Судзяць відэааператара Аляксандра Любенчука. Яму можа пагражаць да 7 гадоў зняволення
24 кастрычніка ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся працэс над Аляксандрам Любенчуком.
Палітвязень абвінавачваецца на падставе арт. 361–1 Крымінальнага кодэкса Беларусі — «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім».
Працэс вядзе суддзя Алена Ананіч. Яна ж ў закрытым фармаце займалася справай прэс-сакратара кампаніі А1 Мікалая Брэдзелева. Наогул на яе рахунку нямала палітычных выракаў з жорсткімі тэрмінамі.
Як піша «Белсат», Любенчука абвінавацілі ў “стварэнні экстрэмісцкага фармаваньня ці ўдзеле ў ім”.
Пасля ўнясення больш жорсткіх паправак у крымінальнае заканадаўства санкцыя згаданага артыкула прадугледжвае абмежаванне волі да 5 гадоў альбо пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў.
Да вынясення прысуду журналіст будзе ўтрымліваецца ў СІЗА №1 Мінска.
Аляксандра Любенчука затрымалі 26 траўня 2022 года ў ягонай вёсцы Крывічы на Іўеўшчыне. У межах неназванага “крымінальнага расследавання” ў хаце сілавікі правялі ператрус, а гаспадара даставілі ў Мінскі ізалятар часовага ўтрымання. 8 чэрвеня праваабаронцы прызналі Любенчука палітычным зняволеным разам з іншым калегам, дырэктарам выданьня “Белорусы и рынок” Канстанцінам Залатых.
Пасля таго, як улады распачалі татальны наступ на незалежныя СМІ і дзясяткі медыяў, Аляксандр Любянчук паставіў журналістыку на паўзу.
Пераехаў з Мінска пад Іўе, займаўся краязнаўствам, арганізоўваў рачныя сплавы на чоўнах. Аднак адыход ад спраў у праваахоўнікаў паважнай прычынай не лічыцца.
За 10 гадоў журналістцкай працы спадара Аляксандра неаднаразова затрымлівалі і прыцягвалі да суда. Напрыклад, 18 кастрычніка 2020 яго разам з дзясяткам супрацоўнікаў незалежных СМІ зноў схапілі падчас асвятлення пратэснага маршу ў Мінску. Склалі пратакол паводле артыкула 23.34 КаАП і пасля начнога “адстою” ў ізалятары на Акрэсціна ён атрымаў 15 сутак арышту. Праз перапоўненасць сталічных пенітэнцыярных устаноў адбываў пакаранне ў турме ў Баранавічах.
Зрэшты, у больш ліберальныя часы можна было абмежавацца штрафам, а то і проста лёгкім сполахам.
Гэтым разам сітуацыя непараўнальна больш сур’ёзная. Цяпер улады выразна далі зразумець, што лічаць незалежных журналістаў, без перабольшання, ворагамі сістэмы, а таму рэпрэсіўны канвеер выключна ўзмацняюць.
Чытайце яшчэ:
Журналістку Кацярыну Андрэеву дадалі ў спіс «экстрэмістаў» МУС
Камісія па журналісцкай этыцы Украіны выходзіць з Альянсу незалежных саветаў друку Еўропы
Мінінфарм разблакаваў сайт Blizko.by. Цяпер там няма «палітыкі»