забойства ды пакарання вінаватых.
— А справа Паўла жыве. Гэта паказваюць і журналісцкія расследаванні, і, канешне ж, сайт “Беларускі партызан”, якія працягвае працаваць, а ў гэтым годзе атрымаў прэстыжную прэмію Free Media Awards, — дадаў Бастунец.
Удзел у сустрэчы ўзяла таксама маці Паўла Людміла Шарамет.
— Павел казаў, што ніколі не прабачыць вінаватым забойства Дзімы Завадскага, і ніколі не спыніцца ў пошуках забойцаў. На жаль, сёння мы не ведаем акалічнасцяў ні аднаго, ні другога забойства, — сказала Людміла Шарамет.
Нагадаем, што вядомы журналіст, тэле- і радыёвядучы Павел Шарамет быў забіты ў Кіеве 20 ліпеня 2016 года. Пахаваны журналіст на Паўночных могілках у Мінску.
У красавіку гэтага года на магіле Паўла быў адкрыты помнік.
Прадстаўніцтва Еўрасаюза ва Украіне чакае вынікаў расследавання забойства журналіста Паўла Шарамета і прыцягнення вінаватых да адказнасці.
Пра гэта прадстаўніцтва ЕС паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook у другую гадавіну забойства журналіста.
«Два гады таму ўкраінская медыя-супольнасць страціла аднаго з самых таленавітых і адважных журналістаў — Паўла Шарамета. — ён быў забіты Гэтая трагедыя застаецца крыніцай смутку яго сям’і і многіх яго калег па ўсёй краіне, якія працягваюць сваю жыццёва важную працу» — гаворыцца ў паведамленні.
Прадстаўніцтва ЕС чакае, што ўкраінская ўлада правядзе празрыстае расследаванне гэтага злачынства, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасці. «Прагрэс у гэтай справе будзе несумненна важным для грамадскага даверу да праваахоўных органаў», — адзначаецца ў заяве.
Фота Вольгі Хвоін