Пачаўся суд над аўтарам рэзанансных журналісцкіх расследаванняў Сяргеем Сацуком
У Мінскім гарадскім судзе 23 верасня пачаўся працэс над журналістам-расследавальнікам, галоўным рэдактарам інтэрнэт-партала "Ежедневник" (ej.by) Сяргеем Сацуком. Праваабаронцы прызналі яго палітычным вязнем.
Сяргея Сацука затрымалі 8 снежня 2021 года і на гэты момант вінавацяць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: “атрыманне хабару” (арт. 430), “распальванне варажнечы” (арт. 130), “перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў” (арт. 426).
Разглядае справу суддзя Святлана Бандарэнка, вядомая ў журналісцкім асяродку перадусім тым, што адправіла за краты карэспандэнтку тут.бай Кацярыну Барысевіч за матэрыял пра гвалтоўную смерць гарадскога актывіста Рамана Бандарэнкі — т. зв. справа “нуль праміле”.
Пачатак суда адкрыты, але, як ужо часта здаралася, няма гарантыі, што надалей дзеля “неразгалошання таямніцы следства” яго не перавядуць у рэжым сакрэтнасці. Пакуль на парадку агульныя працэдурныя пытанні.
Сяргей Сацук выступае фігурантам трох вонкава не звязаных паміж сабой крымінальных спраў, аднак, як мяркуюць назіральнікі, падстава для пераследу адна — ягоныя рэзанансныя расследаванні. Самыя гучныя тычыліся медыцынскай галіны, якую ў апошнія гады скалынула серыя скандалаў з масавымі арыштамі высокапастаўленых “пярэваратняў” у белых халатах.
Так, сапраўдны пярэпалах выклікаў артыкул пра пастаўкі ў Беларусь карэйскага прэпарата «Эўпента». Пасля прышчэпкі летам 2018-га ў Ганцавічах памерла двухмесячнае дзіця. Журналіст выявіў, што незарэгістраваная вакцына да таго ўжо год як прымянялася і паставіў пад сумнеў тлумачэнні Міністэрства аховы здароўя аб “поўнай бяспецы лекаў”. Вакцына «Эўпента» на той момант не была зарэгістраваная нават у краіне-вытворцы і знаходзілася ў раздзеле навуковых распрацовак. Аднак за лагічнае пытанне — хто дазволіў эксперыментаваць на беларускіх дзецях і панясе за гэта адказнасць — да адказнасці паспрабавалі прыцягнуць самога аўтара.
Дзяржаўны тэлеканал «Беларусь 1» паказаў сюжэт, які абвінавачваў Сяргея Сацука ў напісанні “заказных артыкулаў”.
Адзін з бізнесменаў нібыта аплаціў тэкст аб “карупцыйных закупках імпартных тавараў медыцынскага прызначэння”. У адказ журналіст заявіў, што не мае патрэбы ў хабарах, бо адкрыта публікуе ў «Ежедневнику» рахунак для збору сродкаў на падтрымку сваіх расследаванняў. Пра што задоўга да «выкрыцця» прапагандыстаў расказаў у артыкуле «Калі надакучыла сістэмная карупцыя ў Беларусі».
Тым не меней, паводле яго слоў, зярняты “тэлекілераў” былі кінутыя ва ўдобраную глебу, і неўзабаве да яго прыйшоў “ганец”, які папярэдзіў: калі не спынішся, “альбо грымнуць, альбо пасадзяць”. Урэшце здарылася меншае з двух ліх: на фоне чарговага выкрыцця сумнеўнай афіцыйнай статыстыкі з каранавірусам па журналіста прыйшлі людзі ў цывільным.
23 сакавіка 2020 года Сяргей Сацук апублікаваў артыкул «Дык хто сее паніку вакол каранавіруса – прэзідэнт або сайты?», у якім засумняваўся ў дакладнасці афіцыйных лічбаў аб распаўсюдзе COVID-19 у Беларусі. А ўжо праз два дні ён сядзеў у следчым ізалятары. Тады сам Лукашэнка публічна загадаў КДБ разабрацца з “пісакамі”, якія публікуюць “фэйкі” пра шматлікія смяротныя выпадкі і нібыта забарону сваякам памерлых размаўляць з прэсай”.
Праўда, на заднім фоне набірала развіццё масштабная «справа ўрачоў», ініцыяваная ўжо не журналістам, а праваахоўнымі органамі, таму праз тыдзень пракурор змяніў меру стрымання пад падпіску аб нявыездзе.
Аднак праз паўтара года бумеранг ад сілавікоў зноў вярнуўся — Сяргея Сацука ізноў затрымалі 8 снежня 2021 года — фармальна па старой справе аб «атрыманні хабару». А ўжо ў няволі справа журналіста пачала абрастаць новымі эпізодамі.
Сяргею Сацуку 54 гады, ён нарадзіўся ў Жодзіне. У яго ёсць брат-блізнюк Аляксандр, які балюча перажывае гвалтоўную ізаляцыю самага блізкага чалавека. Неўзабаве пасля надзвычайнага здарэння расказваў, што ніхто не планаваў стаць журналістам. Пасля войска на сумежжы 1980–90‑х разам пайшлі ў будаўнікі — адзінае, што любілі складаць розныя гісторыі.
Сяргея “засмактала” глыбей, пачаў пісаць паўнавартасныя фантастычныя апавяданні. На хвалі назапашанага за савецкімі часамі кніжнага голаду выдаўцы адважыліся надрукаваць адразу серыю ягоных твораў: навукова-фантастычную трылогію “Миротворцы конуса” і раман “Спецподразделение чистки”. Так аўтар-дэбютант вырашыў працаваць з тэкстамі і незаўважна перайшоў у журналістыку.
У 23 гады паступіў на факультэт журналістыкі БДУ і паралельна пачаў супрацоўнічаць з “Белорусской деловой газетой” пад кіраўніцтвам Пятра Марцава. Праз нейкі час перацягнуў працаваць туды і роднага брата. Але неўзабаве ўлады апалчыліся на шматтыражнае бізнес-выданне “БДГ” і знішчылі яго. Аляксандр у выніку перакваліфікаваўся ў юрыста, а Сяргей з аднадумцамі рэалізаваў ідэю першай у краіне лічбавай PDF-газеты “Ежедневник”.
У дзень затрымання Сяргея Сацука 8 снежня 2021 года доступ да сайта электроннага выдання быў заблакаваны рашэннем Міністэрства інфармацыі.
Чытайце яшчэ:
Родная мова на польскіх хвалях. Гутарка з галоўнай рэдактаркай беларускай службы польскага радыё Ўнэт
Правайдэраў абавязалі за некалькі гадзін абмяжоўваць доступ да “забароненых” інтэрнэт-рэсурсаў
Спыніла выхад адна з апошніх незалежных газет Магілёўшчыны