• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Мы не прыехалі працаваць на вайну, мы жывем на гэтай вайне». Вялікая размова з журналістамі «Суспільного» з Харкава

    Пра выклікі ваеннага часу, працу з бункераў і сховішчаў, карэннае змяненне медыярынку і акалічнасці працы рэгіянальнага выдання ў прыфрантавой зоне БАЖ пагутарыла з кіраўніцтвам харкаўскай філіі «Суспільного»: шэф-рэдактарам навін Славам Маўрычавым і лінейнай прадзюсаркай Аляксандрай Навасел.

    24 лютага Харкаў быў адным з украінскіх гарадоў, дзе людзі першымі пачулі і адчулі пачатак поўнамаштабнай вайны: з пяці раніцы горад пачалі бамбіць. Вялізная колькасць людзей выязджала ў больш бяспечныя рэгіёны ці за мяжу, у тым ліку і некаторыя журналісты. Так сталася, што ў першыя месяцы супрацьстаяння бадай адзіным медыя, якое ні на дзень не прыпыніла сталай працы, была мясцовая рэдакцыя «Суспільного».

    «Ніводная вайна нас гэтаму не вучыла»

    — Як была арганізавана праца пасля пачатку вайны? Вы ўвесь час знаходзіліся ў Харкаве?

    Слава Маўрычаў: Гэта была пятая нуль восем 24 лютага, калі пачулі выбухі. Прачнулася ўся рэдакцыя, першае ж паведамленне выставілі ў Тэлеграме — чутныя выбухі. Першая каманда ў агульным чаце была: усім бегчы ва ўкрыцці. Ужо праз гадзіну ўся каманда была на сувязі, мы працягнулі паўнавартасную працу.

    Саша пабегла да бліжэйшай станцыі метро, адтуль пачала весці прамы эфір, інтэрнэт-каманды разам з тэлевізійнымі пачалі тэлефанаваць ва ўсе экстраныя службы, збіраць інфармацыю.

    Надалей не працавалі ў рэдакцыі, размеркаваліся па розных раёнах горада. Першы час не зусім разумелі, як дзейнічаць падчас абстрэлаў. Вайна нас гэтаму не вучыла, хаця і ідзе ўжо восем год ва Украіне. Але тое, з чым я як карэспандэнт сутыкаўся на Данбасе, мела абсалютна іншы характар. Менавіта абстрэлы артылерыйскія, ракетныя, авіяцыйныя налёты на гарады — такога на Данбасе не было. Не было рэактыўных сістэм залпавага агню.

    Так, засеўшы ў сваім укрыцці, каардынаваліся, маглі інфармаваць людзей на сайце, што ў якім раёне адбываецца. Мы не бралі на веру тое, што пісалася ў сацсетках, увесь час верыфікавалі інфармацыю. Калі ў нейкім канале з’явілася відэа або паведамленне — ніколі не бралі гэта за крыніцу.

    Для нас сацсеткі не з’яўляюцца крыніцамі інфармацыі.

    Сацсеткі — толькі пачатак працы, нейкія паведамленні, якія мы павінны пацвердзіць, верыфікаваць і заўжды дадаць карысць гэтаму паведамленню, каб людзі разумелі, як ім дзейнічаць у канкрэтнай сітуацыі.

    Вось так мы і жылі, дзён 80 не выходзілі з укрыццяў. Выраб відэакантэнту не прыпыніўся ані на дзень. Да сярэдзіны красавіка мы ўвогуле былі адзінай лакальнай рэдакцыяй навін, якая працягвала ствараць відэакантэнт. Ужо бліжэй да траўня пачалі вяртацца і наладжваць працу нашыя калегі. Мы ж застаемся самым буйным пастаўшчыком відэа, відэаілюстрацый, рэпартажаў, робячы цяпер да дзесяці відэарэпартажаў на дзень, часам і больш.

    Уласна Саша з першага дня інфармавала людзей у тэлевізійнай прасторы — пастаянна ўключалася ў нацыянальны тэлемарафон.

    Аляксандра Навасел: Насамрэч мне было бліжэй да метро з усёй нашай рэдакцыі. А гэта не толькі ўкрыццё, але і месца, дзе можна працаваць. Там дакладна ёсць сувязь, ёсць людзі, разуменне таго, што адбываецца…

    — Наколькі там было камфортна знаходзіцца, а тым больш працаваць з улікам колькасці людзей?

    Аляксандра: Вядома, некамфортна. Але на той момант было яшчэ няшмат людзей: першыя, хто прыходзіў браць ваду, людзі з малымі дзецьмі. Многія яшчэ ішлі на працу па інерцыі. Трошку пазней ужо пачалі выцягваць нейкія лавы, каб можна было сядзець, выстаўляць фантанчыкі з вадой для піцця. У той момант не задумваліся камфортна ці не, проста працавалі, чулі, што паўсюль нешта прылятае.

    «Найнадзейнейшая абарона — увогуле не дазваляць супрацоўнікам выходзіць з укрыццяў»

    — Распавядзіце пра бяспеку, абарону журналістаў. Ці карысталіся вы напрацоўкамі з часоў працы ў АТА, ці настолькі ўсё было па-іншаму, што давялося пераглядаць цалкам падыход да бяспекі? Пры тым не ўсе ж людзі ў вашай камандзе працавалі дагэтуль у гарачых кропках…

    Слава: З каманды да ўварвання працавалі ва ўмовах баявых дзеянняў толькі я (быў ваенкорам у 14–15 гадах) і Аляксандра. То-бок у нас было ўяўленне, якой можа быць акопная вайна — тое, што мы бачылі тады. Але ніхто з нас не працаваў і нават не ўяўляў, як увогуле трэба працаваць, калі ўвесь горад пастаянна знаходзіцца пад авіяналётамі, калі ўвесь час скідаюць авіябомбы, калі сістэмы залпавага агню б’юць па жылых кварталах.

    Мы дакладна разумелі: жыццё кожнага чальца каманды — найкаштоўнейшае, што ў нас ёсць.

    Найперш мы вызначылі для сябе: аніводны матэрыял, аніводны кадр і радок не могуць каштаваць жыцця або здароўя чальцоў нашае каманды.

    Таму бяспека была перад усім. Першыя месяцы нават даводзілася стрымліваць журналістаў ад лішняй рызыкі: больш быць ва ўкрыццях, перайсці на дыстанцыйную працу, пісаць інтэрв’ю праз інтэрнэт, своечасова выехаць, калі ёсць рызыка моцнага абстрэлу.

    Мы здолелі падлічыць плюс-мінус бяспечны час пасля абстрэлаў. Бо расіяне білі хвалямі: білі па нейкім аб’екце, перазараджаліся і, калі туды прыязджалі паліцыя, ратавальнікі, медыкі, журналісты, рабілі паўторныя залпы. Мы падлічылі ў залежнасці ад тыпу зброі, калі можа быць другая хваля, а часам бывала і трэцяя. Выбудоўвалі працу, каб журналісты маглі або «праскочыць» паміж гэтымі абстрэламі, або, каб яны ўвогуле не ехалі на месца абстрэлаў, пакуль не міне пагроза.

    У першы час у нас не было сродкаў абароны: бронікаў, касак. У мяне з 14-га года засталіся дзве бронекамізэлькі. Насамрэч гэта вулічныя гарадскія бронекамізэлькі, яны могуць вытрымаць максімум кулю ад пісталета, магчыма, затрымаць кулю ад аўтамата. Але не ведаю, як бы яны адрэагавалі на аскепкі снарадаў. Імі карысталіся нашыя палявыя карэспандэнты, але хутчэй для маральнага спакою. Найнадзейнейшая абарона — увогуле не дазваляць супрацоўнікам выходзіць з укрыццяў.

    Каб людзі сябе не падвяргалі небяспецы ў побытавых пытаннях, пэўны час мы з Аляксандрай развозілі на машыне прадукты нашым карэспандэнтам і іх сем’ям. Гэта працягвалася каля паўтара месяца.

    Аляксандра: Трэба таксама сказаць, што ў Харкаве з’явіўся прадуктовы крызіс: былі перакрытыя ўсе шляхі, апроч выезду на Кіеў, разбітыя многія склады. А Харкаў — вялікі лагістычны цэнтр, тут месціліся асноўныя склады ўсходу Украіны. Вось яны пацярпелі першымі, што выклікала праблемы з забеспячэннем, узніклі чэргі. А па чэргах білі, таксама вялікая небяспека. Разам з тым было шмат валанцёраў, прывозілі ўсё неабходнае з іншых рэгіёнаў, гэта трэба было размяркоўваць.

    «Тое, што зараз робяць з нашымі людзьмі, — гэта не Данбас, гэта нашмат страшней»

    — Што наконт маральнай, эмацыйнай бяспекі? Па-першае, праца ў такіх умовах сама па сабе складаная ў гэтым сэнсе, а па-другое, пазней выкрыліся шматлікія гісторыі з катаваннямі, масавымі забойствамі. Як працаваць з такімі тэмамі, каб трымаць сябе ў норме?

    Аляксандра: Усім нашым карэспандэнтам адразу сказалі: «Калі вы адчуваеце, што не гатовыя, то лепей не пісаць, абмінуць гэтыя тэмы». Самыя першыя гісторыі адпрацоўвалі мы са Славам. Я сама мела досвед з вайны на Данбасе, прыкладна ведала і разумела, што будзе. Але мне толькі так здавалася: тое, што я пачула — зусім іншае і больш жахлівае. Нават, калі я асвятляла гісторыі палонных на Данбасе, адсочвала іхныя лёсы.

    Тое, што зараз робяць з нашымі людзьмі, — гэта не Данбас, гэта нашмат страшней. Людзі, якія эмацыйна вельмі эмпатычныя, ім адразу раім не браць такія тэмы.

    Да таго ж мы працавалі з псіхолагамі, кансультаваліся з імі. Гэта спецыялісты, якія дапамагаюць паліцэйскім у тым ліку. Яны нам давалі простыя метады і парады па захаванні эмацыйнага стану.

    Таксама мы адпраўляем нашых карэспандэнтаў, якія пастаянна працуюць у Харкаве, выехаць адсюль адпачыць. Так было ў красавіку, калі горад найбольш моцна і сістэматычна абстрэльвалі: мы адправілі проста ўсіх, хто працаваў у полі, застаўшыся тут удвох. Было відавочна, што людзі, якія амаль два месяцы практычна не выходзяць з‑пад зямлі, проста не вытрымліваюць псіхалагічна. Гэта не быў нейкі неаплатны адпачынак. Яны або працавалі дыстанцыйна ў бяспечных рэгіёнах, або бралі звычайны адпачынак, каб прыйсці ў норму і працягнуць працу.

    — Вам самім удалося за гэты час выехаць адпачыць?

    Аляксандра: Не. Але мы і не патрабуем такога пакуль. Ездзілі ў камандзіроўкі на пару дзён.

    Слава: Вельмі ціснула неабходнасць быць ва ўкрыццях. Гэта былі часам вельмі неспадзяваныя месцы. Вось Саша жыла фактычна ў метро. Я 80 дзён знаходзіўся ў склепе свайго будынка сярод закатак. Глыбіня тры метры, бетонныя сцены. У першы час там было каля 18 чалавек, спалі ў тры змены, каб умясціцца.

    Нехта з калег спусціўся проста ў найбліжэйшы бар у адным з раёнаў горада, бо гэты бар знаходзіўся ў падвальным памяшканні. Так і застаўся жыць у тым бары на 50 дзён.

    Што дапамагала трымацца, дык гэта адсутнасць панікі. Я ганаруся нашай камандай: не было аніводнага чалавека, хто б разгубіўся, забіўся ў куток, знік з радараў. Магчыма, менавіта наша праца была тым якарам, што дапамагаў утрымацца. Калі ты разумееш сваю місію, што ты робіш нешта карыснае і важнае для сваёй сям’і, горада, краіны — адчуваеш сябе датычным да гэтай непахіснай сцяны, якая стрымлівае варожы націск. Мабілізацыя была і застаецца максімальнай.

    Слава Маўрычаў 6 чэрвеня 2022 года быў узнагароджаны ордэнам «За заслугі» за «высокі прафесіяналізм, абарону дэмакратычных ідэалаў і свабоды слова»

    Першыя месяцы ў нас было вельмі шмат сэрвіснай інфармацыі: публікавалі адрасы выдачы гуманітарнай дапамогі, увесь час сачылі за камунікацыямі, газам, святлом, дзе яны зніклі, калі змогуць быць адноўленыя, публікавалі кантакты валанцёраў, арганізацый. Тут таксама важна было правяраць інфармацыю. Тых жа валанцёраў усіх верыфікавалі, каб не падставіць людзей.

    Адчувалі і аддачу: у тым жа тэлеграме колькасць падпісантаў узрасла з 2 тысяч да 110 тысяч за лічаныя тыдні. Гэта вельмі падтрымлівала.

    «Расійскі карабель у эфіры мы нікуды не пасылалі»

    — Хачу спытаць пра баланс між журналістам і грамадзянінам: наколькі ўдаецца яго вытрымліваць? Бо нават на ўзроўні лексікі часам хочацца каментаваць словамі, якія не дапускае журналісцкая этыка…

    Аляксандра:  Нам пашанцавала, што працуем на «Суспільном» — і раней мелі жорсткія стандарты адносна ацэначных меркаванняў, мы не выкарыстоўваем прыметнікі. Расійскі карабель у эфіры мы нікуды не пасылалі.

    У першыя месяцы настолькі яскравая гісторыя была пра чорнае і белае, што зусім не трэба было нічога дадаваць, каб паказаць, хто тут вінаваты. Гэта было і ёсць настолькі жорстка, што цяжка неяк перабольшыць. Здаецца, наадварот, запісваючы інтэрв’ю з ахвярамі акупантаў, думаеш, як гэта ўвогуле прапускаць у эфір. У Бучы не трэба было апісваць нічога — проста сфатаграфаваць тую вуліцу, і ўсё станавілася зразумела. У Ізюме масавыя пахаванні былі зразумелыя без слоў. Я там працавала амаль тыдзень, і мне не трэба было нечага дапісваць, тлумачыць, каб людзі зразумелі, наколькі гэта жорсткая вайна. Гэта той выпадак, калі ты журналіст і грамадзянін.

    Слава: Тут важна разумець, што «Суспільне», праз што я сюды і прыйшоў, мае місію, дзе першым пунктам прапісана «абараняць свабоды ва Украіне». Проста аператыўна і дакладна ілюструючы тое, што адбываецца, мы абараняем гэтыя свабоды. Уласныя ацэнкі тут не патрэбныя — усё робяць кадры і факты.

    Журналісцкую працу мы робім выключна ў межах стандартаў: без аніякіх заклікаў. Але гэта адначасова і прафесійная, і грамадзянская праца, я ўпэўнены.

    «Адна з нашых рэдактарак мела спіс і ведала, што мама альбо загінула, альбо ў палоне. Але ж не мела права пра гэта сказаць»

    — Распавядзіце, калі ласка, пра супрацу з вайскоўцамі, з мясцовай адміністрацыяй. Бываюць жа выпадкі, калі журналіст можа нашкодзіць, існуюць пэўныя абмежаванні, асабліва ў першы час гэта найбольш адчувалася. Наколькі вы абмяжоўвалі самі сябе, і наколькі гэта рабілі афіцыйныя структуры?

    Аляксандра: Тут грае важную ролю тое, што мы мясцовыя журналісты. Адна справа, калі праязджае замежны журналіст ці супрацоўнік з іншага рэгіёна, які недакладна разумее кантэкст, не вельмі добра арыентуецца на месцы. Іншая ж, калі чалавек працуе шмат гадоў тут і ведае літаральна кожны завулак.

    Я больш працавала з медыкамі, людзьмі, мясцовай адміністрацыяй. Насамрэч у Харкаве былі і застаюцца вельмі закрытымі органы ўлады. Упершыню я адчула пэўнае разняволенне акурат на пачатку поўнамаштабнай вайны. Напрыклад, 24 лютага мне тэлефанавалі з гарадской рады, прасілі распаўсюдзіць інфармацыю пра тое, што закрываюцца дзіцячыя садкі і школы, пра месцы сховішчаў і г. д. Мяне асабіста ведалі ва многіх афіцыйных установах, яны разумелі, што я сумленны журналіст, і актыўна ішлі на супрацу, тлумачылі абстаноўку.

    Так працягвалася недзе тыдзень. Потым вярнуўся бюракратызм: з’явіліся правілы працы са СМІ, увялі акрэдытацыю.

    Вядома, важным застаецца пытанне крытычнай інфраструктуры і бяспекі горада. Напрыклад, я працую ў лякарнях, дзе прымаюць параненых, там вельмі абмежаваны ўваход — нават журналісты павінны працаваць у суправаджэнні супрацоўнікаў. Нельга пазначаць прозвішчы лекараў, нельга пазначаць адрас і месцазнаходжанне. Калі ты мясцовы журналіст, то разумееш, дзе знаходзіцца нешта з той жа крытычнай інфраструктуры ці вайсковы аб’ект — ты проста не бярэш гэта ў кадр. Калі ты не ведаеш, то можаш выпадкова нашкодзіць.

    Слава: Так, сапраўды, першыя тыдні службоўцы былі адкрытымі як ніколі. Мы звыкліся, што ўсе службы вельмі неактыўна ідуць на кантакт, пераводзяць усё ў фармальную плоскасць, патрабуюць афіцыйны запыт. З пачаткам вайны прыйшла максімальная шчырасць і адкрытасць праз разуменне, што мы ўсе робім агульную справу. Гэта дало магчымасць своечасова праінфармаваць людзей, і, магчыма, уратаваць жыцці.

    Цікавая гісторыя атрымалася з паветранымі трывогамі. Справа ў тым, што першы час у Харкаве ўвогуле не гучалі сірэны. Нібыта выбухі, альбо нават дыверсійныя групы ворага, пашкодзілі сістэмы апавяшчэння. Мы наладзілі такую сістэму, што чалавек, які адказваў за абвяшчэнне паветранай трывогі ў рэгіёне, кругласутачна тэлефанаваў мне і тэрмінова паведамляў пра кожны вылет у бок Харкава — я за 15 секунд выстаўляў паведамленне ў тэлеграме са спасылкай на дэпартамент грамадскай абароны.

    Нават у такім пытанні важна спасылацца на крыніцу, мы гэта і рабілі.

    Імгненна гэта звестка разляталася па іншых каналах — людзі былі апавешчаныя, горад разумеў, калі ёсць небяспека. Гэта добры прыклад плённай супрацы СМІ з афіцыйнымі структурамі.

    Калі я адыходзіў на некалькі гадзін паспаць, перадаваў свой тэлефон Аляксандры, каб не папусціць паведамленне і спрацаваць своечасова.

    Аляксандра: Так, пасля некалькіх дзён бесперапыннага дзяжурства я проста гвалтоўна адпраўляла Славу спаць, брала на сябе яго задачы. Да таго ж укрыцці былі перагружаныя праз колькасць людзей, што выклікала праблемы з сувяззю. Трэба было пастаянна знаходзіцца ў тых кропках, дзе дакладна быў сігнал, і не адыходзіць ад іх. Гэта была літаральна варта: адзін спіць, іншы працуе, потым мяняемся.

    Таксама да нас звярталіся людзі, якія шукалі сваіх сваякоў. Быў цяжкі эмацыйна момант: расстралялі аўтобус каля сяла Волахаў Яр непадалёк ад Ізюма. Расіяне адкрылі агонь па аўтобусе, які эвакуяваў людзей, потым не прапускалі хуткую, шмат людзей загінула. Галоўны лекар, які добра нас ведаў, падзяліўся інфармацыяй адносна ахвяр і пацярпелых, але гэтага нельга было публікаваць. Праз пару гадзін пачалі прыходзіць дзясяткамі паведамленні ў розных сетках кшталту «Я шукаю сваю маму, ці была яна ў аўтобусе?». Адна з нашых рэдактарак мела спіс і ведала, што мама альбо загінула, альбо ў палоне. Але ж не мела права пра гэта сказаць, адзінае, што яна магла зрабіць — даць нумар таго аддзялення паліцыі, якое гэтым займалася. Гэта вельмі цяжкія моманты.

    І зараз, калі едзем на дэакупаваныя тэрыторыі, там падыходзяць людзі, даюць нумары сваякоў і просяць паведаміць іх блізкім, з якімі не мелі сувязі па тры-чатыры месяцы, што яны жывыя. І я вяртаюся дзесьці а дзясятай увечары, бяру гэтыя спісы, пачынаю званіць людзям і казаць, што іх родныя жывыя.

    Цяперашняя гісторыя, як у казках, калі яўнае зло аб’ядноўвае людзей, якія раней адно аднаго на дух не пераносілі. Напрыклад, паліцэйскія і журналісты. Калі ў Харкаве была вялікая каменданцкая гадзіна, мы ездзілі адсочваць, як людзі яе датрымліваюцца, бо маем дазвол на працу ў такі час. Мяне сустрэла паліцыя, і яны сказалі: «Давай з табой паходзім, бо раптам абстрэл пачнецца, дык падвязем». Да таго ж Украіна — не Расія: тут ніхто ніколі не баяўся паліцэйскіх. Паліцыя разумее, што, калі яны пачынаюць злоўжываць абавязкамі, ёсць рызыка, што людзі проста з віламі іх вынесуць.

    Пытанне адносна свабодаў вельмі добра ілюструецца наступным фактам: нягледзячы на вайну, нягледзячы на змену фарматаў, ва Украіне не спынілі працу журналісты-расследвальнікі. Калі былі зафіксаваныя факты злоўжывання з боку нашых сілавых структур ужо падчас вайны, гэта публікавалася і распаўсюджвалася. Праца не спыняецца. Антыкарупцыйныя цэнтры таксама манітораць і закупкі, працу службоўцаў.

    Слава: Вы маеце рацыю, што праца ў ваенны час накладае безліч абмежаванняў. Мы іх разумеем. У «Суспільного» ёсць і расследавальная група, якую ўзначальвае Іна Бялецкая. Яны займаюцца менавіта паўнавартасным дэталёвым аднаўленнем злачынстваў. Канкрэтныя факты, час, месцы, прозвішчы і загінулых, і катаў. Мы, навіннікі, не столькі разгортваем гісторыю цалкам, колькі фіксуем у моманце і даносім да людзей сведчанні. У той жа час усе нашыя матэрыялы, дзе ёсць пашкоджаныя будынкі, гісторыі пацярпелых, дасылаюцца ў галоўную рэдакцыю і падаюцца следчым органам, каб яны маглі таксама карыстацца гэтымі звесткамі.

    «Тэлевізійныя патрабаванні, якія гадамі выбудоўваліся, уся гэтая мішура — аказаліся непатрэбнымі»

    — Ці адчуваеце вы карэнныя змены ва ўкраінскай журналістыцы, якія застануцца і па заканчэнні вайны?

    Аляксандра: Змянілася ўспрыняцце, журналістыка стала больш мабільнай. То-бок зараз не настолькі важная якасць карцінкі і афармлення: цяпер аператыўнасць і дакладнасць сталі вышэй за прыгажосць. Людзі працуюць так, як могуць, гэта адчуваецца.
    Як пачалося ўварванне, першы час мы працавалі з мабільнымі тэлефонамі замест камер, выходзілі ў эфіры не з прыгожага і асветленага месца, а з бяспечнага — карцінка была, вядома, менш якаснай. Супрацоўнічалі з «Белсатам» таксама, з іншымі каналамі.

    Цяпер не праблема, калі няма белай сцяны на фоне — можам уключацца з дома, з кухні. Тыя тэлевізійныя патрабаванні, якія гадамі выбудоўваліся, уся гэтая мішура — аказаліся непатрэбнымі.

    Мяне маці першы месяц «троліла» і казала: «Калі ты нарэшце нафарбуешся перад эфірам?». А я адказвала, што жыву ў падвале, што зараз не да касметыкі. Людзі ў эфіры сталі проста людзьмі. Але іх глядзяць, слухаюць.

    Думаю, гэта бліжэй да заходняй мадэлі, калі тэлебачанне — гэта не савецкая тэлестудыя з дыктарам і фонам, а бягучае жыццё. Цяпер усё працуе пад лічбавыя тэхналогіі, цяпер часцей з YouTube транслюецца на тэлебачанне, а не наадварот.

    Слава: Мне здаецца, што за апошнія месяцы ў журналістыцы зніклі гультаі, выпадковыя людзі. Шмат хто ўспрымаў журналістыку, як багемную прафесію, якая занадта рамантызавалася, у некаторых было шмат нарцысізму.

    Вайна проста здзьмула гэтых сапраўды лішніх людзей, выкінула з рынку. Засталіся тыя, хто цвёрда ведае, што журналістыка — гэта рамяство. Ніякай рамантыкі, багемнага флёру.

    Другі момант: засталіся тыя, хто можа быць эфектыўным, хто не залежыць ад прынятых шаблонаў. Калі няма камеры, трэба карыстацца тэлефонам. Няма тэлевізійнага сігналу — ёсць інтэрнэт-сетка. Варта ўмець падстройвацца пад сітуацыю.

    Трэцяе: хоць і ў нас не было прапаганды як такой, былі пэўныя матэрыялы і выданні, што намагаліся прыкрасіць рэчаіснасць. Сёння такое не праходзіць — людзі адчуваюць фальш адразу.

    Раней на рынку было даволі шмат СМІ, якія проста адпрацоўвалі грошы, часам расійскія. Гледачы ж не разбіраліся ў фінансаванні ці выкананні стандартаў, балансе думак. Гэта справакавала недавер да нашай прафесіі. Цяпер журналістыка карысная людзям: праінфармаваны чалавек можа больш эфектыўна сябе абараніць.

    Аляксандра: Так, змянілася павага да прафесіі журналіста. Раней яе не было. Ты казаў, што ты журналіст, а людзі перапытвалі: «Блогер?». Усе медыя ўспрымаліся ў большасці з недаверам, часам з нейкай агідай. Цяпер не так. Да таго ж расце попыт на прафесію, больш студэнтаў абірае журфак. Цяпер заставацца ў журналістыцы — гонар.

    «Рынак змяніўся і, я ўпэўнены, будзе змяняцца надалей»

    — Што тычыцца заробку журналістаў: многія калегі ва Украіне кажуць, што іх матэрыяльны стан пагоршыўся. Як, на вашу думку, цяпер абстаяць справы?

    Аляксандра: Мяркую, матэрыяльны стан журналістаў, як і ўсіх людзей ва Украіне, пагоршыўся праз шалёную інфляцыю. Асабліва ў прыфрантавых рэгіёнах. Я ў цэлым не змяніла свой прадуктовы кошык: той самы набор, што ўкладаўся ў 350 грыўняў, зараз будзе ў раёне 800–900. Гэта закранае ўсіх, чый прыбытак не прывязаны да долара. Але ж заробак атрымліваем.

    Слава: Калі казаць пра лакальны медыярынак, то большасць СМІ фінансавалася ці палітыкамі, ці бізнес-структурамі. З пачаткам вайны гэтае фінансаванне ў абсалютнай большасці выпадкаў прыпынілася, многія наўпрост страцілі працу. Цалкам знік рынак камерцыйнай рэкламы. Тыя, хто намагаўся існаваць на камерцыйнай аснове, таксама аказаліся ў вельмі цяжкім становішчы. Засталіся гранты, прамыя данаты.

    У параўнанні з многімі нашымі калегамі «Суспільне» аказалася больш абароненым фінансава, бо мы фінансуемся з падаткаў грамадзян, з бюджэту. Так, важна, што мы не дзяржаўнае медыя, а менавіта грамадскае. Мы існуем за грошы падаткаплацельшчыкаў і працуем менавіта для іх, а не для службоўцаў. «Суспільне» не абслугоўвае ўладу, наша інфармацыйная палітыка вызначаецца выключна рэдакцыяй.

    Да вайны нашы заробкі былі ніжэйшымі за сярэднія на рынку: мы атрымлівалі меней, часам значна меней, чым калегі. Людзі, што тут працавалі, часцей за ўсё кіраваліся ідэяй. Зараз мы, як і абсалютна кожны грамадзянін Украіны, страцілі шмат праз вайну: траціна ВУП наўпрост знішчана, гэта адчуваецца скрозь.

    Рынак змяніўся і, я ўпэўнены, будзе змяняцца надалей. Некаторыя буйныя платформы ў заняпадзе, цэлыя холдынгі на мяжы закрыцця. Хачу верыць, што рынак ачысціцца, застанецца найбольш якасны прадукт. Насамрэч, сама краіна ўжо іншая, мы нават не ўсведамляем пакуль узровень гэтых фундаментальных перамен ва ўсіх сферах.

    Аляксандра: У мяне ёсць адчуванне, што цалкам верагодны сцэнар, які быў у Амерыцы і ў Брытаніі пасля Другой сусветнай вайны. Калі асноўнымі гульцамі на рынку становяцца не вялікія холдынгі, а сярэдні бізнес. Калі зараз паслухаць валанцёраў і грамадскі сектар: асноўныя данаты ўжо ідуць менавіта ад сярэдняга і малога бізнесу з абслугоўваючай сферы і ІТ. Гэта будучыя рэкламадаўцы, якім не будзе цікава абслугоўваць палітычныя інтарэсы. Гэты фактар мае карэнным чынам паўплываць і на медыярынак. Вялікая прамысловасць цяпер знішчана, гэтую нішу зойме сярэдні клас, хутчэй за ўсё.

    «Вайна паказала, што стаўка на дзіджытал была слушнай»

    — Калі казаць пра фармат, вы зазначылі ўплыў таго ж YouTube на тэлебачанне. Увогуле, калі паглядзець па розных платформах, дзе зараз найбольшы прырост аўдыторыі, што цяпер здаецца больш перспектыўным?

    Слава: Мы распрацоўваем тактычныя планы, робім стратэгічныя стаўкі на розныя платформы. У сваёй харкаўскай рэдакцыі мы зрабілі асноўную стаўку на Тэлеграм, на стужку навін на сайце і на YouTube. І паўсюль назіраем актыўны рост: Тэлеграм болей, чым у 50 разоў, YouTube — у 10 разоў. Гэта не значыць, што мы не займаемся іншымі сеткамі: маем Insta­gram, Viber, Face­book. Кожная з гэтых платформаў зручная розным групам карыстальнікаў. Наш абавязак перад чытачамі — быць паўсюль, дзе ім зручна.

    — Ці ёсць розніца ў падыходзе да працы на розных платформах?

    Слава: Вядома. Многія калегі працягваюць успрымаць той жа YouTube як сховішча тэлевізійнага кантэнту, нібы лічбавы архіў. Насамрэч Youtube працуе інакш. Культура спажывання відэа на гэтай платформе адрозніваецца ад тэлебачання, таму недальнабачна проста перавыкладаць перадачы на сайт. Мы гэта ўлічваем.

    Я не буду раскрываць усе нашы «фішкі», але скажу, што маем формулу «дзіджытал фёст»: праца з лічбавымі платформамі ў нас у прыярытэце. Гледачу не трэба чакаць 19 гадзіны, калі па тэлевізары пакажуць навіны, ён спажывае навіны, калі падзея адбываецца. Гэта не ваенная гісторыя, пачалі так працаваць раней. Проста вайна паказала, што стаўка на дзіджытал была слушнай, што нашы алгарытмы (у якіх спачатку не былі ўпэўненыя) спрацавалі.

    З тэхнічнага: мы не чакаем, пакуль журналіст прыедзе з поля, распіша матэрыял і аддасць яго рэдактару. Журналіст запампоўвае свае медыяфайлы, нататкі ў агульны чат, дзе яго разбіраюць усе лічбавыя платформы і кожная асобна апрацоўвае пад свае патрэбы. Мы не робім адзін матэрыял і для Face­book, і для Viber.

    Для эфіра ствараецца рэпартаж, а паралельна рэдактары мантуюць больш атмасферную, глыбокую YouTube-версію. Часта робім матэрыялы без закадравых уставак, пабудаваныя выключна на карцінцы і простай мове герояў. Гэты фармат застаецца вельмі зразумелым і дарэчным на тэлебачанні — нашыя рэпартажы калегі бралі  для трансляцыі ў агульным нацыянальным тэлемарафоне.

    «Пазітыў у тым, што кожны ўкраінец цяпер герой»

    — На фоне бесперапынных жахлівых падзей што вам запомнілася з пазітыўнага досведу падчас працы апошняга часу?

    Аляксандра:  Гэта нашы людзі! Настолькі моцным аказаўся наш украінскі супраціў на ўсіх узроўнях, што большага пазітыву, мне здаецца, больш няма. У нас сапраўды вялізная краіна, з рознымі поглядамі, краіна, дзе суседзі могуць пабіцца за мяжу на гародзе. Але ў момант, калі зайшоў вораг, аб’ядналіся абсалютна ўсе, гэта ўражвае па сёння.

    Я працавала разам з сябрамі, у якіх ёсць свая невялічкая ўстанова, дзе ў склепе размешчана сховішча. Уласнік, які меў кватэру ў іншым горадзе, стабільную працу з прыбыткам, паехаў менавіта туды, каб адчыніць сховішча і дапамагаць людзям. За свае грошы зрабіў рамонт, пусціў усіх, хто меў патрэбу. Гэта толькі адзін прыклад, а іх мільёны. Кожны раз уражвае.

    Гэты феномен сапраўды легендарны. Супраціў праяўляецца штодзённа. Гэта надае сіл працаваць і жыць далей.

    Слава: Пазітыў не ў тым, што ты зняў нейкага класнага героя. Пазітыў у тым, што кожны ўкраінец цяпер герой. Любы чалавек, якога сустракаеш у сваёй будзённай працы, зараджае энергіяй і ўпэўненасцю. Калі раней у нашым Харкаве некаторыя адчувалі сябе правінцыяй, цяпер мы — неад’емная частка ўкраінскай нацыі.

    Дастаткова запытаць у любога мінака, ці ўпэўнены ён у нашай перамозе, — вось і зарад пазітыву.

    Украіна стане прыкладам і сімвалам. Відавочна, ёсць нацыі і народы, якім давядзецца прайсці наш шлях, адчуць, што яны вартыя самастойна вырашаць свой лёс.

    Фота: Алесь Мінаў і з асабістага архіву герояў.

    Чытайце яшчэ:

    Как уехавшим из Беларуси получить в Литве новый паспорт? Собрали пошаговую инструкцию

    Тры беларускі запусцілі ток-шоу «Трэба пагаварыць»

    У Гаазе судзяць заснавальніка «Радыё тысячы пагоркаў», якое заклікала да генацыду ў Руандзе

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці