За кратамі памёр Ігар Леднік — публіцыст і грамадскі актывіст, зняволены па абвінавачанні за «паклёп на прэзідэнта»
Прычынай смерці Ігара Ледніка стала спыненне сэрца. Як паведаміла Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя, медыкі спрабавалі рэаніміраваць палітвязня, аднак беспаспяхова.
Грамадскі актывіст і публіцыст з Барысава Ігар Леднік быў асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў «паклёпе на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» (арт. 367 КК). Падставай для пераследу стала публікацыя «Мiжнародна прызнаны нейтралiтэт Беларусi — гарантыя бяспекi у рэгiёне АБСЕ».
Пракуратура палічыла, што ў гэтым тэксце ўтрымліваліся «свядома ілжывыя, ганебныя і зневажальныя для гонару і годнасці Лукашэнкі звесткі, злучаныя з абвінавачаннем яго ў асабліва цяжкіх злачынствах, у тым ліку супраць бяспекі чалавецтва». За краты Ігар Леднік трапіў у 60-гадовым узросце і з вялікімі праблемамі са здароўем. У лепшы свет ён сышоў на 64‑м годзе жыцця.
Ігар Леднік меў інваліднасць 2‑й групы праз праблемы з сэрцам.
У чэрвені 2022 года, калі актывіст ужо быў за кратамі, ягоная адвакатка паведаміла, што стан здароўя падабароннага пагоршыўся, і ён знаходзіцца ў медчастцы следчага ізалятара ў ляжачым стане. У ліпені таго года стала вядома, што Ледніку зрабілі аперацыю на страўнікава-кішачным тракце. Як сведчылі відавочцы, падчас судовага працэсу абвінавачаны выглядаў знясіленым, бо праз хваробу мусіў трымаць жорсткую дыету. Але нават у такім стане ён не прызнаваў сваёй віны.
6 верасня 2022 гогда Суддзя Ленінскага раёна Мінска Таццяна Шоцік прысудзіла Ігару Ледніку роўна такое пакаранне, як прапанавала пракуратура — тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Пасля безвыніковай спробы абскардзіць прысуд актывіста перавялі ў магілёўскую калонію № 15.
Ігара Ледніка затрымалі 18 красавіка 2022 года. Спярша яго асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за нібыта непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, аднак пасля адбыцця тэрміну на волю актывіст так і не выйшаў, пазней паплечнікі знайшлі яго ў Следчай турме № 8 Жодзіна.
Прычынай, па якой супраць актывіста распачалі крымінальную справу, стаў артыкул у партыйным часопісе БСДП «Пазіцыя». Потым аўтар прадубляваў публікацыю ў сваіх сацыяльных сетках. Пазней суд Барысаўскага раёна прызнаў змест Facebook-старонкі Ігара Ледніка «экстрэмісцкім матэрыялам», запатрабаваўшы «знішчыць інфармацыйную прадукцыю».
12 траўня 2022 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Ігара Ледніка палітычным вязнем.
Упершыню за краты актывіст трапіў яшчэ напрыканцы 1990‑х, у СІЗА Жодзіна трымаў 17-дзённую галадоўку на знак пратэсту супраць парушэння сваіх правоў. Пасля яго таксама неаднаразова затрымлівалі за грамадска-палітычную пазіцыю.
Ігар Леднік нарадзіўся 12 снежня 1960 года ў Мінску. Атрымаў вышэйшую тэхнічную адукацыю, на пачатку 1990‑х быў заснавальнікам і кіраўніком камерцыйных прадпрыемстваў «Ясон» і «Ліма». Ён адным з першых у Беларусі стаў абаронцам правоў прадпрымальнікаў, быў ініцыятарам стварэння Каардынацыйнай рады ІП і каардынатар яе праваабарончага руху пад назвай «Наша Беларусь», намеснікам дырэктара «Цэнтра абароны правоў уласнасці, кіраўнікоў і прадпрымальнікаў». Далучыўся і да партыйнага руху — стаў сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, пачаў друкавацца з публіцыстычнымі артыкуламі ў Беларусі і за мяжой.
Пра смерць свайго сябра ў зняволенні 20 лютага 2024 года паведаміла Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада). Ігар Леднік памёр ў лякарні ў Бараўлянах, куды быў планава дастаўлены з Бабруйскай калоніі, дзе адбываў пакаранне.
Чытайце яшчэ:
Применение составов преступлений и правонарушений в области злоупотребления свободы выражения мнений
Былая «чорная зона» са 150 палітвязнямі. Што вядома пра калонію, дзе Ігара Лосіка ўжо год трымаюць без сувязі з роднымі
Рэдактара «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча перавялі ў івацэвіцкую калонію