• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пачаўся суд над колішнім тварам тэлеканала АНТ Дзмітрыем Семчанкам

    У Мінскім гарадскім судзе 21 сакавіка пачаўся працэс над палітычным тэлеаглядальнікам Дзмітрыем Семчанкам. Яшчэ нядаўна пазнавальнага прапагандыста і кіраўніка прэзідэнцкага пулу журналістаў вінавацяць у «распальванні варажнечы». 

    Як вынікае з распаўсюджанага афіцыйнага паведамлення, на працэс прызначаны суддзя Яўген Пісарэвіч. Першае пасяджэнне запланаванае ў адкрытым рэжыме, але, як паказвае практыка,  нярэдка палітычныя справы дзеля захавання «таямніцы следства», ледзь пачаўшыся, далей праходзяць за зачыненымі дзвярыма.    

    Аднаму з колішніх «твараў» дзяржаўнага тэлеканала АНТ інкрымінуюць  ч.1  арт. 130 Крымінальнага кодэкса — «распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варажнечы».

    Максімальная санкцыя артыкула прадугледжвае да 5 гадоў зняволення. 

    Ад канца 2022 года Дзмітрыя Семчанку ўтрымліваюць у следчай турме № 8 Жодзіна. Раней Генеральная пракуратура патлумачыла, за што менавіта была санкцыянавана мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

    «Падазраваны цягам 2020–2022 гадоў у розных тэлеграм-каналах і чатах размясціў публікацыі, скіраваныя на фармаванне ў грамадскасці варожасці і нянавісці да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, ваеннаслужачых і прадстаўнікоў улады. З улікам акалічнасцяў учыненага і асобы падазраванага ў дачыненні да яго абраная мера ўтрымання пад вартай», — заявілі ў ведамстве.

    Яшчэ перад затрыманнем Дзмітрый Семчанка захапіўся паэзіяй, не закінуў гэты занятак і за кратамі — працягвае займацца творчасцю, у турэмных колах яго ўжо добра ведаюць як «паэта-лірыка».  

    Першапачаткова Дзмітрыя Семчанку і ягоную жонку Юлію, таксама дыпламаваную журналістку, затрымалі 15 верасня 2022 года за «рэпосты з экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў». Паколькі сям’я выхоўвае непаўнагадовага сына, маці абышлася адміністрацыйным штрафам, а Дзмітрыя арыштавалі на 15 сутак — з новай фармулёўкай «за хуліганства». Такое рашэнне прыняла суддзя Фрунзенскага раёна Мінска Юлія Блізнюк.

    У вызначаны тэрмін Дзмітрыя Семчанку на свабоду не выпусцілі, 30 верасня ў Фрунзенскім РУУС склалі новы пратакол. Чарговы суд прызначыў пакаранне тэрмінам 13 сутак адміністрацыйнага арышту за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Аднак 13 кастрычніка, калі мінаў чарговы тэрмін, дома яго зноў не дачакаліся.

    Агулам па адміністрацыйных артыкулах Семчанка правёў за кратамі амаль паўтара месяца, а пасля гэтага стала вядома, што супраць журналіста пачалі крымінальную справу на падставе ч. 1 арт. 130 КК. Праваабаронцы прызналі яго палітычным вязнем.

    Цягам 2009–2020 гадоў у якасці спецыяльнага карэспандэнта, а пасля палітычнага аглядальніка Дзмітрый Семчанка працаваў на тэлеканале АНТ. Ён пераможца конкурсу для праўладных СМІ «Тэлевяршыня», лаўрэат шматлікіх прафесійных прэмій. За сукупнасць заслуг атрымаў давер ад калег-прапагандыстаў узначаліць «прэзідэнцкі пул» з найбліжэйшага медыйнага атачэння Аляксандра Лукашэнкі.

    Аднак у жніўні 2020-га публічна асудзіў беспрэцэдэнтную жорсткасць сілавых структур і на знак пратэсту звольніўся з тэлеканала. Ужо 10 верасня 2020 года па яго прыйшла «група захопу», дома зладзілі ператрус. Следам суддзя Юлія Блізнюк пакарала былога тэлевядоўцу 15 суткамі арышту паводле «народнага» артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

    Нейкі час Дзмітрый Семчанка заставаўся беспрацоўным, а ў лістападзе 2020 года яго запрасілі на пасаду піяр-менеджара ў кампанію «Белагра», якая займаецца продажам беларускай сельгастэхнікі і запчастак.

    Летась 29 верасня ў «Белагра» прыйшлі сілавікі, арыштавалі два дзясяткі спецыялістаў з ліку кіраўніцтва ды супрацоўнікаў. Як вынік — крымінальныя і адміністрацыйныя справы за ўдзел у акцыях пратэсту і падпіскі на «дэструктыўныя» інтэрнэт-рэсурсы.

    Адной з прычын надзвычайнага інтарэсу праваахоўнікаў да камерсантаў называлася менавіта тое, што ўзялі на працу «здрадніка і перабежчыка».

    Чытайце яшчэ:

    У Брэсце вынесены прысуд блогеру Дзмітрыю Гарбунову: 1,5 гады калоніі за допісы ў сацсетках

    Адвакат і бацька Ігара Лосіка збіраюцца тэрмінова ехаць у калонію

    Вялікі ТОП карысных нейрасетак на ўсе выпадкі жыцця

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці