Скандал ва Украіне: за камандай журналістаў-расследавальнікаў сачылі. Медыйшчыкі лічаць гэта кампаніяй па запалохванні
У гучны скандал трапіла каманда расследавальнікаў з украінскага праекта Bihus.Info. З'явілася відэа, на якім зафіксавана, як яго супрацоўнікі ўжываюць, верагодна, забароненыя рэчывы. Хто сачыў за камандай і арганізаваў зліў? Першакрыніца сюжэту — інфармацыйны рэсурс «Народная правда», галоўрэд якой Марыя Швяцова нібыта працавала ў «Нашай Ниве» (назва выдання пазначаная менавіта так). У беларускай рэдакцыі «НН» гэтую інфармацыю нам абверглі.
Тры дні таму, 16 студзеня, у інтэрнэце з’явілася відэа, на якім зафіксавана, як супрацоўнікі Bihus.Info, верагодна, ужываюць забароненыя рэчывы. Пасля гэтага высветлілася, што за камандай сачылі каля года, а ролік складаецца з розных аўдыёзапісаў, якія былі зробленыя за працяглы перыяд часу — паміж прыведзенымі размовамі прайшло некалькі месяцаў.
Кіраўнік праекта Дзяніс Бігус запісаў відэазварот з тлумачэннямі і запэўніў, што ўсе, хто супрацоўнічае з Bihus.Info, здадуць тэсты на ўжыванне наркотыкаў. А тыя, хто быў зафіксаваны на відэа, з’яўляліся аператарамі (а не журналістамі), і ўжо звольненыя.
Факт сачэння за журналістамі-даследчыкамі выклікаў вострую рэакцыю не толькі ў медыясферы, але і ў палітычных колах. Каманда праекта фіксавала не толькі злачынствы расійскіх вайскоўцаў, але таксама шмат часу прысвячала аналізу карупцыйных схем украінскіх чыноўнікаў, іх эканамічных інтарэсаў і неадпаведнасці выдаткаў і даходаў, пазначаных у дэкларацыях.
Вымушаны быў адрэагаваць прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Ён паведаміў, што правёў нараду з праваахоўнікамі, у тым ліку з кіраўніком СБУ Васілём Малюком. Абмяркоўвалася сачэнне за журналістамі Bihus.Info.
Камісія па журналісцкай этыцы апублікавала заяву з нагоды ціску на ўкраінскіх журналістаў-расследавальнікаў і назвала гэта небяспечнай пагрозай для дэмакратыі і будучыні краіны.
— Праслухоўванне, прыхаваная здымка, няпрошаныя візіты па адрасе пражывання, цкаванне ў сацыяльных сетках, абвінавачванні ў нібыта парушэнні заканадаўства — усё гэта мы расцэньваем як запалохванне журналістаў-расследавальнікаў і іх каманд, — сказана ў каментары. — Мэтай такіх нападаў з’яўляецца знішчэнне рэпутацыі вядомых журналістаў і правакаванне недаверу да журналісцкіх расследаванняў ва Украіне.
У заяве камісіі таксама адзначаецца, што следствам ўмяшання ў прыватнае жыццё медыйшчыкаў можа быць раскрыццё канфідэнцыйных крыніц. Гэта можа прадстаўляць пагрозу для крыніц і ў будучыні ўскладніць пошук інфармацыі для ўсіх журналістаў.
Цікавасць выклікае спосаб распаўсюджвання кампраметуючай інфармацыі. Зліў аб камандзе Bihus.Info з’явіўся на непапулярным рэсурсе «Народная правда». Відэа суправаджалася такімі каментарамі: «адваротны бок Bihus.Info: нюхнулі фена, закінуліся MDMА, курнулі травы і пагналі рабіць расследаванні».
Як сцвярджае ўкраінская фактчэкерка Алена Раманюк, галоўнага рэдактара выдання «Народная правда» Марыі Швяцовай не існуе. Гэта выдуманая асоба. Яна выказала здагадку, што яе фота згенеравана штучным інтэлектам: вочы ненатуральнай формы, таксама нешта вельмі дзіўнае з завушніцамі — яны не ўваходзяць у мочкі і расплываюцца.
Аўтар БАЖ скарыстаўся сэрвісам AI or not, які таксама ідэнтыфікаваў малюнак як, хутчэй за ўсё, выяву, створаную нейрасеткай.
Цікава, што адным з месцаў, дзе нібыта працавала Марыя Швяцова, пазначаная «Наша Нива». Але такога выдання ва Украіне няма. БАЖ звярнуўся па каментар у беларускую рэдакцыю «Нашай Нівы», дзе падкрэслілі, што такой супрацоўніцы ў іх ніколі не было. Астатнія месцы працы Марыі Швяцовай таксама выклікаюць пытанні: паводле Алены Раманюк, ва Украіне няма выданняў «Новости Киева» і «Антикоррупционер».
Мяркуючы па ўсім, гісторыя толькі разгараецца, і ва ўкраінскіх журналістаў-расследавальнікаў ёсць моцны стымул даведацца, хто хаваецца за «Народной правдой» і хто арганізаваў сачэнне за супрацоўнікамі Bihus.Info.
Чытайце яшчэ:
«Сёння цана памылак вельмі высокая». Як ва ўмовах эміграцыі і «прававога дэфолту» ў Беларусі працуюць журналісты-расследавальнікі
Станіслаў Івашкевіч: Каб перамагчы антысанкцыйнае лобі, трэба безумоўныя і стоадсоткавыя доказы «кармушкі»
Былыя журналісты БРЦ стварылі новае расследавальніцкае медыя — «Бюро»