• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Для нас як нацыі важна пашыраць сваю прысутнасць». Ірэна Кацяловіч — пра запрашэнне ў журы кінапрэміі «Залаты глобус»

     

    Упершыню грамадзянін Беларусі стаў членам журы прэстыжнай прэміі «Залаты глобус», якую штогод уручаюць у ЗША. Ірэна Кацяловіч кажа, што, насамрэч, пра гэта не марыла, бо як кінакрытык і чалавек яна аддае перавагу іншаму, — аўтарскаму кіно.

    Ірэна распавядае, што даведалася пра запрашэнне ў журы з ліста на электронную пошту за подпісам прэзідэнткі HFPA Хэлен Хонэ, «з пацвярджэннем, віншаваннем і стосам прымацаваных дакументаў, якія трэба было прачытаць ці падпісаць». 

    Запрашэнне новых сяброў журы «Залатога глобуса» — разавая ініцыятыва, зладжаная выключна да 80‑й цырымоніі. 

    «Напэўна, гэта было справакавана крытыкай, якой апошнім часам падвяргаецца Галівудская асацыяцыя замежнай прэсы за недастатковую разнастайнасць у колах тых, хто прысуджае адну з галоўных прэмій у свеце вялікага камерцыйнага кіно», — мяркуе Ірэна. 

    У пошуку новых сяброў асацыяцыя звярнулася ў тым ліку да Міжнароднай федэрацыі кінапрэсы (FIPRESCI), удзельніцай якой Кацяловіч з’яўляецца. Ірэна выказала сваю зацікаўленасць, а вось што далей адбывалася ў кулуарах, як праходзіла зацвярджэнне кандыдатуры, яна не ведае. 

    У Галівудскую асацыяцыю замежнай прэсы (HFPA) уваходзіць каля ста чалавек, яшчэ 103 сябра журы, якія не з’яўляюцца членамі асацыяцыі, дадаліся для арганізацыі 80‑й прэміі.

    Паводле Кацяловіч, грамадзяне Беларусі не былі ў журы, хаця беларусы ЗША ці іншых краін — цалкам магчыма.

    Журналістка распавядае, што ў Лос-Анджэлес не паедзе: сябры журы не запрошаныя на цырымонію ўручэння. «Асацыяцыя плануе шэраг мерапрыемстваў у Еўропе, але падрабязнасці гэтага пакуль невядомыя», — кажа яна. 

    Такое беспрэцэдэнтнае запрашэнне для Ірэны цікавае і тым, што як сябра журы яна атрымлівае доступ да вялізнай колькасці фільмаў. 

    «Са мной ужо скантактоўваюцца студыі, уладальнікі аўтарскіх правоў, каб суправадзіць доступам да анлайн-праглядаў, і іх столькі, што пакуль складана нават ахапіць», — кажа яна. 

    А яшчэ ёй важна тое, што Беларусь і прадстаўнікі Беларусі з’яўляюцца ў міжнародных ініцыятывах, у тым ліку такіх «глянцавых» падзеях.

    «Для нас як нацыі важна пашыраць сваю прысутнасць, прычым з беларускім самавызначэннем», — падсумоўвае Ірэна. 

    Ірэна Кацяловіч — беларускі кінакрытык, культурны журналіст, член Міжнароднай федэрацыі кінапрэсы FIPRESCI. Уваходзіла ў склад журы на кінафестывалях у Беларусі, Германіі, Харватыі, Польшчы. Працавала ў рэдакцыі «Нашай Нівы», цяпер працуе на тэлеканале «Белсат».

    «Залаты глобус» — амерыканская кінапрэмія, якую з 1944 года ў Лос-Анджэлесе прысуджае Галівудская асацыяцыя замежнай прэсы за працы ў кінафільмах і тэлевізійных карцінах. Узнагарода ўручаецца кожны год у студзені па выніках галасавання каля 90 міжнародных журналістаў, яна лічыцца адной з самых прэстыжных у кінаіндустрыі і другой па значнасці пасля «Оскара».

    Чытайце яшчэ: 

    “Кінакрытыкі ёсць, а кінакрытыка знікла”. Гутарка з Ірэнай Кацяловіч

    Руководитель «Трибуны» запускает школу видеоблогеров для белорусов

    Саша Романова: «Что чувствуешь, когда лишают гражданства»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці