• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Палітзняволенага блогера Паўла Вінаградава перавялі з калоніі ў гродзенскую турму

    Сёння стала вядома, што палітзняволенаму Паўлу Вінаградаву змянілі рэжым адбыцця прысуду на больш строгі — рашэннем суда яго перавялі з папраўчай калоніі на турэмны рэжым. Працэс, які пачаўся ў судзе Ваўкавыскага раёна 6 снежня, насіў назву «Аб пераводзе ў папраўчую ўстанову іншага віду і змянення умоў рэжыму». Вёў яго суддзя Мікалай Сяргейка.

    Пра гэта паведаміла на сваёй старонцы ў Face­book жонка палітзняволенага блогера Святлана Вінаградава. «Паўла Вінаградава перавялі на турэмны рэжым тэрмінам на адзін год. Яго новы адрас: 230023, г. Гродна, вул. Кірава, турма №1», — напісала яна.

    Павел Вінаградаў — грамадскі актывіст, блогер, тэлевядоўца. Яго затрымалі 22 снежня 2021 года ў Беразіне, дзе ён жыў з сям’ёй. За допіс у Face­book Паўла абвінавацілі паводле трох крымінальных артыкулаў: арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці), арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), арт. 387 КК (паклёп на прэзідэнта).

    Суд над Паўлам Вінаградавым распачаўся 10 сакавіка 2022 года ў Мінскім абласным судзе і праходзіў у закрытым рэжыме. Прысуд абвесцілі 16 сакавіка 2022 года — пазбаўленне волі на 5 гадоў з адбыццём у калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

    Сутнасць справы супраць Паўла Вінаградава, па якой ён атрымаў год турэмнага рэжыму, пакуль невядомая. Але вядома, што сёлета адміністрацыя папраўчай калоніі № 11 у Ваўкавыску стварыла невыносныя ўмовы палітвязню. «Тут не смажаць бульбу, тут смажаць людзей», — так гэтыя ўмовы апісаў сам Павел Вінаградаў. Паводле звестак, якія Павел перадаў на волю, «апошнія амаль шэсць месяцаў з сямі правёў у ШІЗА з дробнымі перапынкамі, зараз атрымаў два месяцы ПКТ (памяшканне камернага тыпу — БАЖ)».

    У калонію ў Ваўкавыску Павел Вінаградаў быў накіраваны ўлетку 2022 года, але неўзабаве стала вядома, што ён захварэў на сухоты. Палітвязня перавялі ў Оршу ў спецыялізаваную калонію № 12, дзе ўтрымліваюць асуджаных, якія хварэюць на туберкулёз. К таму часу малады мужчына рэзка страціў вагу — схуднеў на 36 кілаграмаў.

    Але такі стан здароўя вязня не перашкодзіў адміністрацыі ПК-12 змясціць яго амаль адразу ў штрафны ізалятар на месяц і пазбавіць харчовай перадачы ад сваякоў.

    Пасля ШІЗА Вінаградава паўгода трымалі памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Пасля завяршэння курсу лячэння ў ПК-12 сёлета ў лютым яго вярнулі ў ваўкавыскую калонію.

    Яшчэ ў жодзінскай турме, дзе Паўла ўтрымлівалі да суда, яго паставілі на ўлік як «схільнага да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю і хуліганскіх праяў». Падчас следства таксама трымалі тыдзень у ШІЗА.

    Грамадскі актывіст стаў палітвязнем другі раз. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года яго асудзілі на 4 гады зняволення па абвінавачанні ва ўдзеле ў пратэстах.

    Павел Вінаградаў — адзін з рэкардсменаў у прэвентыўных затрыманнях, яго затрымлівалі літаральна перад усімі масавымі мерапрыемствамі.

    Незадоўга да затрымання, у лістападзе 2021 года, Павел Вінаградаў пасля чарговага паходу ў Следчы камітэт у якасці фігуранта той самай справы, за якую ён атрымае 5 год калоніі, сказаў у інтэрв’ю «Радыё Свабода», што не збіраецца пакідаць Беларусь.

    «Мой прагноз, што ўсё гэта скончыцца добра. Калі гэтае “добра” будзе, я сказаць не вазьмуся. Але будзе дакладна. У 2020 годзе мы ўсе думалі, што ўжо вось-вось. У 2021 ужо няма такога адчування. Але ў Беларусі проста няма іншага выбару, як стаць нармальнай дэмакратычнай краінай», — зазначыў тады Павел Вінаградаў.

    Чытайце яшчэ:

    У Варшаве загінула рэдактарка Марына Бірукова

    У «Прэсбола» з’явіўся новы галоўны рэдактар

    Пайшоў на работу і не вярнуўся. Зніклымі лічацца 84 журналісты — расказваем некаторыя гісторыі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці