Гомельская журналістка Ларыса Шчыракова ўпершыню сустрэлася з сынам у СІЗА
Гомельскай журналістцы і краязнаўцы Ларысе Шчыраковай, якая амаль паўгода знаходзіцца за кратамі следчага ізалятара № 3, 30 мая дазволілі кароткатэрміновае спатканне з роднымі, на якое хадзіў і яе шаснаццацігадовы сын Святаслаў.
Ад агарнуўшых пачуццяў Ларыса нават расплакалася, але неўзабаве справілася з эмоцыямі і нават жартавала. Размаўлялі па тэлефоне праз закратаванае вакно каля дзвюх гадзін.
Спатканне стала магчымым з прычыны скончанага следства ў дачыненні да журналісткі. Сябры паведамляюць, што крымінальную справу супраць Ларысы Шчыраковай паводле арт. 369–1 Крымінальнага кодэкса РБ («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь») перадалі ў пракуратуру для накіравання ў суд.
Што канкрэтна ставяць ёй у віну — невядома. З адваката ўзялі падпіску аб неразгалошванні.
Ларысу Шчыракову затрымалі 6 снежня 2022 года пасля ператрусу ў доме. Яе непаўнагадовага сына Святаслава міліцыя перадала ў сацыяльны прытулак. Забраў з прытулку падлетка бацька, які па выкліку сваякоў адмыслова прыехаў у Гомель з расійскага Новасібірску, дзе жыў асобна каля дзясятка апошніх гадоў.
За кратамі ў красавіку журналістка сустрэла і свой юбілей — 50-годдзе з дня нараджэння.
Яшчэ ў 2021 годзе Шчыракова адыйшла ад журналістыкі, пра што заявіла публічна. Каб не застацца без сродкаў існавання, зарэгістравалася ў выканкаме індывідуальнай прадпрымальніцай. Прапанавала гамельчукам за плату фотаэтнасесіі ў нацыянальных строях са сваёй багатай калекцыі. Мела таксама ўласны праект «Забітыя і забытыя», здымала відэасюжэты пра рэпрэсаваных жыхароў Гомельшчыны і змяшчала іх на YouTube.
У свой час Ларыса скончыла гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францішка Скарыны, выкладала ў школе гісторыю і англійскую мову, а потым захапілася журналістыкай, супрацоўнічала з незалежнымі медыя. За працу без акрэдытацыі ў беларускім МЗС Шчыракову затрымлівалі і на падставе пратаколаў міліцыі штрафавалі праз суды больш як 40 разоў. Асвятляла яна ў рэгіёне і пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
Чытайце яшчэ:
«Вместо курсов по государственной идеологии — критика идеологий». Как в ЕГУ учат журналистике
Сьвятлане Алексіевіч — 75 гадоў. Што яна казала пра вайну і рэпрэсіі
Гомельскаму журналісту і краязнаўцу Яўгену Меркісу прысудзілі 4 гады няволі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму