«Беларускі партызан» атрымаў прэмію Free Media Awards 2018
Рэдакцыя сайта «Беларускі партызан» названа лаўрэатам міжнароднай прэміі Free Media Awards 2018. Разам з беларусамі пераможцамі прэміі таксама названыя расійскі сайт «Фонтанка.ру» і паўднёва-каўказскі рэсурс «Чайхана».
Free Media Awards 2018 — прэстыжная штогадовая прэмія, якой адзначаюцца журналісты і медыя Усходняй Еўропы. Заснавальнікі прэміі Fritt Ord Foundation and ZEIT-Stiftung.
Прэмія будзе ўручаная журналістам на адмысловай канферэнцыі, якая пройдзе ў Ерэване з 1 па 3 кастрычніка.
«Беларускі партызан» быў заснаваны ў 2006 годзе групай беларускіх журналістаў. Гэта інфармацыйная і аналітычная медыяпляцоўка, якая ўздымае актуальныя пытанні ў Беларусі. На сайце «Беларускі партызан» можна прачытаць самыя свежыя навіны; гэта адно з нешматлікіх беларускіх СМІ, якое закранае няпростыя грамадска-палітычныя тэмы. «Беларускі Партызан» грае важную ролю дыскусійнай пляцоўкі для прадстаўнікоў беларускай апазіцыі ў краіне, дзе няма магчымасцяў грамадскага абмеркавання. Сайт асвятляе як міжнародныя, так і рэгіянальныя праблемы і ўваходзіць топ-10 навіновых рэсурсаў Беларусі», — адзначаецца ў афіцыйным прэс-рэлізе.
У 2016 годзе ў Кіеве ў аўтамабілі быў забіты Павел Шарамет, галоўны рэдактар і адзін з заснавальнікаў «Беларускага партызана». І да, і пасля яго смерці было зроблена шмат спробаў заблакаваць і ўзламаць вэб-сайт.
У 2017 годзе беларускія ўлады цалкам заблакавалі сайт на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Ён быў вымушаны пераехаць на новы дамен, каб зноў стаць даступным для сваіх беларускіх чытачоў.
На прэмію ZEIT сайт «Беларускі партызан» намінавала ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».
Раней прэмію ZEIT атрымлівалі журналісты Мікола Маркевіч, Святлана Калінкіна, электроннае выданне “Ежедневник”, газеты “Газета Слонімская”, «Брестский курьер», «Витебский курьер», «Белорусская деловая газета», «Народная воля», «Наша Ніва», «Белорусский рынок», «Свободные новости», «Салідарнасць», баранавіцкі тыднёвік «Intex-press», агенцтва «БелаПАН», палітолаг Валерый Карбалевіч.