У шорт-ліст Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі ўвайшоў намеснік БАЖ Алег Агееў
Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў пазначаны ў шорт-лісце намінацыі «Праваабронца года-2023».
Прэмія беларускай праваабарончай супольнасці ўручаецца штогод за дасягненні ў галіне правоў чалавека: праваабаронцу, журналісту і праваабарончай кампаніі ці ініцыятыве.
Сёлета цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў пройдзе ў Вільні 10 снежня.
Як паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна», разам са спадаром Агеевым на намінацыю «Праваабронца года-2023» вылучаны Павел Левінаў і Наталля Мацкевіч.
У намінацыі «Журналіст(ка) года-2023» фіналіста будуць выбіраць з трох выбітных прадстаўнікоў гэтай прафесіі: Алега Груздзіловіча, Аляксандра Манцэвіча і Дзіяны Пінчук.
У намінацыю «Праваабарончая кампанія/ініцыятыва года-2023» увайшлі Служба эвакуацыі BYSOL, Ініцыятыва «Права на абарону» і Марафон салідарнасці «Нам не ўсё адно».
Сёлета ў Праваабарончай прэміі з’явілася новая намінацыя: «Праваабарончая салідарнасць». Гэтая намінацыя па меркаванні арганізатараў дазволіць уганараваць тых, хто зазнаў пакуты пераследу. У спісе першых фіналістаў лідар аршанскага незалежнага прафсаюзу РЭП Васіль Бераснеў, юрыст Уладзь Лабковіч і грамадская актывістка з Брэста Паліна Шарэнда-Панасюк.
Чытайце яшчэ:
БАЖ і СЖЛ запрашаюць калег на Форум журналісцкіх арганізацыяў краінаў Балтыі і пераследаваных журналістаў — 7 снежня
Бязмежная салідарнасць: гайд па падтрымцы палітвязняў з‑за мяжы
«Турэмныя дзённікі» Вольгі Класкоўскай. Горкая чаша была выпіта не дарэмна