Суд над прэс-сакратаром «А1» Мікалаем Брэдзелевым зрабілі закрытым
Стала вядома, што суддзя Алена Ананіч пастанавіла разглядаць справу ў закрытым рэжыме.
У Мінскім гарадскім ўчора распачаўся суд над 35-гадовым кіраўніком ўпраўлення сувязяў з грамадскасцю кампаніі A1 Мікалаем Брэдзелевым (https://prisoners.spring96.org/be/person/mikalai-bredzeleu). Яго абвінавачваюць па ч. 2 арт. 424 КК (злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі) і арт. 361–2 КК (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання).
Суд зрабілі закрытым.
За кратамі Мікалая ўтрымліваюць ужо дзевяты месяц — яго затрымалі 10 снежня мінулага году. Вядома, што сілавікі яго збівалі. Пасля затрымання на праўладных каналах з’явілася «пакаяльнае відэа», на якіх ён казаў, што з ліпеня 2020-га нібыта перадаваў трэцім асобам інфармацыю, звязаную з яго прафесійнай дзейнасцю.
Але потым у кампаніі заявілі, што Брэдзелеў не меў доступу да дадзеных кліентаў.