• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Каханне дапамагае нават там»: Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна – год за кратамі

    Медыяменеджара Андрэя Аляксандрава і ягоную сяброўку Ірыну Злобіну затрымалі 12 студзеня 2021 года як падазраваных у фінансаванні пратэставай дзейнасці. Іх абвінавацілі ў тым, што яны аплачвалі штрафы затрыманых падчас акцыяў людзей, кампенсавалі кошт іхнага ўтрымання ў ЦІП і ізалятарах.

    Згодна з паведамленнем МУС, Аляксандраў з 22 жніўня да 9 лістапада 2020 года аплаціў 250 штрафаў. Пазней Андрэю было таксама выстаўленае абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве. Следства лічыць, што ён дапамагаў фондам BY_help і BYSOL у правядзенні дзейнасці, «накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі».

    Андрэй і Ірына прызнаныя палітвязнямі. Сёння – год, як іх трымаюць за кратамі.

    «Іра цяпер у статусе нявесты, і гэта яе радуе»

    Ірыне Злобінай 32 гады. Яна скончыла факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ, апошнія гады займалася сваім невялікім бізнесам – кветкамі і вытворчасцю сувеніраў, праводзіла лекцыі на тэму фларыстыкі ў Менску. Прадʼяўленае абвінавачанне: арт. 342 Крымінальнага кодэксу – «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

    01_2.jpg

    Знаёмыя дзяўчыны кажуць, што, нягледзячы на год за кратамі, Ірына не траціць бадзёрасці і аптымізму. Яна працягвае займацца спортам, села на шпагат, навучылася «варыць суп з сякеры», спаць з уключаным святлом, пераключаць свядомасць на ўнутранае, нават калі вакол сем чалавек. У турме складана падтрымліваць здароўе, таму часта прастывае.

    Ірына моцна любіць свайго сабаку, джэк-расэла Тоні, яны заўсёды і ўсюды былі разам. Цяпер яна цяжка перажывае расстанне з гадаванцам.

    «Іра засталася далікатнай, добрай і клапатлівай. Нават у турме працягвае знаходзіць спосабы парадаваць блізкіх. Вельмі сумуе па родных», – адзначае суразмоўца «Белс*ту».

    На навагоднія святы, напрыклад, таемны Санта прынёс Ірыніным родным падарункі ад яе. Сястры – прыгожы святочны вянок на дзверы з цёплымі зычэннямі, бабулі – вялікую скрынку пірожных, бацькі таксама не засталіся без сюрпрызаў.

    «Іра чалавек, які не здольны бачыць дрэннага. Зусім. Ні ў людзях, ні ў сітуацыях. Яна заўсёды знойдзе ў чалавеку добрае, што, на ейную думку, перакрывае ягоны дрэнны ўчынак. Для яе няма недахопаў, ёсць розныя пункты гледжання. Яна вясёлая, лёгкая, адкрытая. Яе проста немагчыма не любіць. Усе, хто з ёй перасякаўся хоць раз, адразу пранікаліся яе добрай энергіяй і жаданнем аддаваць», – кажа суразмоўца.

    Будучы за кратамі, Андрэй зрабіў Ірыне прапанову. Яны хацелі ажаніцца, але з прычыны таго, што яны праходзяць падазраванымі ў адной справе, ім нельга сустракацца, таму вяселле адкладаецца. Але Ірына цяпер у статусе нявесты, і гэта яе радуе. Перажывае за Андрэя і за ўсіх, хто патрапіў у бяду.

    «Іра і Андрэй ідэальна дапаўняюць адно аднаго. Каханне гэта ж не толькі пра рамантыку, а яшчэ і пра розум, пра маўчанне разам, узлёты і падзенні, а пасля зноў узлёты. Каханне дапамагае нават за кратамі», – адзначае суразмоўца «Белс*ту».

    Ірына вельмі ўдзячная ўсім за падтрыманне і лісты, адказвае на кожны ліст і паштоўку, якія атрымлівае.

     

    «Андрэй не рабіў нічога, што магло нашкодзіць Беларусі»

    Андрэю Аляксандраву 43 гады, ён – вядомы беларускі журналіст і медыяменеджар. Нарадзіўся ў Ніжнім Тагіле – ягоны бацька служыў у розных вайсковых структурах. Але сваім родным горадам лічыць Наваполацк, дзе ён правёў дзяцінства, юнацтва і частку дарослага жыцця.

    Андрэй скончыў гістарычна-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту. Журналісцкую кар’еру пачынаў у Наваполацку, у незалежнай гарадской газеце «Хімік» і на мясцовым гарадскім тэлебачанні. Нават пасля пераезду з Наваполацку ў Менск ён стараўся падтрымаць родны горад і журналісцкую ініцыятыву.

    У 2009–2012 гадах Андрэй быў намеснікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), адказваў за міжнародныя дачыненні.

    У 2011 годзе Андрэй выйграў конкурс і атрымаў прэстыжную стыпендыю Chevening Міністэрства замежных справаў і міжнароднага развіцця Вялікай Брытаніі. Для навучання ён абраў магістратуру ў Ўэстмінстэрскім універсітэце ў Лондане з моцным факультэтам журналістыкі, дзе атрымаў ступень магістра медыяменеджменту. Пасля вучобы Андрэй працаваў у лонданскіх офісах вядомых праваабарончых арганізацыяў Index on Cen­sor­ship і Arti­cle 19.

    У яго была магчымасць застацца ў Вялікай Брытаніі, але ён вярнуўся ў Беларусь, бо лічыў, што вучыцца і пераймаць найлепшы міжнародны досвед можна за мяжою, а прымяняць на практыцы трэба ў роднай краіне. Сваёй місіяй ён бачыў развіццё беларускай медыясферы.

    У 2015–2018 гадах Андрэй быў намеснікам дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Пасля працаваў у агенцтве медыякансультантам. Калі пачаўся ціск на БелаПАН – спачатку завялі справу на Алеся Ліпая (заснавальніка і дырэктара агенцтва), потым на само агенцтва, Андрэй зрабіўся цэнтрам, які аб’ядноўваў людзей. Смерць Алеся Ліпая стала для Андрэя моцнай асабістай трагедыяй. Пасля гэтага шмат якія функцыянальныя абавязкі ў развіцці БелаПАН Андрэй узяў на сябе.

    Апошнія гады Аляксандраў займаўся развіццём медыяменеджменту ў Беларусі, адукоўваў менеджараў і рэдактараў разнастайных медыяў. Стварыў таксама «Беларускі часопіс» – інтэлектуальнае онлайн-выданне, дзе развіваў свабодную і незалежную беларускую думку і гуртаваў інтэлектуальную эліту.

    Цяпер Андрэя абвінавачваюць паводле трох артыкулаў КК: у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342), ва ўхіленні ад выплаты падаткаў (арт. 243) і здрадзе дзяржаве (арт. 356). Яму пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

    «З Андрэем я пазнаёміўся шмат гадоў таму. З першых слоў «за жыццё», з першых абмеркаванняў футбольных матчаў (абодва заўзятыя футбольныя заўзятары), я зразумеў, што гэта мой чалавек. Далейшае жыццё ні разу не дало падставаў сумнявацца ў гэтым. Андрэй стаў сябрам усёй маёй сямʼі», – кажа ў размове з «Белс*там» журналіст Дзмітрый Яненка, сябар Андрэя Аляксандрава.

    Ён мяркуе, што Андрэй адначасна вельмі просты і вельмі складаны чалавек.

    «Але мы ж не абраз пішам, праўда? Яго трэба было разумець і ўспрымаць такім, якім ён ёсць. У нас было шмат з ім сітуацыяў, калі ніхто не хацеў саступаць, але заўсёды ўрэшце мы знаходзілі тую выдатную «канстанту», той кансэнсус, які дазваляў далей развівацца нашаму сяброўству», – распавядае Дзмітрый.

    Андрэй заўсёды лічыў, што ў Беларусі можа быць медыярынак, і ўвесь час казаў, працуючы ў БелаПАН: хлопцы, калі ў нас будзе магчымасць, мы пабудуем не проста найлепшую інфармацыйную кампанію ў краіне, але і ў рэгіёне.

    «І ён ведае, як гэта можна зрабіць. Я лічу Андрэя найлепшым медыяменеджарам у краіне. Калі ён вучыўся і працаваў у Англіі, ён заўсёды казаў: я атрымліваю веды, каб іх рэалізоўваць у Беларусі. Гэта ён і спрабаваў рабіць. Падзеяш 2020-га я каментаваць не буду. Скажу толькі адно: Андрэй не рабіў нічога, што магло нашкодзіць Беларусі. Не рэжыму Лукашэнкі, а менавіта Беларусі», – кажа наш суразмоўца.

    Андрэй Аляксандраў, акрамя таго, што любіць футбол і заўзее за «Лівэрпул», таксама піша вершы з‑за кратаў, якія разлятаюцца ў медыях і сацсетках.

    Напрыклад, вось такі:

    #
    Калі на неба глядзіш праз краты,
    не бачыш кратаў, а бачыш неба.
    Учорашні хлеб пахне цвіллю і стратай,
    а заўтрашні пахне сапраўдным хлебам.
    Ты кажаш: неба – падман аптычны.
    Але падман – гэта краты, вер мне!
    Бо краты – толькі гэштэг, як звычка,
    А гэты гэштэг зараз проста ў трэндах.
    Ды справы няма да гэштэгаў небу,
    пра трэнды неба зусім не ў курсе,
    яно пад нагамі не чуе глебы,
    не лічыць стагоддзяў і хлебных лустаў.
    І неба цягне аблокаў вату над часам –
    адзінае, што жыве.
    І неба таксама не бачыць кратаў,
    калі ўглядаецца ў неба ўва мне.

     

    «У лістах да маёй сямʼі Андрэй заўсёды выпраменьвае пазітыў. Не чытаў ні радка нейкай маркоты, не бачыў скаргаў… Ён такі», – падкрэслівае Дзмітрый.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці