Паўла Мажэйку пакінулі пад вартай яшчэ на два месяцы
1 лістапада скончыўся папярэдні тэрмін утрымання пад вартай гродзенскага журналіста Паўла Мажэйкі, але яго не вызвалілі. Гэта значыць, што тэрмін затрымання яму працягнулі яшчэ на два месяцы.
Паўлу абмежавалі пасылкі і бандэролі – іх вага ўлічваецца ў агульную штомесячную вагу перадач у 30 кілаграмаў, хоць вядома, што астатніх вязняў СІЗА гарадзенскай турмы такія абмежаванні не тычацца. Таксама Паўлу блакуюць ліставанне: яму перадаюць лісты толькі ад сям’і, яго лісты таксама даходзяць толькі родным.
Вядомы гарадзенскі журналіст і грамадскі дзеяч Павел Мажэйка быў затрыманы і арыштаваны 30 жніўня ў Гродне. Цяпер ён знаходзіцца за кратамі ў СІЗА гарадзенскай турмы. За што — дакладна невядома, адвакат знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні. 20 верасня праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі Паўла палітычным вязнем.
У абарону журналіста з патрабаваннем яго вызвалення выступіла таксама Еўрапейская федэрацыя журналістаў.
У сеціве з’явілася старонка, прысвечаная Паўлу Мажэйку. Сайт распавядае, хто такі Павел, чаму ён — чалавек-легенда, і як яго можна падтрымаць.
Павел Мажэйка — вядомы журналіст, менеджар культуры, стваральнік ліквідаванай уладамі культавай гарадзенскай прасторы «Цэнтр гарадскога жыцця», каардынатар выдавецкай ініцыятывы «Гарадзенская бібліятэка», якая спецыялізавалася на выданні кніг аўтараў з Гродна і пра Гродна.
У сакавіку 2021 года Паўла Мажэйку затрымалі разам з мастаком Алесем Пушкіным, які выставіў у «Цэнтры гарадскога жыцця» партрэт дзеяча антысавецкага руху часу Другой сусветнай вайны. У дачыненні да Паўла распачалі крымінальную справу «за наўмысныя дзеянні, скіраваныя на рэабілітацыю і апраўданне нацызму». Аднак пасля 72 гадзін затрымання Паўла вызвалілі з фармулёўкай «зніклі падставы для затрымання». У канцы 2021 года крымінальную справу супраць яго спынілі. Пасля гэтага Павел мог з’ехаць з Беларусі, аднак ён заставаўся ў краіне.
Адрас для лістоў і паштовак:
230023, г. Гродна, турма № 1, СІЗА, вул. Кірава, 1.
Мажэйку Паўлу Іванавічу