Беларускую незалежную журналістку не прапусцілі ва Украіну. Перад гэтым Ecolines не пасадзіў яе ў аўтобус
Журналістка збіралася наведаць Львоўскі медыяфорум, які ладзіўся ва Украіне 25 – 27 траўня.
На мінулым тыдні ў Львове праходзіў першы пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Львоўскі медыяфорум, якія сабраў не толькі ўкраінскіх медыйшчыкаў, але і вядомых спецыялістаў медыясектара з розных краін свету. У ранейшыя гады беларускія медыйшчыкі былі частымі гасцямі Львоўскага медыяфоруму, а сам форум шмат дапамагаў прадстаўнікам незалежных медыя пасля падзей 2020 года.
Паказальна, што на першы пасля лютага 2022 года форум арганізатары таксама запрасілі незалежных беларускіх медыйшчыкаў і медыйшчыц. Па меркаванні БАЖ, гэта вельмі годны і варты крок для разумення медыйнай сітуацыі ў дзвюх краінах у час вайны і дыктатуры.
Аднак украінскія памежнікі не прапусцілі ва Украіну запрошаную на форум калегу — Алену Кавальчук, якая супрацоўнічае з адным з незалежных рэгіянальных інтэрнэт-рэсурсаў.
Па інфармацыі БАЖ, спачатку пасадзіць медыйшчыцу у аўтобус да Львова праз беларускі пашпарт адмовіліся кіроўцы кампаніі Ecolines.
Летась пад падобную дыскрымінацыю з боку гэтага перавозчыка трапіла вядомая праваабаронца Паліна Бродзік.
Калі ж Алена Кавальчук усё ж дабралася да мяжы, супрацоўнікі памежнай службы Украіны адмовілі ёй ва ўездзе на тэрыторыю краіны, нягледзячы на афіцыйнае запрашэнне для ўдзелу ў форуме. Арганізатары форуму спрабавалі зрабіць усё магчымае, але рашэнне памежнікаў адмяніць не ўдалося.
— Кожны год мы рады бачыць сярод удзельнікаў LMF прадстаўнікоў свабодных беларускіх медыя. Сёлета мы таксама запрасілі далучыцца да форуму калег з Прэс-клуба Беларусі і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аднак мы разумеем рэаліі вайны і абмежаванні, якія яна накладае. Выдадзенае намі запрашэнне пацвярджала падставы для ўезду, але канчатковае рашэнне заўсёды застаецца за Памежнай службай Украіны. Мы папярэджвалі калег аб гэтых рызыках яшчэ на этапе планавання паездкі. Мы хочам арганізаваць дзясяты LMF у траўні 2024 года і верыць, што да таго часу Украіна выйграе вайну з Расіяй, а перашкоды для ўезду журналістаў з Беларусі будуць знятыя, — пракаментавала сітуацыю БАЖ старшыня Львоўскага медыяфоруму Вольга Міровіч.
Беларуская асацыяцыя журналістаў шчыра дзякуе партнёрам з Львоўскага медыяфоруму за шматгадовую супрацу і дапамогу беларускім медыйшчыкам, а таксама ўвагу да беларускай медыйнай сітуацыі.
БАЖ выказвае поўную салідарнасць з украінскімі калегамі і мужным ўкраінскім грамадствам.
Чытайце яшчэ:
Мова міру супраць мовы вайны. Хто фармуе наратывы і нясе за іх адказнасць
«Не так цяжка было перажыць акупацыю без прадуктаў, як без інфармацыі». Размова пра вынікі года з дырэктаркай Lviv Media Forum
Двойчы «ўганараваны». Журналіст Дзмітрый Навоша цяпер і «экстрэміст», і «тэрарыст»