• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Белтэлерадыёкампанію выключылі са спіса вяшчальнікаў на бліжэйшыя Алімпіяды — ажно да 2032 года

    Беларусь і Расія адсутнічаюць у пераліку паўсотні краін Еўропы, якія атрымаюць права на афіцыйную трансляцыю летніх і зімовых Алімпійскіх гульняў на бліжэйшыя 10 гадоў. Такая плата за сістэматычныя парушэнні правоў чалавека і падтрымку ваеннай агрэсіі супраць Украіны.   

    Як адзначаецца ў прэс-рэлізе Міжнароднага алімпійскага камітэта,  эксклюзіўныя медыяправы на паказ Гульняў 2026–2032 гадоў у Еўропе атрымалі Euro­pean Broad­cast­ing Union (EBU) і Warn­er Bros. Dis­cov­ery. Іх сумесная заяўка перамагла ў тэндары, абвешчаным МАК.

    Агулам у спісе на вяшчанне — 49 дзяржаў за мінусам прадстаўнікоў Беларусі і Расіі.

    Гэта азначае, што “ізгоі-саюзнікі” не змогуць забяспечыць мільённую армію заўзятараў на сваіх тэрыторыях тэлевізійнымі трансляцыямі з зімовай Алімпіяды-2026 у Мілане, летняй Алімпіяды-2028 у Лос-Анджэлесе, зімовай Алімпіяды-2030 (месца агучаць сёлета ў лютым), Алімпіяды-2032 у Брысбене, а таксама Юнацкіх Алімпійскіх гульняў у перыяд 2026–2032 гадоў.

    Беларусь у Еўрапейскім вяшчальным саюзе (EBU) раней прадстаўляла Нацыянальнай дзяржаўная тэлерадыёкампанія (НДТРК РБ), але напрыканцы мая 2021 года выканаўчы савет арганізацыі прыняў рашэнне аб прыпыненні яе членства — з прычыны імклівага пагаршэння сітуацыі са свабодай слова ў Беларусі і ганебнай практыкі прымусовых “пакаяльных” відэа затрыманых апанентаў рэжыму.  

    Міжнародны алімпійскі камітэт аб’явіў свой тэндар 24 лютага 2022 года.  Euro­pean Broad­cast­ing Union і Warn­er Bros. Dis­cov­ery падавалі сумесную заяўку і аказаліся пераможцамі. Яны арганізуюць тэлевяшчанне ў краінах Еўропы праз тэлекампаніі, якія ўваходзяць у EBU, а Warn­er Bros. Dis­cov­ery будзе адказная за стрымінг на лічбавых платформах, у першую чаргу на сваім сэрвісе HBO.

    Першапачаткова ў спісе краін-вяшчальніц былі Беларусь і Расія, але   пасля маштабнай агрэсіі супраць Украіны іх выключылі з тэндарнага працэсу на куплю тэлеправоў. Адпаведна, расійскія і беларускія тэлеканалы ды сэрвісы не атрымаюць афіцыйнага права на вяшчанне Алімпійскіх гульняў ад 2026 да 2032 гадоў уключна.

    Зрэшты, у адміністрацыі Белтэлерадыёкампаніі ўсё яшчэ спадзяюцца на праявы “лістасці” з боку МАК што да бліжэйшай Алімпіяды-2024 у Парыжы. Прынамсі, летась супрацоўнікі спартыўнага канала “Беларусь 5” на чале са сваім дырэктарам Паўлам Булацкім пабывалі на алімпійскіх аб’ектах — праўда, без асаблівага плёну. Аказалася, што праз санкцыі проста з вуліцы “праціснуцца” на Сусветную сустрэчу вяшчальнікаў не атрымалася, таму давялося абмежавацца відамі Эйфелевай вежы. 

    А ўжо пачынаючы з 2026 года, калі EBU пачне валодаць правамі вяшчання на тэлебачанні і лічбавых платформах, беларускія шанцы зводзяцца да нуля. Кожны легальны чалец, за выключэннем Беларусі і Расіі, зможа  трансляваць больш за 200 гадзін летніх Алімпійскіх гульняў і не менш за 100 гадзін зімовых — з шырокім спектрам тэле- і радыётрансляцый, жывых уключэнняў і рэпартажаў праз інтэрнэт, платформаў сацсетак.

    Нацыянальная тэлерадыёкампанія патрапіла ў шосты пакет санкцыяў Еўрасаюза.

    Паводле прызнання старшыні Івана Эйсманта, гэта прывядзе да таго, што будзе страчана значная частка замежнага кантэнту, уключна са спартыўным вяшчаннем.

    Так і адбылося: нядаўні чэмпіянат свету па футболе ў Катары для беларускіх заўзятараў аказаўся недаступным. Праўда, рэакцыя чыноўніка на абмежаванні была крыху дзіўнай. Па яго словах, калі на Захадзе не хочуць, каб беларусы сачылі за сусветным футболам, то ніхто не забароніць “айчынны і расійскі футбол, нашыя гімны і сцягі”.

    Да таго УЕФА выключыў Белтэлерадыёкампанію са спісу афіцыйных вяшчальнікаў футбольнай Лігі нацый, дзе выступае зборная Беларусі, а таксама трансляцый самага рэйтынгавага еўрапейскага клубнага турніру — Лігі чэмпіёнаў.

    Гэтаксама на беларускіх тэлеканалах не дазволеныя паказы іншых рэйтынгавых спаборніцтваў, сярод якіх матчы чэмпіянатаў свету па хакеі, этапы кубкаў па біятлоне, тэнісныя турніры і г. д. Праграма перадач звялася да лакальных падзеяў, абмежаваных так званай “саюзнай дзяржавай”.  

    Чытайце яшчэ:

    Улады 2 гады імкнуцца цалкам знішчыць незалежныя медыі, але тыя працуюць

    «Сьнілася мне, што я вярнуўся дадому». Пра што піша з‑за кратаў журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык

    На волю выйшаў аўтар YouTube-канала «Слуцк для жизни» Уладзімір Няронскі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці