• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дзянісу Івашыну ўпершыню за 15 месяцаў дазволілі спатканне з маці

    Спатканне было кароткатэрміновае, працягласцю ўсяго чатыры гадзіны. «З усё той жа “фірмовай” усмешкай, у баявым настроі наш ваяр падчас сустрэчы сам падбадзёрваў маці», — напісала ў Фэйсбуку жонка палітвязня Вольга Івашына.

    Фота: Дзяніс Івашын, Face­book

    «Дзяніс выглядае хударлявым, што не дзівіць пасля больш за тры гады палону. Але ва ўсім іншым, як ён сцвярджае, праблемаў са здароўем не мае ніякіх», — зазначае жонка.

    Родныя да апошняга моманту не былі пэўныя, што спатканне дазволяць, бо за кратамі на журналіста сістэматычна накладалі спагнанні. Яго неаднаразова кідалі ў карцар і штрафны ізалятар, а ў лютым ён быў пазбаўлены адзінага тэлефоннага званка. Аднак ліставанне з жонкай і маці практычна не перарываецца: Дзяніс Івашын піша часта, а ягоная жонка рэгулярна паведамляе пра гэта і нават размяшчае вытрымкі з лістоў у сацыяльных сетках.

    12 сакавіка споўнілася тры гады, як журналіста змясцілі за краты. У гэты дзень у  2021 годзе Івашына затрымалі супрацоўнікі гродзенскага КДБ. У ягонай кватэры, на лецішчы і ў кватэры маці Дзяніса сілавікі правялі ператрус, а праз тры дні прыйшлі з вобшукам да яго 95-гадовай бабулі.

    24 сакавіка 2021 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Дзяніса Івашына  палітычным зняволеным. Адміністрацыя СІЗА паставіла Дзяніса на ўлік як «схільнага да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў».

    Спачатку журналіста вінавацілі ва «ўмяшанні ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў», а праз паўгода да першага абвінавачання дадалося другое — «здрада дзяржаве».  Падставай стала прафесійная дзейнасць гродзенскага журналіста.

    Дзяніс быў рэдактарам-валанцёрам беларускай версіі сайта міжнароднай расследніцкай супольнасці Inform­Na­palm і пазаштатным карэспандэнтам  газеты «Новы Час». Ён вядомы расследаваннямі пра ўплыў «рускага свету» на Беларусь і Сірыю, пра скандальнае будаўніцтва рэстарана каля мемарыяльнага ўрочышча Курапаты ў Мінску, а таксама пра службу былых супрацоўнікаў украінскага падраздзялення «Беркут» у сілавых структурах Беларусі.

    У сярэдзіне сакавіка 2022 года праваабаронцам стала вядома, што КДБ таксама вінаваціць Івашына ў супрацоўніцтве з украінскай выведкай.

    15 жніўня 2022 года ў Гродненскім абласным судзе ў закрытым рэжыме распачаўся разгляд справы журналіста. 14 верасня 2022 года суддзя Валерый Раманоўскі агучыў прысуд: пазбаўленне волі на 13 гадоў і 1 месяц у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.  Згодна з даведкай, атрыманай сваякамі з суда, Івашына асудзілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: часткі 1 артыкула 356 КК (здрада дзяржаве) і артыкула 179 КК (незаконны збор або распаўсюд дадзеных аб асабістым жыцці). Калі і з якой прычыны адбылася замена ці перакваліфікацыя абвінавачання, невядома.

    20 снежня 2022 года Вярхоўны суд разглядзеў апеляцыйную скаргу палітзняволенага журналіста. Прысуд пакінулі без зменаў, а скаргу — без задавальнення.

    Спачатку Дзяніса накіравалі адбываць пакаранне ў магілёўскую папраўчую калонію № 15, куды ён прыбыў з высокай тэмпературай і адразу трапіў у шпіталь. У канцы лютага 2023 года Дзяніса перавялі ў гродненскую турму № 1, а ў сакавіку вярнулі назад у магілёўскую ПК № 15. У чэрвені 2023 года журналіста на падставе рашэння суда на тры гады перавялі ў жодзінскую турму № 8, такім чынам узмацніўшы яму рэжым адбывання пакарання з узмоцненага да строгага. Прычым пра судовы працэс па змене рэжыму ані сваякі, ані адвакат не ведалі.

    Папярэдняе спатканне Дзяніса Івашына з маці адбылося больш як 15 месяцаў таму — у снежні 2022 года пасля разгляду апеляцыйнай скаргі на прысуд. Раней маці журналіста Людміла Івашына адзначала, што асцерагаецца за здароўе сына, бо ў зняволенні ў яго былі праблемы з сэрцам.

    Паводле слоў журналіста падчас апошняга спаткання зараз скаргаў на здароўе няма. Што да таго, што ён выглядае схуднелым, то праваабаронцы нагадваюць пра асаблівасці строгага турэмнага рэжыму — калі вязням забароненыя прадуктовыя перадачы ад сваякоў. Першай і другой рэжымнай перадач яго пазбавілі ў магілёўскай папраўчай калоніі, а строгі турэмны рэжым наогул забараняе прадуктовыя перадачы. Пакуль палітвязень можа атрымаць толькі адну рэчавую перадачу да 50 кілаграмаў вагі на год альбо сам атаварыцца ў мясцовай турэмнай краме на 1 базавую велічыню або 40 беларускіх рублёў на месяц.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці