• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Татальны кантроль. Папраўкі ў Закон аб СМІ аднагалосна ўхваленыя ў першым чытанні

    Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў першым чытанні праект зменаў закона «Аб сродках масавай інфармацыі». Неабходнасць чарговых карэктываў «народныя абраннікі» абумовілі «новымі выклікамі і пагрозамі беларускай дзяржаве». Нібыта такім чынам прапаганда зможа больш эфектыўна рабіць «сіметрычны адказ на недружалюбныя выпады».  

    Дакумент унесены ў ніжнюю палату парламента 30 сакавіка Саветам міністраў. Адказнай за падрыхтоўку пакета прапаноў прызначылі колішнюю кіраўніцу Міністэрства інфармацыі, дзейную дэпутатку Лілію Ананіч.

    Дакумент на суд «заканадаўцаў» прадставіў сёння цяперашні міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў. Па яго словах, беларуская інфармацыйная прастора застаецца адкрытай для ўсіх СМІ, уключна з замежнымі, якія выконваюць патрабаванні заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Кіраўнік ведамства адзначыў, што не стаіць задача «зачысціць» інфармацыйнае поле, але «ўпарадкаваць» яго — несумненна. 

    «Сродкі масавай інфармацыі і камунікацыі з’яўляюцца наймагутным фактарам уплыву на насельніцтва. Медыйнае поле Рэспублікі Беларусь  насычанае і разнастайнае: зарэгістравана 955 друкаваных СМІ, 189 тэлерадыёвяшчальных, 7 інфармацыйных агенцтваў, 43 сеткавыя выданні. Наша інфармацыйная прастора адкрытая і для іншаземных СМІ, якія выконваюць патрабаванні заканадаўства: распаўсюджваецца 1786 замежных газет, часопісаў, транслюецца 225 замежных тэлеканалаў».

    Пры гэтым чыноўнік зазначыў, што з улікам глабальных геапалітычных зрухаў, новых тэхналагічных рэалій, выклікаў і пагроз наспела неабходнасць унясення зменаў у заканадаўства.  

    Варта нагадаць, што зусім нядаўна, у 2021 годзе, закон аб СМІ ўжо зведаў шэраг навацый у бок жорсткіх абмежаванняў для медыйнай супольнасці. Сярод іншага забаранілі рабіць наўпроставыя ўключэнні з масавых пратэстаў, выключылі магчымасць публікаваць вынікі апытанняў, крыміналізавалі распаўсюд персанальных дадзеных чыноўнікаў, увялі дадатковыя падставы блакаваць любы друкаваны ці інтэрнэт-рэсурс. 

    Як ужо стала звыклай справай у беларускіх «заканатворчых» рэаліях, змест праекта не апублічваўся, усе папраўкі ўносіліся кулуарна абмежаваным колам асобаў. Толькі незадоўга да пасяджэння 18 красавіка, каментуючы неабходнасць карэктываў, Лілія Ананіч заявіла: папраўкі пашыраць магчымасці рэгулятара «адэкватна і аператыўна рэагаваць на дэструктыўныя працэсы ў СМІ і інтэрнэт-прасторы».

    З таго, што было агучана падчас сесіі, вынікае, што, у прыватнасці, прапануецца вызначыць асаблівасці функцыянавання агрэгатараў навін і прававы статус іх уладальнікаў; пашырыць пералік падставаў для анулявання пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі СМІ і абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсу; дэталізаваць патрабаванні да дзейнасці рэдакцый, якія распаўсюджваюць тэле- або радыёвяшчальную прадукцыю.

    Таксама дакументам удакладняецца парадак дзейнасці замежных медый на тэрыторыі Беларусі, замацоўваецца магчымасць ужывання захадаў у адказ на «антыбеларускія» выпады з боку акрэдытаваных СМІ і журналістаў.  

    Як удакладніла прысутным на пасяджэнні прапагандыстам дэпутатка Лілія Ананіч, «сіметрычныя меры» абумоўліваюцца перадусім дзеяннямі з боку недружалюбных краін супраць беларускіх СМІ, перашкаджаючы  распаўсюду за мяжой іх кантэнту і пагаршаючы ўмовы для працы. 

    «Уведамленнем МЗС прапануецца, што Міністэрства інфармацыі будзе прымаць рашэнні, сіметрычныя аналагічным дзеянням недружалюбных краін (дакладна такі ж парадак і адносна адмены абмежавальных захадаў). Гэта, дарэчы, не новыя нормы. Яны дзейнічаюць і ў расійскай інфармацыйнай прасторы. Мы мусім у поўным аб’ёме забяспечваць нацыянальныя інтарэсы», — канстатавала Лілія Ананіч, прызнаўшы чарговую «саюзную» ўніфікацыю з Расіяй.

    Нягледзячы на закрыты характар дакумента, заяўлена, што праект закона прайшоў усе неабходныя працэдуры для разгляду Палатай прадстаўнікоў. Атрыманыя заўвагі і прапановы не маюць канцэптуальнага характару і будуць урэгуляваныя пры падрыхтоўцы для разгляду ў другім чытанні.

    Такім чынам, найбольш істотныя навацыі прадугледжваюцца для «сіметрычнага адказу» на выпады варожых дзяржаў у дачыненні да беларускіх медыя, а таксама ў рэгуляванні функцыянавання агрэгатараў, якія карыстаюцца набольшай папулярнасцю. Верагодна, гаворка пра абмежаванне доступу да замежных рэсурсаў, якія ўлады адносяць да «непажаданых». Як выказалася Лілія Ананіч, калі СМІ на сучасным этапе — гэта «зброя», дык і «боекамплект» з усёй інфраструктурай павінен адпавядаць «апошняму слову» дзяржаўнага права.  

    Фактычна ўлады прызнаюць «законнымі» толькі лаяльныя афіцыйныя медыі, якія працуюць паводле загадзя ўзгодненага парадку дня. Паколькі ўся іншая альтэрнатыва ўжо знішчаная і без дадатковых «законапраектаў», неангажаваны пункт гледжання цяпер рэальна атрымаць толькі з рэсурсаў, якія працуюць для беларускіх карыстальнікаў за мяжой.      

    Читайте ещё:

    Медиаэкспертка: «Если бы меня спрашивали, поступать ли сегодня на факультет журналистики — однозначно, безусловно нет»

    Дзмітрыя Семчанку перавялі ў баранавіцкае СІЗА

    Гомелец, які ўжо падаў заяву ў СК на Азаронка, вырашыў прыцягнуць да адказнасці Мукавозчыка

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці