• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    БТ без футбольнага чэмпіяната свету

    20 лістапада ў Катары стартуе чэмпіянат свету па футболе. Але за тыдзень да пачатку планетарнага першынства стала канчаткова зразумела: беларускія заўзятары трансляцыі матчаў не пабачаць. За апраўданне ўнутранай палітыкі гвалту і падтрымку расійскай агрэсіі супраць Украіны на Белтэлерадыёкампанію наклалі санкцыі, несумяшчальныя з галоўнай футбольнай падзеяй чатырохгоддзя.     

    Футбольныя баталіі з катарскіх стадыёнаў будуць паказваць практычна ва ўсіх краінах свету, акрамя некальніх “ізгояў”.

    Да нядаўна цяжка было ўявіць, што ў ганебным пераліку калі-небудзь апынецца і Беларусь, але цяпер гэта канстатацыя факту: матч-адкрыццё Катар-Эквадор у праграме перадач не значыцца.

    Зрэшты, як і шэсць дзясяткаў астатніх паядынкаў.  

    Паказальны адказ тым, хто не верыць у сілу санкцый

    Сёлета ў чэрвені Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Беларусі трапіла ў шосты санкцыйны пакет Еўрасаюза з прычыны саўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны. А за год да таго было прыпыненае яе сяброўства ў Еўрапейскім вяшчальным саюзе — адразу пасля прымусовай пасадкі ў Мінску самалёта з журналістам Раманам Пратасевічам.

    “Бан” на міжнародную дзейнасць наўпрост закрануў і спартыўную галіну. Спачатку UEFA выключыў Белтэлерадыёкампанію са спісу афіцыйных вяшчальнікаў Лігі нацый, а затым наклаў забарону на трансляцыю еўракубкаў.

    Да пэўнага часу не было яснасці адносна чэмпіянату свету-2022 — прынамсі пакуль на пачатку жніўня FIFA не абнавіў спіс праваўладальнікаў на трансляцыю турніру. І паколькі дакумент пацвярджае, што спаборніцтвы на тэрыторыі Беларусі можа паказваць толькі Еўрапейскі вяшчальны саюз, членства ў якім для Белтэлерадыёкампаніі прыпыненае, афіцыйнай магчымасці трансляваць “мундзіаль” няма.

    Марнымі аказаліся і спробы ўключыць “жаласлівыя” ноткі.

    Беларуская федэрацыя футбола звярнулася ў швейцарскую штаб-кватэру FIFA з просьбай зрабіць выключэнне і дазволіць мільёнам заўзятараў “далучыцца да найвялікшага футбольнага свята”.

    Але яе аргументы засталіся непачутымі.  

    Саўдзельніка пакаралі, затое агрэсару зрабілі выключэнне

    Адметна, што на фоне пакарання Беларусі як саўдзельніцы вайны для непасрэднага агрэсара зроблены загадкавыя паслабленні. Нягледзячы на тое, што многія расійскія спартоўцы трапілі пад персанальныя і камандныя санкцыі, а футбольная зборная Расіі прапускае чэмпіянат свету, трансляцыі з Катара не забаранілі. Вядома, што праваўладальнікам на паказ значыцца кампанія 2SPORT2 — сумесны праект галоўных рупараў крамлёўскай прапаганды “Россия 1″ і “Первого канала», а таксама спартыўнага тэлеканала «Матч-ТВ». 

    Эксперты медыясферы відавочныя нестыкоўкі паміж выключэннем расійскага футбола з усіх міжнародных турніраў і продажам правоў на трансляцыю чэмпіяната свету тлумачаць толькі адным: FIFA не першы год мае статус даволі карумпаванай арганізацыі, таму жаданне зарабіць прымушае заплюшчыць вочы на цяперашні статус Расіі. Ну і разам “забаніць” 140 мільёнаў расіян — гэта ўсё ж куды больш рэзанансна, чым меней за 10 мільёнаў беларусаў.

    Дарэчы, у бальшыні кабельных сетак Беларусі расійскі «Матч-ТВ» прысутнічае, але, як вынікае з папярэдняй практыкі, матчы еўракубкаў і топавых чэмпіянатаў для беларускага гледача перакрываюцца. Таму, каб злавіць сёлетнія трансляцыі, трэба або прымаць спадарожнікавай талеркай сігнал, накіраваны на тэрыторыю Расіі, або шукаць пірацкую трансляцыю.

    Бадай, самай паказальнай у цяперашняй гісторыі можна лічыць “філасофскую” пазіцыю старшыні Белтэлерадыёкампаніі Івана Эйсманта. На яго перакананне, беларускі і расійскі футбол “не горшы за сусветны”, таму няма чаго асабліва перажываць.  

    “На Захадзе не хочуць, каб беларусы глядзелі еўрапейскі, сусветны футбол? Тады будем глядзець айчынны і расійскі футбол, слухаць нашыя гімны і глядзець на нашыя сцягі. Станем бліжэй да сваёй краіны і нашых саюзнікаў”, — знайшоў выйсце з сітуацыі тэлевізійны функцыянер.

    “Футбольны пратэст” за абмежаванне заўзятарскіх правоў

    Чымсьці падобная сітуацыя вакол галоўнага футбольнага першынства здарылася роўна 20 гадоў таму. У самым пачатку чэмпіянату свету-2002, які праходзіў у Паўднёвай Карэі і Японіі, нечакана высветлілася, што Белтэлерадыёкампанія не паклапацілася пра набыццё правоў на паказ матчаў, спадзеючыся “пазычыць” карцінку з расійскіх тэлеканалаў.

    Аднак афіцыйны ліст у Міністэрства інфармацыі з Усерасійскай дзяржаўнай тэлевізійнай радыёвяшчальнай кампаніі (ВГТРК) аб абмежаванні трансляцыі на тэрыторыі Беларусі выразна расставіў акцэнты: саюзніцкія стасункі — гэта адно, а бізнес — зусім іншае:

    «Белорусское телевидение не закупало права на трансляцию чемпионата мира по футболу, рассчитывая на российских коллег. Однако из-за ограничений, наложенных правообладателем — немецкой компанией Kirch­Me­dia — канал ОРТ имеет право на трансляцию чемпионата только на территорию России. В Минске попытались решить проблему путем ретрансляции передач спортивного канала спутникового телевидения «НТВ-Плюс». Там расценили такие действия как нарушение авторских и смежных прав (“пиратство”), и предприняли ответные меры. В частности, телекомпания «НТВ-Плюс» направила в адрес Национальной государственной телерадиокомпании «претензию о возмещении ущерба» в связи с ретрансляцией матча Франция — Сенегал».

    З улікам, што на той час практычна не існавала альтэрнатыўных інтэрнэт-лазеяк, а спадарожнікавыя талеркі з правам трансляцыі мелі адзінкі спорт-бараў, сітуацыя для мільёнаў заўзятараў аказалася патавай. Як вынік, упершыню ў гісторыі Беларусі на пачатку чэрвеня 2002 года на мінскай плошчы Якуба Коласа здарыўся “футбольны мітынг” з удзелам тысяч абураных аматараў спорту. Лозунгі адпаведныя: “Покажите нам футбол!”, “Весь мир смотрит чемпионат мира. А мы?”, “БТ – позор!”.

    Каб народная актыўнасць не набыла палітычны падтэкст, чыноўнікі на ўсіх узроўнях распачалі тэрміновы пошук не такіх ужо і вялікіх грошай – агулам паўмільёна долараў. Праз некалькі дзён зделка аб набыцці правоў на трансляцыю матчаў была падпісаная. Праўда, некалькі дзясяткаў матчаў групавой стадыі беларускія аматары футболу ўсё ж прапусцілі.

    Наўрад ці гэтым разам заўзятары здольныя публічна прадэманстраваць рэальнае стаўленне да тых, хто пазбавіў іх права на футбольнае свята, але горкі асадак на будучыню, безумоўна, застанецца.

    Чытайце яшчэ: 

    Журналіста Сяргея Гардзіевіча дадалі ў спіс экстрымістаў

    Я тебя спрячу. Telegram-бот «Гретель» для активистов

    Прапагандыст Ігар Тур стаў выкладчыкам журфака БДУ

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці