За параўнанне Лукашэнкі з д’яблам гутарку Мелказёрава з ксяндзом Барком прызналі “экстрэмісцкай”
Выпуск гутаркі журналіста Мікіты Мелказёрава на YouTube-канале “Жизнь-малина” з ксяндзом Вячаславам Барком прызнаны “экстрэмісцкім матэрыялам”.
Як паведамляецца на сайце Міністэрства інфармацыі, якому даручана функцыя “агрэгатара” забароненай да выкарыстання інфармацыйнай прадукцыі, адпаведнае рашэнне прыняў 14 кастрычніка суд Расонскага раёна – на яго тэрыторыі да ад’езду з Беларусі кіраваў парафіяй каталіцкі святар.
Удакладняецца, што падставай для судовага рашэння стаў відэаролік пад назвай “Ксёндз Барок – пра Лукашэнку і д’ябла, папу Рымскага і пакаянне, свабоду і смерць”, апублікаваны журналістам на канале 22 студзеня 2022 года. Той выпуск паглядзелі больш за 175 тысяч чалавек, а лейтматывам гучала рытарычнае пытанне: чаму існуе Лукашэнка, калі ёсць Бог?
Варта адзначыць, што сёлета ў красавіку YouTube-канал “Жизнь-малина” ўжо атрымаў статус “экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Тады рашэнне агучыў суд Цэнтральнага раёна Мінска. Аднак выглядае, што кантрольныя ведамствы працягваюць вычляняць асобныя праграмы ды перасуджваць.
Мікіта Мелказёраў пачынаў футбольным аглядальнікам спартыўнага рэсурса Goals.by (пазней “Трибуна”), затым працаваў на партале Onliner.by. Летась запусціў аўтарскі праект “Жизнь-малина”, які хутка набраў папулярнасць.
Пасля затрымання свайго калегі і сябра Аляксандра Івуліна вырашыў не выпрабоўваць лёс і з’ехаў з Беларусі, працягнуўшы займацца сваім YouTube-каналам. Ягонымі гасцямі сталі многія вядомыя асобы, якія гэтаксама вымушана пакінулі краіну: Святлана Ціханоўская, Сяргей Чалы, Вадзім Пракоп’еў, Аляксандр Кныровіч, Андрэй Стрыжак, Лявон Вольскі, Маргарыта Ляўчук, Кірыл Валошын ды іншыя.
Ксёндз з Расонаў Вячаслаў Барок выехаў з Беларусі летам 2021 года на хвалі антыкаталіцкіх заяваў кіраўніцтва краіны. Ён таксама вядзе ўласны YouTube-канал і не хавае сваіх поглядаў на падзеі ў дзяржаве. Вынікам стала цікавасць з боку ўладаў.
Спачатку яго выклікалі на размову ў Следчы камітэт, дзе задавалі пытанні пра кантэнт філасофскіх маналогаў. Затым, напрыканцы 2021-га, пакаралі 10-цю суткамі арышту за апублікаваную антыфашысцкую карыкатуру. Нарэшце пачалі рыхтаваць новую адміністрацыйную справу за фота дзяцей з нацыянальнай сімволікай. Праз гэта і непрыхаваныя пагрозы каталікам з боку Аляксандра Лукашэнкі ён вырашыў працягваць дзейнасць за межамі Беларусі. На перакананне ксяндза, пераслед грунтуецца толькі на тым, што ён дае маральную ацэнку дзеянням рэжыму.
Чытайце яшчэ:
Час перазапускаў: новыя назвы, але вядомыя каманды. Як змянілася медыяполе Беларусі пасля 2020-га
Істэрыку і мову варожасці прапагандыстаў кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі называе “аўтарскай журналістыкай”
У Беларусі заблакаваны сайт Праваабарончай ініцыятывы «Журналісты за талерантнасць»