• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Затрыманы журналіст Уладзімір Лапцэвіч аб’явіў галадоўку. Суды пройдуць у пятніцу

    Напярэдадні выбараў у Магілёве пачаўся “наезд” на мясцовых незалежных журналістаў. Увечары 5 жніўня міліцыя затрымала журналіста Аляксандра Буракова (старэйшага).

    Супрацоўнікі ДАІ спынілі аўтамабіль журналіста каля 19.00 на вуліцы Касманаўтаў. Па надуманых падставах Буракова даставілі ў Ленінскі РАУС Магілёва.

    Неабходна адзначыць, што ў 19:00 у студыі інтэрнэт-партала “Магілёўскі рэгіён” быў запланаваны запіс перадачы праваабарончай тэматыкі, прысвечаны прэзідэнцкім выбарам у Беларусі. Весці перадачу павінен быў Аляксандр Буракоў.

    Падтрымаць Буракова да Ленінскага РАУС прыехалі магілёўскія журналісты і праваабаронцы, але ў будынак аддзялення міліцыі іх не прапусцілі, спаслаўшыся на цяжкую эпідэміялагічную сітуацыю.

    У адказ на такія дзеянні міліцыянтаў сябра ГА “БАЖ”, журналіст “Магілёўскага рэгіёна” Уладзімір Лапцэвіч напісаў скаргу ў Кнізе заўваг і прапаноў Ленінскага РАУС.

    Праз пэўны час да Лапцэвіча выйшаў супрацоўнік міліцыі і папрасіў журналіста прайсці з ім у РАУС — нібыта для апытання наконт пакінутай скаргі. Пасля гэтага Уладзімір Лапцэвіч з райддзела так і не выйшаў — ён не здымае слухаўку і не адказвае на паведамленні сваіх калег.

    Раніцай стала вядома, што Лапцэвіча затрымалі і даставілі ў ІЧУ нібыта за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

    Журналістам-фрылансерам Аліне Скрабуновай і Аляксандру Сідарэўскаму, якія таксама чакалі пад Ленінскім РАУС, вынеслі і ўручылі позвы на 6 жніўня на 15:00 у РАУС Кастрычніцкага раёна Магілёва.

    Ноччу 6 жніўня праваабаронца Барыс Бухель паведаміў, што супраць Аляксандра Буракова была здзейсненая правакацыя наўпрост каля будынка РАУС. 

    — Я стаяў каля звычайнага ўваходу ў РАУС, чакаў развіцця падзей. Раптам я пачуў нейкі шум з боку ўязной брамы на паркоўку райаддзела. Спачатку заныла нейкая жанчына, потым пачуў голас Алеся Буракова, які гучна паўтарыў некалькі разоў, што гэта — правакацыя. Я рвануў да іх, але і жанчыну, і Буракова завялі назад у РАУС — падчас правакацыі з ім побач знаходзіліся двое супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным, — распавёў Бухель праваабарончаму парталу mspring.online.

    Як патлумачыў Бухель, верагодна, на Буракова не змаглі нічога скласці ў аддзяленні міліцыі і выглядае на тое, што адважыліся на правакацыю.

    – Яго спецыяльна вывелі не праз звычайны ўваход, а праз паркоўку. Прычым зрабілі гэта тады, калі я застаўся чакаць на вуліцы адзін, мае калегі з’ехалі. Я так зразумеў, яму паспрабуюць навязаць тое, што ён нібыта напаў на жанчыну, хоць ёсць сведка, які бачыў, што гэта была проста правакацыя. Ну і трэба ведаць Буракова, каб разумець, што ён у прынцыпе ніколі б ні на каго не напаў, — заявіў праваабаронца.

    Стала вядома, што судзіць Буракова-старэйшага і Уладзіміра Лапцэвіча будуць у пятніцу, 7 жніўня.

    Аляксандра Буракова а 10:30 нібыта за дробнае хуліганства, Уладзіміра Лапцэвіча — а 14:30 за нібыта непадпарадкаванне міліцыі.

    Уладзімір Лапцэвіч аб’явіў галадоўку пратэсту.

    Сёння ў Аляксандра Буракова Дзень нараджэння.

    Палююць на журналістаў. Затрымалі таксама і Аляксандра Буракова-малодшага

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці