Суд над рэгнумаўцамі будзе адкрытым — 18 снежня
Судовы працэс супраць трох арыштаваных амаль год таму аўтараў расійскага агенцтва «Regnum» пачнецца ў Мінску роўна праз месяц — 18 снежня ў Гарадскім судзе, паведамляе памочніца старшыні Мінгарсуда Настасся Шыльвян.
Дзмітрыя Алімкіна абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт.130 КК — распальванні міжнацыянальнай варожасці.
Двух іншых аўтараў — Юрыя Паўлаўца і Сяргея Шыпценку — у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч.1 ст.233 і ч.3 арт.130 КК. — незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.
Аўтары, якія пісалі для агенцтва «Regnum», былі затрыманыя ў Мінску на пачатку снежня мінулага года — і правялі пад вартай больш за 11 месяцаў да прызначэння даты суда.
Юрый Паўлавец — дацэнт Беларускага дзяржаўнага універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Да арышту выкладаў паліталогію і ідэалогію беларускай дзяржавы. Дзмітрый Алімкін — школьны вартаўнік з Брэста. Сяргей Шыпценка да 2010 года працаваў у Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Беларусі, але быў звольнены за супрацоўніцтва з сайтамі «Імперыя» і «Regnum». Яго затрымалі на дзень пазней за Паўлаўца і Алімкіна. На сваёй старонцы ў фэйсбуку ён у той дзень паспеў пракаментаваць два папярэднія арышты: «Па «ветлівым людзям» засумавалі».
На пытанне, зададзенае прэс-сакратарцы расійскага МЗС Марыі Захаравай ў канцы снежня мінулага года пра затрыманні ў Мінску, яна адказала: «Хачу сказаць, што «неданарод» і «недадзяржава» з вуснаў людзей, якія ўплываюць на грамадскую думку — гэта проста непатрэбныя рэчы, таму што яны могуць спрыяць распальванню міжнацыянальнай праблемы і ксенафобіі», — сказала тады Захарава.
Асноўныя пасылы тэкстаў арыштантаў: Беларусь — недадзяржава, беларуская мова — дыялект рускай, а Беларусь, Расія і Украіна — «адзін народ».
Крымінальная справа была заведзеная пасля таго, як Міністэрства інфармацыі Беларусі звярнулася ў Следчы камітэт і накіравала туды тэксты Паўлаўца, Алімкіна і Шыпценкі для правядзення экспертызы на прадмет распальвання міжнацыянальнай варожасці.