Актывіста і публіцыста з Барысава Ігара Ледніка пакаралі 3 гадамі зняволення нібыта за “паклёп” на Лукашэнку
Cуд Ленінскага раёна Мінска 6 верасня агучыў вердыкт у крымінальнай справе сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (БСДП) Ігара Ледніка. Суддзя Таццяна Шоцік прысудзіла 60-гадоваму палітвязню, інваліду ІІ групы тры гады зняволення. Аналагічны тэрмін раней запрасіла прадстаўніца пракуратуры.
Працэс над вядомым праваабаронцам, у мінулым паспяховым прадпрымальнікам, аўтарам шматлікіх публікацый на актуальныя грамадска-палітычныя тэмы Ігарам Леднікам пачаўся 2 верасня. Яму інкрымінавалі ч. 2 арт. 367 Крымінальнага кодэкса – “паклёп у дачыненні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.
Як кажуць відавочцы, на судзе абвінавачаны выглядаў надзвычай аслабелым – праз хваробу вымушаны трымаць адмысловую дыету, фактычна спажывае самы мінімум, каб трымацца на нагах. Адказвае на пытанні ціха, віну не прызнае.
Нягледзячы на такі фізічны стан, сістэма паставіла за мэту пасадзіць свайго ідэйнага апанента на рэальны тэрмін.
Ігара Ледніка затрымалі 18 красавіка 2022 года. Яго асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за нібыта “непадпарадкаванне”, аднак пасля адбыцця тэрміну на волю актывіст так і не выйшаў – пазней паплечнікі знайшлі яго ў Следчай турме № 8 Жодзіна.
Згодна з матэрыяламі справы, Ігар Леднік напрыканцы 2020 года падрыхтаваў для публікацыі артыкул пад назвай “Міжнародна прызнаны нейтралітэт Беларусі – гарантыя бяспекі ў рэгіёне АБСЕ”. Спачатку тэкст з’явіўся ў часопісе БСДП «Пазіцыя», а летась у чэрвені быў прадубляваны ў сацыяльных сетках аўтара.
Паводле следства, у артыкуле ўтрымліваліся “загадзя ілжывыя звесткі, якія ганьбяць і зневажаюць гонар ды годнасць Аляксандра Лукашэнкі, злучаныя з абвінавачаннем у асабліва цяжкіх злачынствах, у тым ліку супраць бяспекі чалавецтва”. За што адпаведны артыкул Крымінальнага кодэкса (ч. 2 арт. 367) прадугледжвае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі да 6 гадоў.
Следам суд Барысаўскага раёна прызнаў змест Facebook-старонкі Ігара Ледніка «экстрэмісцкім матэрыялам», запатрабаваўшы “знішчыць інфармацыйную прадукцыю”.
Пры гэтым калегі Ігара Ледніка звяртаюць увагу на важную адметнасць: насамрэч прэтэнзіі абвінавачання высунутыя не ў дачыненні да канкрэтнай асобы, а да “няправільнай інтэрпрэтацыі” фактаў. І гэта ў лепшым выпадку адміністрацыйная спрэчка, а ніяк не крымінальная справа.
Тым не меней 2 верасня на пачатку судовага працэсу ў судзе Ленінскага раёна Мінска абвінавачанне запрасіла для Ігара Ледніка пазбаўлення волі тэрмінам на 3 гады ў калоніі агульнага рэжыму. Праз чатыры дні суддзя Таццяна Шоцік пракурорскае патрабаванне задаволіла ў поўным аб’ёме.
Да таго ж рашэннем суда канфіскацыі на карысць дзяржавы падлягаюць камп’ютар і мабільны тэлефон Ігара Ледніка, а вынятыя падчас ператрусу асобнікі часопіса «Пазіцыя» павінны быць “фізічна ліквідаваныя”.
Паводле аднапартыйцаў, Ігар Леднік – дзясяты сябра БСДП, які на сёння знаходзіцца за кратамі. Ён мае інваліднасць ІІ групы праз праблемы з сэрцам. Ягоная адвакатка пасля сустрэчы з палітвязнем у чэрвені паведаміла, што стан здароўя падабароннага істотна пагоршыўся, у камеры ён страціў прытомнасць і нейкі час заставаўся ў турэмнай санчастцы.
У ліпені актывісту зрабілі аперацыю на страўнікава-кішачным тракце, аднак пры гэтым вязень працягвае скардзіцца на ўнутраныя болі, не можа нармальна харчавацца і перасоўвацца.
Ігар Леднік нарадзіўся 12 снежня 1960 года ў Мінску. Атрымаў вышэйшую тэхнічную адукацыю, на пачатку 1990‑х – заснавальнік і кіраўнік камерцыйных прадпрыемстваў “Ясон” і “Ліма”. Сферы дзейнасці – фінансавы менеджмент на рынку капіталу.
Гэта адзін з першых у краіне абаронцаў правоў прадпрымальнікаў, ініцыятар стварэння Каардынацыйнай рады ІП і каардынатар яе праваабарончага руху пад назвай «Наша Беларусь», намеснік дырэктара “Цэнтра абароны правоў уласнасці, кіраўнікоў і прадпрымальнікаў”.
Калі дзяржава пачала актыўна падмінаць пад сябе бізнес, дзейнасць атрымала палітычны ўхіл. Стаў сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, пачаў друкавацца з публіцыстычнымі артыкуламі ў Беларусі і за мяжой.
Акрамя таго, Ігар Леднік – адказны сакратар Міжнароднага камітэта правазнаўцаў і палітыкаў «За Будапешцкі мемарандум», эксперт у галіне даследавання расійскай агрэсіі на беларускім напрамку, спецыяліст у галіне інстытуцыйных рэформаў. Суаўтар сумеснай Дэкларацыі па лічбавай эканоміцы краін ЕС і Усходняга партнёрства, прадстаўнік Форуму грамадзянскай супольнасці ў групе па гарманізацыі лічбавых рынкаў (HDM Panel) пры Еўракамісіі.
Упершыню Ігар Леднік трапіў за краты яшчэ напрыканцы 1990‑х, у СІЗА Жодзіна трымаў 17-дзённую галадоўку на знак пратэсту супраць парушэння сваіх правоў. Пасля гэтага неаднаразова затрымліваўся за грамадска-палітычную пазіцыю.
Чытайце яшчэ:
Парушэнне аўтарскага права ці непаразуменне? Выстава Free Belarus у Празе выклікала абурэнне фатографаў
Рок адусюль, беларуская мова, бчб на БТ — якімі былі медыя ў 90‑я?
4 верасня 70 гадоў споўнілася б журналісту і паэту Кастусю Севярынцу