У гадавіну затрымання Андрэя Аляксандрава і Ірыны Злобінай ARTICLE 19 патрабуе вызвалення палітвязняў
Сёння, 12 студзеня, роўна тры гады таму як былі затрыманыя медыяменеджэр Андрэй Аляксандраў і яго сяброўка, а цяпер жонка Ірына Злобіна. З гэтай нагоды праваабарончая арганізацыя ARTICLE 19 паўтарае свой заклік да неадкладнага вызвалення палітзняволеных.
— Андрэй — адданы прыхільнік свабоды прэсы, раней ён працаваў з арганізацыямі, якія займаюцца свабодай выказвання меркаванняў, а таксама ў журналістыцы, у тым ліку ў якасці калегі па ARTICLE 19, — падкрэсліла Джаана Шыманска, старшая праграмная дырэктарка па Еўропе і Цэнтральнай Азіі ARTICLE 19.
ARTICLE 19 — праваабарончая арганізацыя, якая была створана больш за 30 гадоў таму. Яна названая ў гонар артыкула 19 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (кожны чалавек мае права на свабоду перакананняў і на свабоднае выказванне іх) і дэкларуе сваёй мэтай «дакументаваць цэнзуру, перамагаць цэнзараў і дапамагаць тым, хто пацярпеў ад цэнзуры».
Паводле супрацоўнікаў арганізацыі, яны спрабавалі дасылаць лісты свайму калегу і сябру, аднак апошні адказ быў датаваны 2021 годам.
— Мы падазраем, што ён не атрымлівае нашых лістоў, і з такой сітуацыяй сутыкаюцца многія палітычныя зняволеныя ў Беларусі. Аднак нашы думкі паслядоўна з Андрэем і Ірынай, і мы будзем працягваць працу па іх вызваленні, — абяцаюць праваабаронцы.
Яны таксама нагадваюць, што Андрэя Аляксандрава і ягоную сяброўку Ірыну Злобіну затрымалі 12 студзеня 2021 года як падазраваных у фінансаванні пратэснай дзейнасці. Іх абвінавацілі ў тым, што яны аплачвалі штрафы затрыманых падчас акцыяў людзей, кампенсавалі кошт іхняга ўтрымання ў ЦІП і ізалятарах.
Згодна з паведамленнем МУС, Аляксандраў з 22 жніўня да 9 лістапада 2020 года аплаціў 250 штрафаў. Пазней Андрэю было таксама выстаўленае абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве. Следства лічыць, што ён дапамагаў фондам BY_help і BYSOL у правядзенні дзейнасці, «накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі».
Ірына Злобіна скончыла факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ, апошнія гады займалася сваім невялікім бізнесам – кветкамі і вытворчасцю сувеніраў, праводзіла лекцыі на тэму фларыстыкі ў Менску.
У верасні 2021 года Андрэй і Ірына абраліся шлюбам, цырымонія адбылася ў мінскім СІЗА‑1. Паводле ўспамінаў сукамерніц Ірыны, дзеля гэтай падзеі ёй перадалі прыгожую сукенку чорнага колеру. Сведак на рэгістрацыі шлюбу не было — прысутнічалі толькі канваіры.
Суд прызначыў Андрэю 14 гадоў пазбаўлення волі, а Ірыне — 9 гадоў пазбаўлення волі.