• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Да «экстрэмісцкіх» адносяць сацсеткі былой карэспандэнткі «Рэгіянальнай газеты»

    Улады працягваюць прэсінг супраць «Рэгіянальнай газеты». Следам за арыштам галоўнага рэдактара Аляксандра Манцэвіча ў пералік «экстрэмісцкіх матэрыялаў» масава дадаюць кантэнт сацсетак і нават акаўнт колішняй супрацоўніцы выдання.  

    Міністэрства інфармацыі абнавіла так званы рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, звесткі пра якія публікуюцца на сайце ведамства.

    Паведамляецца, што рашэннем суда Маладзечанскага раёна ад 27 сакавіка «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнана інфармацыйная прадукцыя акаўнта ў сацсетцы Insta­gram з назвай «Рэгіянальная газета»  (ідэнтыфікатар https://instagram.com/rg_rhby).     

    Той жа суд пастанавіў надаць аналагічны «ярлык» сацсеткам былой журналісткі «Рэгіянальнай газеты» Зоі Хруцкай. Прынамсі ў рэзулятыўнай частцы пазначана, што «падлягае неадкладнаму выкананню» пастанова аб прызнанні «экстрэмісцкім» кантэнту ў сацсетцы «ВКонтакте» з назвай «Зоя Хруцкая» (ідэнтыфікатар  https://vk.com/ripenie).    

    Як стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, да бальшыні дзейных і былых супрацоўнікаў «Рэгіянальнай газеты» ў сакавіку наведваліся з аглядамі і апытаннямі прадстаўнікі праваахоўных структур, цяпер журналісты пад падпіскамі аб «неразгалошванні». 

    Нагадаем, 15 сакавіка сілавікі зладзілі ў Вілейцы ператрус дома ў галоўнага рэдактара і заснавальніка выдання Аляксандра Манцэвіча. Праз два тыдні пад вартай Следчы камітэт інкрымінаваў яму крымінальны артыкул 369–1 («распаўсюд заведама ілжывых звестак, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады»).   

    На гэтым фоне не спыняюцца спробы падвесці пад «экстрэмізм» усё, што звязана з незалежным медыя. Раней у пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў ужо трапілі афіцыйны сайт выдання — rh.by, карпаратыўны тэлеграм-канал, а таксама старонка ў расійскай сацсетцы «ВКонтакте». 

     

    Заснаваная Аляксандрам Манцэвічам у 1995 годзе «Рэгіянальная газета» была вядучым незалежным грамадска-палітычным СМІ, якое асвятляла падзеі ў Маладзечанскім, Ашмянскім, Астравецкім, Валожынскім, Вілейскім, Мядзельскім, Смаргонскім раёнах. 

    Але з 2021 года, калі «праваахоўнікі» атрымалі карт-бланш на расправу з іншадумствам, выданне трапіла ў прыцэл увагі разнастайных кантралёраў у пагонах. У рэдакцыі перманентна адбываліся ператрусы з выняткам тэхнікі, а супрацоўнікаў пад пагрозай пераследу прымушалі маўчаць. У той жа час газета спыніла выходзіць на паперы — пасля 25 гадоў стабільнай дзейнасці.

    Апагей пераследу прыйшоўся на сёлетнюю вясну. Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, якую ініцыяваў Следчы камітэт, Аляксандр  Манцэвіч, будучы кіраўніком рэдакцыі, сумесна з іншымі асобамі ад 1 студзеня 2020 года па 15 сакавіка 2023-га распаўсюджваў у друкаваным выданні і яго інтэрнэт-рэсурсах «заведама ілжывыя звесткі, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады». 

    «У артыкулах змяшчалася недакладная інфармацыя, накіраваная на прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, падрыў аўтарытэту краіны і яе органаў улады, нанясенне ўрону нацыянальным інтарэсам, дэстабілізацыю абстаноўкі сярод грамадзян Беларусі, фармаванне ілжывых уяўленняў аб невыкананні ў рэспубліцы правоў і свабод грамадзян», — гаворыцца ў адмысловай заяве ведамства.

    Ад сярэдзіны сакавіка дзейнасць «Рэгіянальнай газеты» фактычна паралізаваная, магчымасці аднаўлення паўнавартаснай журналісцкай працы на гэты момант няма.   

    Чытайце яшчэ:

    Рэдактарка зіна PAMYŁKA: Трэба было дзесяць год валанцёрыць, каб пабачыць квантавы скачок у грамадстве

    Ідэалагічны міжсабойчык. Ува што ператвараецца факультэт журналістыкі

    У Батумі распачаў працу «Медыя Хаб» — прастора для медыйшчыкаў, якую стварылі беларусы

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці