• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Кіраўнік аўтамабільнага рэсурса av.by з’ехаў на Кіпр, каб не патрапіць пад мабілізацыю на фронт

    Генеральны дырэктар самага буйнога ў Беларусі аўтамабільнага інтэрнэт-праекта av.by Дзмітрый Геранін тэрмінова з’ехаў на Кіпр. Як ён даў зразумець – падалей ад “частковай мабілізацыі”.

    “Я вельмі разлічваю вярнуцца ў Мінск, але пакуль тут, у Лімасоле, — напісаў менеджар на сваёй старонцы ў Face­book. — Склаў жыццё ў заплечнік і, калі так падумаць, у дарогу спатрэбілася толькі брытва і зубная шчотка”.

    35-гадовы Дзмітрый Геранін — грамадзянін Расіі, хоць нарадзіўся у Эстоніі. Пасля школы Дзмітрый паступіў на матэматычны факультэт па спецыялізацыі «камп’ютарная бяспека» ў Самарскі дзяржаўны ўніверсітэт, паралельна вучыўся на перакладчыка. Ад 2008 года стаў працаваць з інтэрнэт-праектамі ў Маскве, а следам паступіла прапанова паспрабаваць сябе ў ролі  кіраўніка новага праекта ў Мінску.

    У лютым 2017 года Дзмітрый Геранін переехаў у Беларусь і прыступіў да кіравання аўтамабільным рэсурсам av.by — віртуальнай пляцоўкай з некалькі мільёнамі карыстальнікаў, дзе знаходзяць адзін аднаго прадавец і пакупнік.

    У той год  найбуйнейшы ў Беларусі сайт аўтааб’яў абвесціў пра зліццё з канкуруючым сэрвісам a.tut.by пры падтрымцы найбуйнейшага беларускага фонду прамых інвестыцый «Зубр Капітал». 

    “Я прыняў рашэнне аб пераходзе на av.by далёка не адразу, — дзяліўся ён па прыездзе. – Найперш, гэта іншая краіна. Таму ўзважваў усе «за» і «супраць», і грошы адыгрывалі тут далёка не першую ролю. Галоўнае, што моцна падкупіла, — удзельнікі рады дырэктараў. Гэта “Зубр Капітал”, асабліва Алег Хусаенаў — моцны лідар, які можа даць многае са свайго досведу. Другі гулец — TUT.BY, ад яго ў раду ўваходзіў Саша Чэкан. У яго быў досвед працы са стартапамі. Другое, што падкупіла, — гэта поўная свабода творчасці, якую мне далі”.

    Новаўтвораная кампанія «Автоклассифайд» адразу ўвайшла ў Парк высокіх тэхналогій. За 5 гадоў яе абноўлены сайт шматразова прырос новай аўдыторыяй, аднак рэаліі перашкодзілі набраць крэйсерскую хуткасць. Напачатку 2022 года ў інтэрв’ю парталу «Прабізнэс» пра стан av.by ён расказваў так:

    «З пункту гледжання кампаніі гэта быў добры час, нават нягледзячы на ​​тое, што не ўдалося дасягнуць усіх пастаўленых задач. Для любога кіраўніка важна сабраць каманду, якая можа працаваць аўтаномна. І мне падаецца, што ў 2021 годзе гэта атрымалася зрабіць… 2021 з пункту гледжання сумеснай працы — самы яркі за ўсе пяць гадоў, мы на максімальным узроўні зладжанасці.

    Працэс стартаваў яшчэ ў 2020 годзе, калі пачалася гісторыя з правалам мясцовага аўтарынка. Каранавірус на ўсіх паўплываў — гэта відавочна… Пачынаючы з вясны 2020 года каманда стала нарошчваць мэнэджарскія кампетэнцыі, і гэта выявілася ў тым ліку ў фінансавых выніках. Калі ў 2020 годзе мы выраслі на 18% па выручцы, то ў 2021 — на 21%. І тэмпы росту паскараюцца. Гэта вынік таго, што каманда працуе паспяхова. У складаныя часы можна разваліцца, а можна стаць мацнейшым. У нас другі варыянт.»

    Апошняй кропляй, як вынікае з учынку Дзмітрыя Гераніна, стала аб’яўленая Крамлём “частковая мабілізацыя”, пад якую ён як грамадзянін Расіі таксама патрапляе. І, каб не выпрабоўваць лёс, вырашыў перачакаць смутныя часы далей ад эпіцэнтру падзеяў.  

    “Прыкладна ўяўляючы, да чаго ўсё ідзе, зганяў у масковію (арфаграфія аўтарская – БАЖ) і зрабіў усёй сям’і новыя дадатковыя пашпарты — у Расіі так можна. Таму найменей 10-гадовы запас у мяне ёсць”, — напісаў Геранін у сацсетках.

    Журналістам стала вядома, што беларускія сілавікі атрымалі ўказанні адносна таго, як дзейнічаць з расіянамі, якія едуць у Беларусь хавацца ад мабілізацыі — пасля абвяшчэння “частковай” мабілізацыі дзясяткі тысяч асобаў прызыўных параметраў літаральна бягуць з краіны. У сеціве вялізная колькасць фота і відэа чэргаў на межах з Фінляндыяй, Манголіяй, Казахстанам, а з Беларуссю доступ наогул нічым не абмежаваны.

    Паводле крыніцаў у праваахоўных органах, следам за загадам Пуціна ў Беларусі пачалі вылічваць грамадзян суседняй краіны. У межах “зачысткі”  ўжо адбыўся хапун на рынку пад Мінскам, дзе на ідэнтыфікацыю забралі каля сотні чалавек.

    Акрамя таго, даведзена назіраць за пасажырамі сталічнага аэрапорта, арантадарамі кватэр на суткі, кіроўцамі машын з расійскімі нумарамі і г. д. 

    Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін абвесціў аб правядзенні мабілізацыі 21 верасня. Гэта адбылося пасля таго, як украінскія войскі імклівым наступам вызвалілі Харкаўскую вобласць і падступаюць да Херсона. Ад пачатку месяца ініцыятыва застаецца ў руках ЗСУ, якія прымушаюць ворага абараняцца і адступаць. На гэтым фоне расійскія ўлады задумалі кінуць на фронт як мінімум 300 тысяч мабілізаваных рэзервістаў. 

    Чытайце яшчэ:

    Родная мова на польскіх хвалях. Гутарка з галоўнай рэдактаркай беларускай службы польскага радыё Ўнэт

    Пачаўся суд над аўтарам рэзанансных журналісцкіх расследаванняў Сяргеем Сацуком

    Правайдэраў абавязалі за некалькі гадзін абмяжоўваць доступ да “забароненых” інтэрнэт-рэсурсаў

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці