• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Ты што, супраць прэзыдэнта пісаў?» — журналіст Радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч пра вызваленьне з калёніі, жоўтыя біркі і ШЫЗА

    Як прэсуюць палітычных у калёніях? Якія ўмовы ў ШЫЗА? Што азначае для вязьня жоўтая бірка? 63-гадовы журналіст Радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч датэрмінова вызваліўся з калёніі і адказвае на гэтыя пытаньні.

    Алег Грузьдзіловіч асьвятляў акцыі пратэсту ў Беларусі як журналіст, але яго асудзілі на паўтара года зьняволеньня як удзельніка «дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Цяпер ён на волі і ў бясьпецы.

    Пра справу і суд

    «Я быў вызначаны сярод нейкага сьпісу журналістаў: маўляў, „вось гэтага і вось гэтага трэба пакараць“. Так яны і зрабілі.

    Мяне судзілі за тое, што я „нібыта ўдзельнічаў“ — гэта артыкул 342, ч. 1: „Актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак“. Паводле сьледзтва і суду, я не працаваў як журналіст на маршах і пратэстах, а актыўна ўдзельнічаў у іх — перагароджваў рух, выкрыкваў лёзунгі. Я нічога не перагароджваў і не выкрыкваў. У доказах не было ніводнага сьледчага паказаньня. Доказамі былі пару здымкаў.

    Я тлумачыў, што як журналіст я мушу апісаць, што адбываецца, вызначыць прыблізна колькасьць людзей, апісаць, што адбываецца з боку міліцыі, з боку дэманстрантаў. Напрыклад, на Партызанскім праспэкце быў эпізод на маіх вачах, калі маладыя хлопцы кінулі пару камянёў у бок міліцэйскай машыны. Я сьвядома напісаў, што так адбылося. Калі дэманстрантаў пачыналі біць, я пра гэта сьведчыў. Калі наадварот, я таксама сьведчыў. Даваў па меры магчымасьці аб’ектыўную інфармацыю. Але для іх гэта было няважна. Галоўнае — што ты быў і ўдзельнічаў».

    Чаму на «палітычных» жоўтая бірка

    «На мне была жоўтая бірка. Яна азначае, што я схільны да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасьці. Для вязьня жоўтая бірка нясе шмат дадатковых пабытовых і арганізацыйных праблем. Ты мусіш быць увесь час на віду, у першых шэрагах у калёніі. Ты ня можаш адзін перасоўвацца па нейкіх патрэбах па калёніі. Твой ложак на праходзе, а там заўсёды адчынена вакно, скразьняк, табе холадна. Калі ты ходзіш зь біркай, да цябе дадаткова прычэпяцца, што ты гузік не зашпіліў, дрэнна надзеў кашулю. Да мяне так чапляліся, і мне пагражала ШЫЗА.

    Вось гэтая кашуля мае кішэню, куды гэтая бірка ўстаўляецца. І ты мусіш увесь час зь ёю хадзіць. Нават калі ты займаесься фізкультурай, у цябе мусіць быць такая штучка.

    Усё шыецца там, вельмі дрэннай якасьці, гузікі слабыя, не зашпіляюцца, самі зэкі шыюць, усё зразумела. І гэтая бірка туды ўстаўляецца».

    Як ставяцца да палітычных у калёніі

    «У жыцьці звычайным мы жывем у сваім асяродзьдзі. Даўно ўжо адфільтравалі тых, з кім мы хочам камунікаваць, з кім не. Але мы тым самым сябе абмяжоўваем, ня ведаем поглядаў іншых людзей. Нам падаецца, што ўвесь сьвет думае як мы. А пасьля аказваецца, што не. Ёсьць ня меншая колькасьць людзей, якія думаюць інакш. Ты не разумееш, чаму яны думаюць інакш. А потым пачынаеш разьбірацца ў іх аргумэнтах, нешта нават прымаеш да веры зь іх боку. Турма гэтаму вучыць.

    [У калёніі. — РС] ёсьць група маладых людзей, якіх аб’ядноўвае сваё былое жыцьцё, зьвязанае звычайна з наркотыкамі. І для іх палітычныя — іншаземцы, марсіяне. Якія часта нечым ім перашкаджаюць, па-іншаму сябе паводзяць, бывае непаразуменьне. Для іншага кантынгенту гэта большасьцю мужныя людзі, якія аказаліся ў турме за свае перакананьні. Яны гэта прызнаюць, але не асабліва захапляюцца, бо для іх незразумела, што чалавек з прычыны нейкіх падзей апынуўся ў турме. Вось, напрыклад, забойства — ім гэта зразумела, чаму чалавек гэта зрабіў. Але чаму чалавек праз свае палітычныя меркаваньні трапляе ў турму, яму незразумела.

    Адміністрацыя ставіцца інакш. Дэкляруюць, што яны па-за палітыкай, нам усё адно, за што вы, нам важна, каб вы падпарадкоўваліся, выконвалі абавязкі. Але бачна, што патрабаваньні да палітычных і астатніх крыху розныя. Тое, што даруецца звычайным, зь белымі біркамі, тое недаравальна бэчэбэшнікам. Проста ўвага да іх большая. Пагроза атрымаць спагнаньне значна большая».

    Пра першыя дні ў калёніі

    «Толькі я трапляю ў калёнію, першае, што чую: „Што? Журналіст Радыё Свабода? Дык ты што, супраць прэзыдэнта пісаў? А хто ў нас прэзыдэнт?“. Я адказваю: „Такі і такі“. — „Ну глядзі“.

    Потым праходзіць 2 дні, і я трапляю ў кабінэт галоўнага начальніка, бо ў мяне за сьпінай рапарт. І ён крычыць: „Журналісты, адвакаты — гэта самыя дрэнныя людзі ў сьвеце. Ты за ўсё адкажаш у мяне! Ах, Свабода? Ды ты за ўсё адкажаш!“

    Вось такое было стаўленьне. Адразу мне 10 сутак. Я выходжу ў калідор, не зразумеў, трохі пасьміхнуўся, ці што. А мне начальнік кажа: „Што ты ўвесь час пасьміхаесься?“. Ну так, я такі, ізноў пасьміхнуўся, прайшоў 10 мэтраў, па лесьвіцы спускаюся, і пайшлі кухталі ззаду — бум, бум. „Ён яшчэ будзе пасьміхацца!“ Даводзяць да ШЫЗА, і такі ўдар у сьпіну — і я ўлятаю ў гэтае ШЫЗА тварам у сьцяну.

    Ты калі прыяжджаеш у карантын, табе адразу іншыя бэчэбэшнікі кажуць: „Ну, чакай, што цябе зараз запрэсуюць“. Першыя два дні жывеш, думаеш: „Не чапаюць, дзякуй богу, пранесла“. Але нічога не пранесла, усё адно нагоніць.

    Кажуць, што мінімум 5 сутак атрымаеш, а ты атрымліваеш 10! Я атрымаў 10, а пасьля яшчэ 10. І цягам гэтых усіх сутак у ШЫЗА атрымаў яшчэ 3 спагнаньні. Гэта пазбаўленьне вялікай перадачы, вялікага спатканьня, пазбаўленьне малой перадачы і малога спатканьня. Але ў сукупнасьці ты маеш ужо 5 спагнаньняў. І калі ты выходзіш [з ШЫЗА. — РС], табе адразу скажуць, што ты ня стаў на шлях выпраўленьня, і твае шанцы на амністыю мізэрныя. А галоўнае, што ты ўжо маеш 5 парушэньняў, і ты ўжо кандыдат, каб цябе ня проста ў ШЫЗА адправілі, а ў ПКТ. А гэта памяшканьне камэрнага тыпу — гэта кшталту ШЫЗА на 3 месяцы, там ужо стала жывеш».

    Што такое ШЫЗА

    «Я ўсё сваё сьвядомае жыцьцё, думаючы, што ШЫЗА і карцар — адно і тое ж, пісаў пра ШЫЗА „карцар“. Думаў, што людзі не разумеюць, ды я і сам не разумеў. Там я зразумеў, што гэта розныя рэчы.

    Карцар — гэта лягчэйшае. Карцар магчымы ў сьледчым ізалятары. А ў калёніі ШЫЗА — штрафны ізалятар. У карцары табе даюць матрац, бялізну, ты сьпіш у нармальных умовах. А ўдзень усё гэта забіраецца і ложак прышпіляецца. І ты ўвесь дзень ходзіш. А ў ШЫЗА ты сьпіш на голых дошках, якія дакладна а 9 гадзіне апускаюцца і а 5 гадзіне падымаюцца. Ты мусіш хутка ўстаць, прышпіліць, а далей хадзі так цэлы дзень.

    Там маленькая лаўка, і высокая такая, ты на ёй не пасьпіш. Вочка ўвесь час адчыняецца, глядзяць на цябе, ці ты сьпіш. Калі вочы заплюшчыш, на цябе могуць скласьці рапарт, што ты спаў, і ты яшчэ 10 сутак атрымаеш.

    Празь некалькі дзён ты сутыкаесься з такой сытуацыяй, што колькі можна разважаць, думаць пра адно і тое ж. А там жа няма інфармацыі, ты нічога не атрымліваеш, няма радыё, няма лістоў, газэт, кніг — нічога. Чалавека ты бачыш, як у кнізе пра графа Монтэ-Крыста: два разы прыйшлі кантралёры, і ўсё. І баландзёры прыносяць ежу. Ты ў выніку думаеш, як бы з кім пакантачыць, пабыць, падумаць, пабыць зь нейкім чалавекам.

    Для мяне самы блізкі чалавек — гэта мая жонка, я падумаў, што трэба тут яе мець пры сабе. На адрэзку трубы я тынкам намаляваў яе партрэцік, цэлы дзень хадзіў, зь ёй размаўляў. Але ўвечары мусіць прыйсьці праверка. Я падумаў: яны ж яўна пабачаць. І замазаў трохі свой партрэт. Мне было зразумела, што гэта жонка, а ім незразумела.

    Потым я падумаў, што ўсё адно гэта ня тое. І зь мякішу хлеба зрабіў фігурку жонкі. У мяне была рознакаляровая зубная паста, я яе размаляваў. Атрымалася яна ў сініх джынсах і ружовай кофтачцы. І потым я з гэтай фігуркай размаўляў. Падчас праверак гэта ўвесь час быў такі захапляльны трылер: я яе захоўваў, хаваў у поліэтыленавы пакецік, і яе ні разу не знайшлі. Хаця калі б знайшлі, маглі б сказаць: „Непарадак“, і атрымаў бы яшчэ 10 сутак. Бо адзін раз за гэтыя суткі атрымалася, што знайшлі пыл у камэры на паліцы. Хоць я толькі што я паліцу працёр, але той ткнуў пальцам, сказаў: „Пыл“, і я атрымаў 10 сутак.

    Фігурку я захаваў у мыле. Я недасьведчаны зэк, сюрпрыз для жонкі ня вельмі ўдаўся. Як захаваў, так яна і ляжала. Я калі выходзіў, яны ўсё прамацалі, але ў мыла не дадумаліся залезьці. Але там яна лепш выглядала, канечне.

    Мне здаецца, што Вітольд Ашурак сваёй сьмерцю моцна дапамог цяперашнім вязьням. Бо пасьля яго сьмерці яны пачалі больш акуратна абыходзіцца. Мне расказвалі хлопцы, што ў нашай калёніі білі палітычных.

    Я стаяў у турме ў кабінэт начальніка. Там была чарга на пакараньне і на разьмеркаваньне па атрадах. Туды заводзяць людзей: аднаму 10 сутак, другому разьмеркаваньне ў камэру. Адтуль такая лаянка даносілася, так крычалі на людзей, што пад сталым мужчынам, які каля мяне стаяў, лужа аказалася. Чалавек абмачыўся толькі таму, што чуў, як там крычаць. А там крычалі: „Ты чаго прыехаў у нашу зону! Ты што тут зьбіраесься?!“ Потым выводзяць адтуль бледнага чалавека, і праз вакно мы бачым, што яго адразу ў ШЫЗА.

    Там я даведаўся, што, аказваецца, у нашым беларускім войску на гаўптвахце ўмовы яшчэ горшыя. Чаму мы зараз пытаемся, чаму войска аказалася не на тым баку, як чакалі мітынгоўцы? Таму што там інакш немагчыма, там муштра як у прускай арміі. Там немагчыма нават марыць пра тыя ўмовы, якія ў турме ў ШЫЗА ёсьць».

    Як даведаліся пра вайну

    «Кожнае вяртаньне ад адваката — і на цябе адразу град пытаньняў: „Што там? Як там?“. Бо гэта маленькая магчымасьць даведацца пра падзеі на волі. Бо ў ізалятары ты нічога не атрымліваеш, там інфармацыйная блякада.

    І вось так я вярнуўся ад адваката і кажу: „Вось мы сядзім тут, а ўжо вайна пачалася“. І людзі: „Ня можа быць!“. Але падумалі, што гэта ўсё ж рух, што цяпер ужо нешта будзе, ня можа быць, што гэта проста так пройдзе. Гэта была трагічная надзея, але зьвязаная з тым, што нейкае разьвіцьцё пачалося.

    Украіна стала галоўнай навіной, такім трэндам для ўсіх там. Шмат хто там кажа, што ўкраінцы змагаюцца за ўсіх нас. У тым ліку за тых, хто там сядзіць.

    Я ў турме з „Советской Белоруссии“ даведаўся, што загінулі нашы беларусы, і сярод іх Васіль Парфянкоў. Як журналіст я яго сустрэў яшчэ малым хлопцам, падчас першых разгонаў Курапатаў, калі будавалі кальцавую. Ён тады ўдзельнічаў у змаганьні. Потым на маіх вачах падрос, пачаліся праблемы ў яго, яго і саджалі, і адпраўлялі ў ШЫЗА. Я кантактаваў зь ім, але потым ён выправіўся, знайшоў сябе, паехаў на Ўкраіну, змагаўся за незалежнасьць і там загінуў. Лічу, што гэты хлопец — герой. І зь цяжкім лёсам. Мы там вельмі радаваліся, калі БТ паказвала, што ёсьць беларусы, якія сталі на бок Украіны».

    Пра памілаваньне і вызваленьне

    «Раптам ставіцца ўмова, што я мушу зьехаць. Я тады стаўлю ўмову, што я зьеду толькі разам з жонкай, калі яна пагодзіцца. А яна тады трапіла ў шпіталь. Мне ўдаецца яе ўгаварыць. У калёніі мяне выклікаюць у штаб і кажуць: „Чакай вызваленьня“.

    Я мару, як гэта ўсё будзе адбывацца. І нарэшце раніцай гэта пачынае адбывацца. Уся працэдура паўтараецца з праверкамі, яшчэ пільнейшая. Не прапускаюць ніводны ліст, які ў мяне быў, ніводную старонку, любы тэкст напісаны — нічога не прапускаюць. Мне давялося ўсё зьнішчыць сваімі рукамі, бо мне сказалі: „Альбо ты іх зьнішчаеш, альбо мы выкідаем і хтосьці іх прачытае“.

    Толькі з рэчамі я выходжу, мяне вядуць усякімі калідорамі, начальнік калёніі са мной ідзе. Мяне прыводзяць у маленькі вузенькі калідорчык. Раптам я бачу жанчыну-супрацоўніцу. Кажуць: „Стойце, слухайце“. Яна такім урачыстым голасам пачынае зачытваць акт аб памілаваньні.

    Я быў гэтаму рады, бо прашэньне я падпісаў, але не падпісаў прызнаньня. Я так і сказаў супрацоўніку пракуратуры, які прыехаў мяне прасіць напісаць прашэньне, што я не прызнаю сябе вінаватым, таму якое прашэньне. Ён сказаў: „Пішыце без прызнаньня“. Я напісаў, і аказалася, што „ён“ падпісаў. Праўда, калі папрасіў паказаць мне подпіс Лукашэнкі, мне сказалі: „Там усё нармальна“. І не паказалі.

    Потым апошняя кантрольная праверка: „Вашае імя, прозьвішча, год нараджэньня, калі быў суд“. Я ўсё адказваю. І ён мне кажа: „Вы свабодны“. І падае паперку — даведку аб вызваленьні. Напісана ў канцы, што я вызвалены па памілаваньні.

    Мне дакладна вядома, што ў нас у калёніі тром чалавекам прапаноўвалі пісаць прашэньне, я ў іх ліку. Адзін чалавек пагадзіўся і прызнаў віну. Я пагадзіўся, але не прызнаў віну. Але яшчэ ёсьць трэці, Мікола Папека зь Берасьцейскай вобласьці, які цалкам адмовіўся. Сказаў, што яму засталося 3 месяцы і ён гатовы даседзець.

    Я не адчуваў сораму за тое, што я падпісаў. Я яшчэ якраз даведаўся, што жонка трапіла ў шпіталь, і калі б я быў дома, была б ёй дапамога. Але нават і бяз гэтага я б падпісаў, бо я ня бачу тут вялікага кампрамісу. Лепш на волі, чым ты там будзеш. Але я паважаю ягоны выбар, гэта супэрмужнасьць, малайчына. Ён так вырашыў і стаіць на сваім. Але я не асуджаю таго, хто падпісаў і прызнаў сваю віну. Сярод нашых хлопцаў-аднадумцаў, якія з жоўтай біркай, ёсьць і тыя, якія прызналі сваю віну. Але ў іх адна сытуацыя, у мяне іншая. Я як журналіст працаваў, чаго мне прызнаваць віну?»

    Чаму ня зьехаў раней і чаму зьехаў цяпер

    «Я сьвядома не хацеў зьяжджаць. Я казаў так: я мог зьехаць яшчэ ў 90‑я гады, калі я езьдзіў на нейкія журналісцкія сэмінары ў Амэрыку, у Англію. Я мог даўно зьехаць, папрасіць прытулку. Але гэта быў мой сьвядомы выбар, што я мушу быць тут, у Беларусі, на сваёй радзіме, тут мець карані, дзяцей, унукаў. І да апошняга я настаяў на гэтым. І толькі аргумэнты, што мая адмова можа прывесьці да таго, што іншыя мае калегі ня выйдуць, пераканалі мяне. І другі аргумэнт, што затрыманьне можа ператварыцца з паўтара года ў большы тэрмін. Гэта падзейнічала, і я ўсё ж прыняў рашэньне пагадзіцца і зьехаць».

    «Ці дарэмна мы сядзім»?

    «У мяне ўражаньне, што на волі больш хаваюць думкі, чым там у няволі. Мы ходзім, у нас жоўтыя біркі, мы такія. А ў няволі, калі ты будзеш праяўляць сябе, цябе з працы звольняць, і рэальна гэта адбываецца. Шмат хто ў мяне там пытаўся: „Ці дарэмна мы там сядзім? Няўжо вы думаеце, што дарэмна?“. Я заўжды адказваў, што не, не дарэмна. Толькі хтосьці думае, што гэта ўсё адбудзецца значна раней. Я ня зь іх ліку. Я думаю, што гэта адбудзецца пазьней. Можа, яшчэ пройдзе цэлы цыкль дзесяцігадовы. Бо не вырашаюцца такія праблемы за мяжой. З‑за мяжы можна дапамагчы, спрыяць. А ўсё вырашаецца там».

    Чытайце яшчэ:

    Медыяменеджар Навоша: «У кожнага, хто выказаўся супраць крадзяжу выбараў, будуць адбіраць, што змогуць»

    Гомельскага журналіста і краязнаўца Яўгена Меркіса перавялі ў СІЗА

    Трымаюцца бадзёра, не губляюць надзеі: сабралі навіны ад калег-палітвязняў

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці