• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    ЕС заклікаў Google і Facebook маркіраваць кантэнт, створаны штучным інтэлектам

    Заклік прагучаў на фоне дзеянняў па барацьбе з дэзынфармацыяй з Расіі. Адначасова Еўракамісія папярэдзіла Twitter аб выкананні новага закона аб лічбавых паслугах, піша «Наша Ніва».

    Як паведамляе The Guardian, ЕС заклікаў сацыяльныя сеткі і рэсурсы, у тым ліку Google і Face­book, «неадкладна» пачаць маркіраваць кантэнт і выявы, створаныя штучным інтэлектам, у рамках мер барацьбы з фэйкавымі навінамі і дэзынфармацыяй з Расіі.

    У той жа час ЕС папярэдзіў кампанію Twit­ter, якая два тыдні таму выйшла з добраахвотнага збору правілаў ЕС, што ёй пагражаюць «хуткія» санкцыі, калі яна не будзе выконваць закон Еўрапейскага саюза аб лічбавых паслугах, што ўступіць у сілу 25 жніўня гэтага года.

    З пазначанага часу буйныя анлайн-платформы, у тым ліку і Twit­ter, павінны будуць выконваць юрыдычныя абавязанні па праверцы кантэнту. Кампаніі, якія парушаюць гэта правіла, будуць несці юрыдычную адказнасць. Ім пагражае штраф да 6% ад гадавога сусветнага абароту. У горшым выпадку кампаніі-неплацельшчыкі могуць сутыкнуцца з магчымай забаронай на вядзенне бізнэсу ў ЕС.

    У рамках больш шырокіх намаганняў па барацьбе з расійскай дэзынфармацыяй ЕС таксама папрасіў Face­book і іншыя арганізацыі вылучыць больш рэсурсаў на праверку фактаў у дачыненні да кантэнту на мовах меншасцяў ва Усходняй Еўропе, дзе расійскія дэзынфармацыйныя кампаніі лічацца пагрозай.

    «Гэта не проста бізнэс. Чаго хочуць рускія, дык гэта падарваць грамадскую думку нашых грамадзян у падтрымку Украіны»,

    — заявіла віцэ-прэзідэнт Еўракамісіі Вера Юрава.

    ЕС вядомы як лідар у рэгуляванні дзейнасці тэхналагічных кампаній. Ён распрацоўвае асобныя законы аб штучным інтэлекце з Кодэксам практыкі, які разглядаецца як шлях падрыхтоўкі да новага рэжыму рэгулявання. Кодэкс добраахвотны і ўзгоднены з 44 кампаніямі, у тым ліку з Tik­Tok і YouTube.

    Рашэнне Twit­ter выйсці з добраахвотнага кодэкса было расцэнена як варожы крок, і Юрава назвала яго «памылкай».

    «Twit­ter абраў канфрантацыю. Гэта заўважылі ў Еўракамісіі. Я ведаю, што кодэкс добраахвотны, але не варта рабіць памылак. Калі Twit­ter выйшаў з кодэкса, ён прыцягнуў шмат увагі, і яго дзеянні і адпаведнасць заканадаўству ЕС будуць старанна і тэрмінова правераны»,

    — сказала Юрава.

    ЕС просіць кампаніі маркіраваць кантэнт, створаны штучным інтэлектам такім чынам, каб карыстальнікі маглі гэту маркіроўку заўважыць падчас хуткага прагляду і пераключыць увагу на іншыя рэчы. Еўракамісія хоча, каб карыстальнік мог бачыць, што кантэнт створаны не рэальнымі людзьмі, і каб такі кантэнт быў пазначаны такімі словамі, як «гэта кажа робат».

    Юрава сказала, што кампаніям, якія працуюць у сацыяльных сетках, належыць змагацца з патэнцыйным «цёмным бокам» штучнага інтэлекту, які можа падрабляць падзеі і галасы за лічаныя секунды.

    Некаторыя аналітыкі адзначаюць, што выкананне гэтага новага правіла па-ранейшаму сутыкаецца з тэхнічнымі цяжкасцямі. Адна з такіх перашкод заключаецца ў тым, што на гэтым этапе не існуе тэхналогіі, якая магла б хутка і эфектыўна выяўляць кантэнт, створаны штучным інтэлектам. Таму зараз большасць фірмаў павінна працаваць толькі на аснове «максімальных намаганняў».

    Чытайце яшчэ: 

    «Медиа усиливают эффект поляризации общества». Как проходила защита дипломов в ЕГУ

    Фактчэкінг у карыстальніцкім (і не толькі) кантэнце: прапануем інструкцыю, як раскрываць фэйкі

    Ціхае рэха трагічнай рэчаіснасці. Што не так у Вялікабрытаніі, Галандыі і Швейцарыі з медыятэкстамі пра Беларусь?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці