• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Другое чытанне са старым зместам: «палатачнікі» без пярэчанняў ухвалілі папраўкі ў Закон аб СМІ

    31 траўня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў другім чытанні змены ў закон «Аб сродках масавай інфармацыі». Карэктывы  абумовілі неабходнасцю «сіметрычных адказаў на недружалюбныя выпады супраць беларускай дзяржавы».   

    Дакумент у ніжнюю палату ўнёс 30 сакавіка Савет міністраў. У тлумачальнай частцы ўдакладнялася, што гэта прадыктавана прывядзеннем закона ў адпаведнасць з нормамі абноўленай Канстытуцыі і ліквідацыяй супярэчнасцей з улікам правапрымяняльнай практыкі.

    Пры тым, што змест праекта загадзя не апублічваўся і кулуарныя праўкі ўносіліся абмежаваным колам пад куратарствам дзейнай дэпутаткі і былой кіраўніцы Міністэрства інфармацыі Ліліі Ананіч, 18 красавіка «народныя абраннікі» адзінагалосна ўхвалілі праект у першым чытанні. Не здарылася накладак і падчас паўторнага галасавання 31 траўня. Цяпер на чарзе фармальныя працэдуры ў Савеце рэспублікі і канчатковая віза ад Аляксандра Лукашэнкі. 

    Такім чынам, для медыйнай супольнасці падрыхтавалі наступныя «навацыі», якія яшчэ больш абмяжоўваюць магчымасці прэтэндаваць на нефармальны статус «чацвёртай улады» — пад прыкрыццём таго, што гэта дазволіць «адэкватна і аператыўна рэагаваць на дэструктыўныя працэсы ў СМІ і інтэрнэт-прасторы»:

    – пашырэнне пераліку падстаў для анулявання пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі сродку масавай інфармацыі, абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсу, сеткавага выдання, агрэгатара навін;

    – вызначэнне асаблівасцей функцыянавання навінавых агрэгатараў і прававы статус іх уладальнікаў;

    – дэталізацыя патрабаванняў да дзейнасці ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў, якія распаўсюджваюць прадукцыю тэлевізійных альбо радыёвяшчальных сродкаў масавай інфармацыі;

    – удакладненне парадку дзейнасці замежных сродкаў масавай інфармацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь;

    – замацаванне магчымасці прымянення захадаў у адказ у дачыненні да замежных сродкаў масавай інфармацыі, інтэрнэт-рэсурсаў, журналістаў. 

    «Законатворцы» спасылаюцца на тое, што цяпер дакладна будзе забяспечана канстытуцыйнае права грамадзян на атрыманне поўнай і дакладнай інфармацыі, абарону дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў, нацыянальную бяспеку ў сферы масавай інфармацыі.

    Нагадаем, што ў 2021 годзе Закон аб СМІ ўжо зведаў шэраг навацый у бок больш жорсткіх абмежаванняў для медыйнай супольнасці. Сярод іншага забаранілі рабіць наўпроставыя ўключэнні з масавых пратэстаў; пазбавілі права публікаваць вынікі апытанняў; крыміналізавалі распаўсюд персанальных дадзеных чыноўнікаў; увялі дадатковыя падставы блакаваць любы друкаваны ці інтэрнэт-рэсурс. 

    Аднак, паводле ініцыятараў чарговых карэктыў, з улікам глабальных геапалітычных зрухаў, тэхналагічных рэалій, выклікаў і пагроз наспела неабходнасць унясення новых зменаў. Сярод іх — «сіметрычныя  адказы» на выпады варожых дзяржаў у дачыненні да беларускіх афіцыйных медыя. Верагодна, гаворка перадусім пра абмежаванне доступу да замежных рэсурсаў, якія ўлады адносяць да «нелаяльных дзейнаму рэжыму».

    У прыватнасці, публічную адпаведнасць «нацыянальным інтарэсам» з боку той ці іншай дзяржавы будзе маніторыць Міністэрства замежных спраў. Калі ведамства зафіксуе жэст «нядобрай волі», неадкладна падключыцца Міністэрства інфармацыі з практычнымі рашэннямі, «сіметрычнымі дзеянням недружалюбных краін».  

    Раней міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў прэвентыўна спрабаваў апраўдацца, што, маўляў, не стаіць задача «зачысціць» медыйнае поле, але настаў час яго «ўпарадкаваць». І запэўніў, што Беларусь застаецца адкрытай для ўсіх СМІ, уключна з замежнымі рэдакцыямі, якія выконваюць патрабаванні нацыянальнага заканадаўства. 

    Праўда, з ухваленага дэпутатамі закону вынікае, што любое агучанае меркаванне, якое не супадае з палітыкай афіцыйнайга Мінска, аўтаматычна мае на ўвазе спыненне легальнай дзейнасці.  

    Чытайце яшчэ:

    «Вместо курсов по государственной идеологии — критика идеологий». Как в ЕГУ учат журналистике

    Саюз журналістаў Фінляндыі правёў акцыю ў падтрымку беларускіх палітзняволеных медыйшчыкаў

    Гомельская журналістка Ларыса Шчыракова ўпершыню сустрэлася з сынам у СІЗА

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці