«Спаў на халоднай падлозе, ацяпленне не ўключалі». Анатоль Санаценка правёў 30 сутак у карцары
Галоўны рэдактар незалежнай анлайн-газеты «Бобруйский курьер» Анатоль Санаценка цягам месяца — з сярэдзіны верасня па кастрычнік — знаходзіўся ў ІЧУ Бабруйска за нібыта распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Пасля вызвалення ён распавёў пра ўмовы ўтрымання.
Анатоль Санаценка выйшаў на волю 12 кастрычніка пасля 30 сутак у бабруйскім ізалятары часовага ўтрымання. Затрыманы ён быў 12 верасня.
Сілавікі прыйшлі да рэдактара дамоў, правялі ператрус, забралі тэхніку. Спадара Санаценку абвінавацілі ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў (ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ) — у асабістай перапісцы знайшлі дзве спасылкі з сайтаў, якія беларускія ўлады прызналі экстрэмісцкімі. За кожную з гэтых спасылак Анатоль Санаценка атрымаў па 15 сутак арышту. Другі суд адбыўся 27 верасня. Абедзве справы разглядала суддзя суда Бабруйскага раёна і г. Бабруйска Ганна Асіпенка.
Паводле крыніцы, блізкай да сям’і Санаценкі, спадара Анатоля ўсе 30 сутак трымалі ў карцары. Там было вельмі халодна, ацяпленне ўключылі толькі перад вызваленнем. Даводзілася спаць на халоднай падлозе, і калі Анатоль скардзіўся на болі ў нырках, фельчар ІЧУ толькі даваў яму абязбольваючае — у лякарню затрыманага так і не павезлі.
За 30 сутак у ІЧУ Анатоль Санаценка быў вымушаны заплаціць дзяржаве 480 рублёў. Перадачы для яго прымалі, але пасля вызвалення высветлілася, што рэчы перадавалі не ўсе.
Сайт выдання “Бобруйский курьер” (babruysk.by) цяпер заблакаваны. Ён перастаў адкрывацца яшчэ 19 верасня. Як патлумачыў Мінінфарм, прычына блакавання сайта ў тым, што сярод публікацый знайшлі спасылку на матэрыял Праваабарончага цэнтра “Вясна”, які нібыта парушае заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі. Матэрыял гэты быў апублікаваны аж у 2014 годзе і датычыў заявы ПЦ “Вясна” наконт арышту вядомай азербайджанскай праваабронцы Лэйлы Юнус.
У адпаведным загадзе Мінінфарма ад 16 верасня гаворыцца:
“На інтэрнэт-рэсурсе babruysk.by выяўленыя парушэнні заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі ў частцы размяшчэння інфармацыі, распаўсюд якой забаронены”.
Што менавіта ў матэрыяле падпадае пад крытэры інфармацыі, распаўсюд якой забаронены, не тлумачыцца.
26 верасня суд Бабруйскага раёна і г. Бабруйскага прызнаў матэрыялы сайта babruysk.by экстрэмісцкімі.
Чытаць яшчэ:
У рэдакцыі бабруйскіх СМІ прыйшлі паведамленні аб мініраванні
Былы журналіст з Баранавічаў пакараны на тры гады калоніі за каментар у сацыяльных сетках
Паўла Мажэйку пакінулі пад вартай яшчэ на два месяцы