«Сіла не ў сіле, сіла ў праўдзе» — на магіле Паўла Шарамета адкрылі помнік ФОТА
Помнік выкананы ў выглядзе бронзавага аркуша паперы, заціснутага ў камяні. Аўтары мемарыяла: скульптар Канстанцін Селіханаў і архітэктар Аляксей Галякоў.
Цырымонія адкрыцця помніка прайшла ў нядзелю, 29 красавіка, на Паўночных могілках пад Мінскам.
— Ідэя, якая ляжыць у аснове помніка, добра характарызуе ўнутраную сутнасць Паўла. Гэта барацьба з сістэмай. Сістэмай, з якой Павел змагаўся за праўду, за дэмакратычнае грамадства, за свабодную, праўдзівую прэсу.
Ягонай пуцяводнай зоркай заўсёды былі біблейскія словы «Сіла не ў сіле, сіла ў праўдзе». Гэтыя словы і выбітыя на камяні. Гранітны помнік і бронзавы ліст журналісцкай паперы, які прабіваецца праз такую ж цяжкую, як гэта глыба, сістэму, — сказала падчас цырымоніі маці Паўла Людміла Шарамет.
Падчас адкрыцця мемарыяла прысутнічалі сябры і родныя Паўла Шарамета, а таксама калегі-журналісты.
— Калі казаць без пафасу, то Павел быў вельмі камунікабельным і кантактным чалавекам. Пасля гэтага забойства мы страцілі цікавага, вельмі блізкага сябра. Страцілі чалавека, з якім працавалі разам і заўсёды маглі камунікаваць у Кіеве, Маскве ці Вільні. Калі ў Беларусі адбываліся нейкія важныя падзеі, у інтэрнэце заўсёды з’яўляліся актуальныя і трапныя артыкулы Паўла. Вось гэта, на жаль, мы страцілі разам з забойствам Паўла.
Але не знікла тое, што рабіў Шарамет. Сайт, які ён заснаваў і які рэдагаваў доўгі час, працуе і з’яўляецца важнай часткай беларускай медыяпрасторы. Таму я рады, што справа Паўла Шарамета па-ранейшаму жыве, — сказаў старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.
Падчас адкрыцця мемарыяла прысутнічалі таксама прадстаўнікі міжнародных праваабарончых арганізацый, у прыватнасці Хельсінскага фонда па правам чалавека (Варшава, Польшча).
Фота Вольгі Хвоін