Галоўнага рэдактара “Бобруйского курьера” асудзілі другі раз на 15 сутак
Як стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, 27 верасня адбыўся другі суд над галоўным рэдактарам незалежнага інтэрнэт-выдання “Бобруйский курьер” Анатолем Санаценкам. Гэтым разам яму прысудзілі 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
Анатоль Санаценка мусіў учора, 27 верасня, выйсці на волю, аднак яго зноў арыштавалі.
Справу, як і ў першы раз, разглядала суддзя суда Бабруйскага раёна і г. Бабруйска Ганна Асіпенка. Спадару Анатолю не дазволілі скарыстацца паслугамі адваката.
Таксама БАЖу стала вядома, што ў затрыманага правялі ператрус і забралі ўсю тэхніку. Ёсць інфармацыя пра ператрусы і допыты і ў журналістаў “БК”.
Пра затрыманне галоўнага рэдактара “Бобруйского курьера” і арышт яго на 15 сутак стала вядома 16 верасня. Паводле непацверджанай інфармацыі, меркавалася, што затрымалі Санаценку 15 верасня. Але, калі зыходзіць з новых звестак, што журналіст мусіў выйсці на волю 27-га чысла, атрымліваецца, што, хутчэй за ўсё, за кратамі Анатоль Санаценка — з 12 верасня.
Інфармацыі пра тое, за што галоўнага рэдактара бабруйскага выдання двойчы судзілі, па-ранейшаму няма.
19 верасня сайт “Бобруйского курьера” (babruysk.by) перастаў адчыняцца як у Беларусі, так і за мяжой. Не дапамагае нават VPN. Прычыны блакавання сайта невядомыя.
Незалежная рэгіянальная газета “Бобруйский курьер” пачала выходзіць у 1991 годзе. У 2010 годзе праз рэпрэсіі рэдакцыя была вымушаная спыніць выхад папяровага версіі выдання, але працягнула працу ў інтэрнэце. Журналістаў “БК” шмат разоў затрымлівалі і судзілі за іхнюю прафесійную дзейнасць.
На пачатку верасня 2022 года паводле рашэння Міністэрства інфармацыі быў заблакаваны сайт яшчэ адной недзяржаўнай бабруйскай газеты – “Вечерний Бобруйск”. Прычыны блакавання таксама дагэтуль невядомыя.
Чытайце яшчэ:
«Ты што, супраць прэзыдэнта пісаў?» — журналіст Радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч пра вызваленьне з калёніі, жоўтыя біркі і ШЫЗА
Как написать статью-фичер: гайд для фрилансера
Сёлета ў Японіі на вывучэнне беларускай мовы прыйшло значна больш студэнтаў, чым звычайна