Беларускую кінапрэмію «Чырвоны верас» уручаць у Берліне
Цырымонія ўзнагароджання Беларускай прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас» адбудзецца 17 лютага ў межах Еўрапейскага кінарынку Берлінскага міжнароднага кінафестывалю. На імпрэзе стануць вядомыя пераможцы ў 13 намінацыях прэміі, а таксама атрымальнікі ўзнагароды «Спецыяльная згадка».
Найлепшыя сярод беларускіх фільмаў 2021 і 2022 гадоў будуць названыя на цырымоніі ўзнагароджання кінапрэміі «Чырвоны верас», якая адбудзецца ў межах Еўрапейскага кінарынку Берлінскага міжнароднага кінафестывалю. Падзея прызначаная на 19:00 17 лютага ў Gropius Bau Cinema, што месціцца ў галоўным будынку кінарынку Martin Gropius Bau.
«Гэта гонар, што ў час гуманітарнага крызісу ў краіне беларускае кіно не губляецца, а, наадварот, знаходзіць сваімі пляцоўкамі прэстыжныя міжнародныя фестывалі, якім яго патэнцыял і належыць, – кажуць сузаснавальнікі кінапрэміі «Чырвоны верас» Ірэна Кацяловіч і Тарас Тарналіцкі. – Мы спадзяёмся, што цырымонія ўзнагароджання стане дадатковым натхненнем і матывацыяй для беларускіх кінааўтараў, каб працягваць сваю важную справу».
У журы другога «Чырвонага верасу» ўвайшлі 16 кінакрытыкаў, кінажурналістаў і кінадаследнікаў. Сярод іх кінакрытык Ульяна Будзік, кінааналітык Максім Жбанкоў, арт-менеджарка Ліна Мядзведзева, фестывальны арганізатар Ігар Сукманаў, аўтарка выдання Backstage Алена Сойка, кінакрытык Ганна Яфрэменка, даследніца кіно Альміра Усманава, а таксама сузаснавальнікі прэміі Ірэна Кацяловіч і Тарас Тарналіцкі. Частка экспертаў застаецца ананімнаю.
Яны разгледзелі 70 фільмаў 2021-га і 2022-га гадоў. Гэта ігравыя, дакументальныя і анімацыйныя карціны, кароткі і поўны метр, створаныя беларусамі. Некаторыя стужкі бяруць удзел у кінапрэміі ананімна.
Сярод намінантаў ёсць стужкі ад медыйшчыкаў і пра саміх журналістаў. Напрыклад, у катэгорыі «Найлепшы ігравы кароткаметражны фільм» і «Найлепшы сцэнар» удзельнічае карціна рэжысёркі Мары Тамковіч «У жывым эфіры». Фільм распавядае пра затрыманне журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дарʼі Чульцовай падчас іх працы ў прамым эфіры з «плошчы Пераменаў» у Мінску.
Чытайце яшчэ:
Адкрыты прыём матэрыялаў на конкурс «Вольнае слова»!
«Я сумую па сваёй маці…» Больш за паўсотні журналістаў па ўсім свеце знаходзяцца ў закладніках
Сабіна Брыло: «Не хапае слоў, каб гаварыць пра невыноснае, і мы шчабечам абы-што, каб заглушыць бясконцы гул паветранай трывогі»