• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Да вайны мы недаацэньвалі небяспеку прапаганды». Размова з расійскай журналісткай, якая вымушана з’ехала з краіны

    Кацярына Мішчук – 24-гадовая журналістка-фрылансерка з Расіі. Супрацоўнічала з незалежнымі медыямі і няўрадавымі арганізацыямі, у тым ліку лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі – «Новай газетай» і «Мемарыялам». Дзяўчына да апошняга не хацела з’язджаць і верыла, што на радзіме магчымыя перамены. Аднак пасля нападу Расіі на Украіну дома стала небяспечна і цяжка псіхалагічна, таму журналістка паехала спачатку ў Арменію, а потым у Грузію.

    Пагутарылі з Кацярынай пра тое, як яна пачуваецца за мяжой, у чым змянілася ейнае жыццё пасля 24 лютага, якой стала расійская журналістыка і праца журналіста.

    «Было зразумела, што сапраўдная журналістыка стане падпольнай»

    — Кацярына, як даўно ты ў журналістыцы, з якімі медыямі супрацоўнічала, супрацоўнічаеш цяпер?

    — Каля шасці гадоў. Журналістыку я вывучала ў Вышэйшай школе эканомікі ў Маскве, куды паступіла ў 2016 годзе. З першага курса як фрылансерка супрацоўнічала з «Новой газетой», «Медузой», «Медиазоной», «МБХ Медиа», пісала гісторыі жанчын-актывістак, апазіцыйных дэпутатак для праекту «Гласная». Акрамя таго, працавала ў «Мемориале».

    І раней, і цяпер найбольш пішу для «Настоящего времени».

    ВШЭ я скончыла ў 2020 годзе, і ў мяне адчуванне, што я застала там апошнія нармальныя, больш-менш свабодныя гады. Цяпер факультэт памірае, бо дэканам паставілі вядоўцу прапагандысцкай праграмы аднаго з цэнтральных каналаў. Напэўна, у Расіі ўжо ўвогуле няма месцаў, дзе можна вучыцца сапраўдным каштоўнасцям журналістыкі.

    — Сапраўды ў расійскай вну яшчэ 6 гадоў таму можна было свабодна выказвацца?

    — Я спрабую параўноўваць тыя часы з сённяшнім днём. У прынцыпе, ужо тады было зразумела, куды ўсё ідзе — дзяржава імкнулася да поўнага кантролю, ставіла паўсюль сваіх людзей, блакіроўкамі дамагалася, каб непажаданыя медыі не чыталі. Я ўжо тады разумела, што сапраўдная журналістыка неўзабаве ператворыцца ў нейкую падпольную працу, якой яна цяпер амаль і стала. Аднак у той жа час на нашым факультэце была магчымасць свабодна абмяркоўваць бягучую павестку, апазіцыю, мітынгі Навальнага. Мы рабілі пра ўсё гэта сюжэты для навучальных курсаў і нас ніхто не цэнзураваў. Гэта пачалося паступова. Неяк да нас на ток-шоу «В точку» прыйшоў Пяскоў. Ён рознага нагаварыў, а потым заявіў — гэта не пад запіс. Адміністрацыя прыняла рашэнне не выпускаць гэты сюжэт. Студэнты выступілі супраць. А неўзабаве ток-шоу ўвогуле закрылі.

    Так паступова нібыта дробныя і нязначныя крокі прывялі да знікнення на факультэце свабоды.

    «Да вайны мы не таго баяліся»

    — Кацярына, а чаму ты выбрала для сябе менавіта незалежную, ці як ты кажаш, цяпер «падпольную журналістыку»?

    — Калі я вучылася на падрыхтоўчым аддзяленні перад паступленнем, мне трапіўся выкладчык, які шмат распавядаў пра незалежныя медыі. Тады я пазнаёмілася з рэпартажамі Ганны Паліткоўскай, Лены Касцючэнка з «Новай газеты». Пасля іхных тэкстаў я зразумела, у чым сутнасць маёй будучай прафесіі — даваць магчымасць людзям распавесці пра сябе, сваё гора, несправядлівасць. Гэтым людзям ніхто больш не дасць пляцоўку для выказвання, а ты як журналіст можаш гэта зрабіць.

    З самага пачатку журналістыка для мяне была не пра грошы ці маю ўласную медыйнасць, а пра тое, што я нідзе не схлусіла, не сказіла сэнсы, сумленна зрабіла сваю працу.

    Матэрыялы тых, хто працуе на дзяржаўныя медыі, я не магу ні чытаць, ні глядзець. А цяпер увогуле лічу іхную дзейнасць злачыннай. Аднак у той жа час пасля 24 лютага гэтага года часта думаю, што мы — незалежныя медыі — прайгралі ім, іх прапагандзе.

    — У чым?

    — Я разумею цяпер, што да вайны мы не таго баяліся і недаацэньвалі небяспеку дзяржаўнай прапаганды, што ішла па расійскім тэлебачанні. Яна часам нам здавалася смешнай, мы думалі, што ніхто ўсур’ёз яе не ўспрымае. З пачаткам вайны ўжо стала не да смеху.

    Ёсць адчуванне пройгрышу з‑за таго, што нашыя метады аб’ектыўнай журналістыкі нібы не мелі эфекту, не дагрукаліся да аўдыторыі і яе ў нас забралі прапагандысты. У выніку мы маем тое, што маем — вайну. У мяне ўвесь час пытанне: што мы зрабілі, каб гэтыя людзі не пераймалі прапагандысцкія міфы, якія ім уліваюць у вушы? Мне здаецца, што мы зрабілі недастаткова.

    Мы не здолелі гэтак жа лёгка і ў простай форме растлумачыць людзям, навошта ім ведаць свае правы, чаму яны не павінны ісці забіваць і паміраць на гэтай вайне, што не так у ідэі вялікай нацыі, якую яны бачаць у тэлевізары. Мы не змаглі нарасціць дастатковую аўдыторыю, каб супрацьстаяць прапагандзе, а цяпер, калі нас блакуюць, збіраць гэтую аўдыторыю стала яшчэ складаней.

    «Я цяпер — грамадзянка краіны-агрэсара, і гэта назаўжды»

    — Ці насамрэч у дзяржаўнай прапаганды атрымалася «замбаваць» большасць насельніцтва Расіі?

    —  Мне хочацца верыць, што ўсё ж не. Мне падаецца, што большасць людзей у Расіі насамрэч не хочуць нікога забіваць, не жадаюць болю. Бо гэта ненармальна, калі чалавек такога хоча. У той жа час я думаю, што шмат хто рэальна верыць, што ідзе вызваленне і барацьба з нацыстамі. Аднак тым не менш, зліваць усіх расіян у адну масу нельга, бо Расія вельмі розная і неаднастайная. Яшчэ я разумею, што большасць расіян апошнім часам проста выжывалі, і ім насамрэч не было калі разбірацца ў тым, што адбываецца ў палітыцы. І я не ведаю, як можна ў гэтым вінаваціць людзей, таму ў мяне не атрымліваецца выклікаць у сабе пачуццё нянавісці.

    Мне праўда вельмі шкада, што людзі пастаўленыя ў такую сітуацыю, што ў адпраўцы ў войска мужчыны з сям’і бачаць спосаб існаваць далей, падвысіць дабрабыт сям’і. Дзяржава не змагла прапанаваць ім нічога больш годнага. Ад гэтага мне вельмі горка.

    Яшчэ я думаю, што не трэба адразу выкрэсліваць людзей, якія сумняюцца, са славутай пазіцыяй «не ўсё так адназначна». З імі магчымы дыялог, і ў нас ёсць шанцы паказаць ім праўду.

    — Як змянілася тваё жыццё пасля 24 лютага?

    —  Я з пачатку года жыла з адчуваннем, што будзе вайна. Я бачыла, як да мяжы сцягваюцца войскі, і разумела, што гэта не проста так. 24 лютага я прачнулася а 5‑й гадзіне раніцы, прачытала навіны і разрыдалася. Я рыдала, бо не была згодная з тым, што адбываецца, бо разумела, што мяне як грамадзянку Расіі цалкам пазбавілі суб’ектнасці. Я злавалася, калі думала, што адзін чалавек вырашыў напасці на краіну, дзе жывуць мае сваякі, куды я ездзіла штогод да 2014 года, на краіну, якую я люблю. Я аплаквала тое, што будзе. Я разумела, што будуць ахвяры, што зробленае ім адаб’ецца на маім жыцці, на жыцці маіх дзяцей, унукаў, калі яны будуць. Я цяпер — грамадзянка краіны-агрэсара, і гэта назаўжды.

    Першыя некалькі дзён я мала спала, пастаянна глядзела відэа абстрэлаў, як людзі ўцякаюць. Урэшце, калі я выходзіла паліць на балкон, злавіла сябе на адчуванні, што пачынаецца абстрэл. ПТСР уласцівы не толькі ўдзельнікам падзей, але і сведкам, і мне падаецца, шмат журналістаў пасля 24-га атрымалі траўму сведкі.

    «Не магла паверыць, што мая краіна забівае мірных людзей і параўноўвае гэта з подзвігам у Вялікай айчыннай вайне»

    —  У які момант ты прыняла рашэнне з’язджаць?

    —  Спачатку не збіралася нікуды ехаць. Яшчэ раней я верыла, што ў маёй краіне аднойчы адбудуцца перамены, і я ўбачу дэмакратычную свабодную Расію, сапраўдныя выбары, змену ўлады. З пачаткам вайны я адчувала, што я і мая праца цяпер патрэбныя толькі дома.

    Але ўжо ў траўні ўсё змянілася. Рэдакцыі не хацелі працаваць з журналістамі, якія знаходзіліся ў Расіі праз дадатковыя рызыкі, яны больш не маглі аплочваць нам працу. «Настоящее время» у Расіі заблакавалі.

    Паўстала пытанне заробку, бяспекі. А яшчэ чыста псіхалагічна мне стала вельмі цяжка ў маёй краіне. Я пастаянна адчувала ўнутраную заціснутасць. Калі выходзіла з дома, чысціла тэлефон, дома чакала ператрусу. З’явілася адчуванне, ці я вар’яцею, ці людзі навокал.

    Заспела ў Расіі 9 траўня. Памятаю, як зайшла ў вагон метро, а ў ім паўсюль былі фотаздымкі савецкага ўзбраення, салдаты з усмешкамі, музыка часоў Другой сусветнай. Я на наступным прыпынку выскачыла, бо мне стала блага. Я не магла паверыць і ўмясціць у галаве, што наўпрост цяпер мая краіна бамбіць, забівае мірных жыхароў і гэта параўноўвае з подзвігам у Вялікай айчыннай вайне.

    У горадзе былі рэкламныя шчыты з вялізнымі літарамі Z. Я разумела, што я там чужая, больш не магу ў гэтым усім існаваць, бо не сыходжуся з гэтай рэчаіснасцю.

    У сярэдзіне траўня я паляцела ў Арменію, потым у Нямеччыну. З дапамогай «Рэпарцёраў без межаў» падалася на гуманітарную візу. Але яе нельга атрымаць у краіне Еўразвязу, таму я вярнулася ў Арменію, а напрыканцы лета пераехала ў Грузію, у Тбілісі. Тут даведалася, што візу мне адобрылі, цяпер чакаю афармлення дакументаў.

    «Зразумела, якія моцныя ўкраінцы»

    —  Кацярына, ты з‑за мяжы працягваеш пісаць пра Расію. Як табе цяпер працуецца? Як змяніліся тэмы, героі?

    — Людзі сталі больш асцярожнымі. Я пераважна пішу пра расіян з антываеннай пазіцыяй, і заўважыла, што героі падбіраюць словы, каб не трапіць пад артыкул. Просяць змяніць імя, нават горад. Стала больш адмоваў у інтэрв’ю, але агулам людзі гатовыя распавядаць.

    Надоечы я пісала пра тое, як праходзіць мабілізацыя. Найбольш мяне ўразіла, як у Якуціі, Бураціі забралі амаль усіх мужчын з вёсак. Яны ж пераважна жывуць па прапісцы, а яшчэ ў дзяржавы такое стаўленне — нацыянальныя меншасці можна чапаць першымі. Гэта паказвае, як Расія пазбаўляецца ад народаў унутры сябе, і колькі тут непрапрацаваных тэмаў, імперскай свядомасці.

    Пісала пра антываенныя акцыі, размаўляла з іх удзельнікамі. Мяне ўразіла, як адну дзяўчыну паліцэйскія білі па галаве, і ў выніку яе з страсеннем мозгу забрала хуткая з суда. Такое стаўленне ў расійскай паліцыі да сваіх жа суграмадзянаў.
    Цяпер пішу пра транслюдзей на фоне мабілізацыі — там вельмі шмат праблемаў з заменай дакументаў і іншых.

    Яшчэ я збірала гісторыі ўкраінцаў. Было складана, бо я не заўсёды разумею, наколькі я ўвогуле магу звяртацца да іх. Хтосьці з іх мог праз маю дзяржаву пазбавіцца дома, родных, таму мне было цяжка распачынаць размову. Я была гатовая да любой рэакцыі. Але яны ўсе прыязна да мяне ставіліся і адказвалі на пытанні.

    Найбольш уразіў 17-гадовы хлопец, які з мамай і сястрой хаваўся ў падвалах у Луганскай вобласці і здымаў пра гэта цік-токі — кшталту «Тыповы дзень украінца — ідзем у бамбасховішча». Дык вось ён сказаў, што спачувае мне, бо яму няма чаго баяцца, акрамя ракет, ён у вольнай краіне. А я дома і мушу баяцца, што за мной прыйдуць людзі ў масках. Мяне кранула, што чалавек у такой сітуацыі здольны спачуваць.

    Тады я зразумела, якія моцныя ўкраінцы, што ім хапае эмпатыі нават на людзей з краіны, якая на іх напала.

    «У Грузіі я свабодна дыхаю»

    —  Як ты адчуваеш сябе ў Грузіі?

    —  Шмат гадоў у мяне была дэпрэсія, я піла антыдэпрэсанты. А тут я іх зусім не п’ю, і ў мяне атрымліваецца адчуваць сябе стабільна. Я ніколі раней так сябе не адчувала. У мяне больш няма заціснутасці ўнутры, з якой я шмат гадоў жыла ў Расіі. Бо там я ўвесь час чакала пагрозу, што знойдзецца тысяча і адна нагода і мяне арыштуюць, могуць нават збіваць, павесіць нейкую справу. Адчувала сябе ў небяспецы. І я шмат ад каго чую, што гэтая заціснутасць знікае, як толькі ты выязджаеш з Расіі.
    Я ў Грузіі свабодна дыхаю. І для мяне гэта самае галоўнае. Мяне часта пытаюць пра побытавыя моманты ў Арменіі, Грузіі.

    Я не патрабавальны чалавек, і няхай тут будзе як заўгодна, але каб была магчымасць свабодна дыхаць. А за тое, што гэтая краіна гатовая мяне прыняць, каб я магла тут жыць і працаваць, я вельмі ўдзячная.

    — Якое цяпер стаўленне мясцовых жыхароў у Грузіі да расіян?

    — Я не сутыкала з перадузятым стаўленнем, але лічу, што цалкам нармальна, калі тут не кожны гатовы табе ўсміхацца і размаўляць па-руску. Мяне не бянтэжаць нават надпісы на сценах «Rus­sians go home», «Русія — акупанты» і т.п. Мне гэта ўсё зразумела. Мы прыехалі ў краіну, дзе людзі жывуць са сваім укладам, яны змаглі пабудаваць сваю дзяржаву так, што мы тут можам дыхаць свабодна. А мы прыязджаем і карыстаемся гэтым.

    Мясцовыя кажуць, што яны баяцца, што Пуцін прыйдзе тут «вызваляць» рускіх. А яшчэ людзі злуюцца на падвышэнне коштаў на арэнду, што студэнты не могуць знайсці таннае жытло.

    Нам трэба прыняць, што мы — грамадзяне краіны-агрэсара, а да агрэсара свет так і павінен ставіцца — асуджаць і нагадваць пра ягоныя дзеянні. І нават калі ты асабіста лічыш, што не маеш да вайны ніякага дачынення, на жаль, гэта нельга ўзяць і адрэзаць.

    Я, як чалавек, які ўвогуле заўсёды выступаў супраць дзяржавы, разумею, што ніхто не абавязаны разбірацца ў гатунках расіян, улічваць усю тваю барацьбу. Тым больш, што ў грузінаў ёсць прычыны не любіць нас. Мы акупавалі частку іхнай тэрыторыі, ды і раней яны цярпелі ад Расіі на працягу ўсёй сваёй гісторыі. І цяпер незразумела, у які бок могуць павярнуцца імперскія амбіцыі расійскіх уладаў.

    Усе фотаздымкі з асабістага архіву гераіні.

    Чытайце яшчэ:

    Главред «Медиазоны»: Чем больше к человеку репутационных вопросов, тем громче он кричит про коллективную ответственность

    «Мы не прыехалі працаваць на вайну, мы жывем на гэтай вайне». Вялікая размова з журналістамі «Суспільного» з Харкава

    SEO на беларускай мове. Як прафесійным медыям выціснуць прапагандыстаў з топа Google і Яндэкс і зарабіць?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці