• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Я сумую па сваёй маці…» Больш за паўсотні журналістаў па ўсім свеце знаходзяцца ў закладніках

    Цытата, прыведзеная ў загалоўку, належыць Разан Зайтунэ — сірыйскай журналістцы і праваабаронцы, якая была захопленая дзесяць гадоў таму. Хутчэй за ўсё, як мяркуюць шэраг дасведчаных крыніцаў, жанчына забітая. У мінулым годзе гісторыя атрымала працяг — суд у Францыі вынес вырак лідэру ісламісцкай групоўкі за захоп журналісткі. Усяго ж цяпер ў закладніках знаходзяцца больш за 50 прадстаўнікоў медыяў, паведамляюць «Рэпарцёры без межаў» (RSF).

    З сямі журналістаў, выкрадзеных у 2023 годзе, двое дагэтуль знаходзяцца ў палоне

    На дадзены момант у закладніках знаходзяцца 54 прадстаўнікі медыяў. Найбольш небяспечныя з гэтага пункту гледжання краіны — Сірыя, Ірак, Йемен, Мексіка і Малі.

    Хаця зарэгістраваная колькасць журналістаў, узятых у закладнікі ў мінулым годзе, з’яўляецца самай нізкай з 2017-га, «Рэпарцёры без межаў» лічаць сітуацыю трывожнай. З сямі журналістаў, выкрадзеных у 2023 годзе (Мексіка, Гаіці, Йемен, Малі), двое дагэтуль знаходзяцца ў палоне.

    Усплёск захопу журналістаў у закладнікі адбыўся з 2013 па 2015 гады. Амаль палова рэпарцёраў (25) былі выкрадзеныя ў Іраку і Сірыі баевікамі «Ісламскай дзяржавы», якая прызнаная міжнароднай тэрарыстычнай арганізацыяй.

    RSF лічыць, што журналіст з’яўляецца закладнікам з моманту яго пазбаўлення волі недзяржаўным суб’ектам. Пры гэтым захопнік пагражае забіць ці параніць яго альбо утрымлівае з мэтай прымусу трэцяй асобы здзейсніць альбо ўстрымацца ад здзяйснення нечага, што разумеецца як ўмова вызвалення, бяспекі альбо дабрабыту закладніка.

    Сірыя

    Нават пасля разгрому тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава» няма звестак пра 38 журналістаў, выкрадзеных у Сірыі з 2012 па 2021 год. Сярод іх — трое супрацоўнікаў Ori­ent TV (уваходзіць у сірыйскую незалежную медыягрупу з штаб-кватэрай у Стамбуле, Турцыя), якіх выкралі ў 40 кіламетрах ад Алепа ў ліпені 2013 года.

    Паводле «Рэпарцёраў без межаў», Сірыя — адзіная краіна, дзе цяпер трымаюць у палоне замежных журналістаў, у тым ліку маўрытанскага рэпарцёра і ліванскага аператара, якія працавалі на эмірацкім тэлеканале Sky News Ara­bia. Іх захапілі ў кастрычніку 2013 года.

    Таксама ў гэтай краіне ў закладніках утрымліваюцца дзве з трох захопленых жанчын-журналістак. Хаця шанцы пабачыць іх жывымі — мінімальныя. Найбольш гучная і кранальная гісторыя тычыцца знікнення Разан Зайтунэ. З 2001 года сірыйская праваабаронца і журналістка (у прыватнасці, яна прадстаўляла Сірыйскі цэнтр СМІ і свабоды выказванняў) уваходзіла ў каманду адвакатаў па абароне палітычных зняволеных. У тым жа годзе стала адной з заснавальніц Асацыяцыі па правах чалавека ў Сірыі, а ў 2005 — Інфармацыйнай лініі па правах чалавека. Ажно да моманту знікнення актыўна падтрымлівала сем’і палітзняволеных.

    У снежні 2013 года Разан Зайтунэ была выкрадзеная, калі дакументавала злачынствы, учыненыя ўрадам і паўстанцкімі групоўкамі ў Сірыі. Разам з ёй былі захопленыя яе муж і двое калегаў. Адразу выказваліся версіі, што адказнасць за гэта нясе ісламісцкая паўстанцкая групоўка «Джэйш аль-Іслам».

    Па звестках інфармагенцтва Asso­ci­at­ed Press на жнівень 2018 года, журналістка магла ўтрымлівацца ў турме на ўсходзе Сірыі. Некаторыя сведкі бачылі на сцяне надпіс «Я сумую па сваёй маці — Разан Зайтунэ, 2016 год». Яшчэ адной зачэпкай стала выкарыстанне аднаго з камп’ютараў, які быў у праваабаронцаў. З ноўтбука выходзілі ў інтэрнэт пасля іх знікнення — меркавана, ім карысталіся члены групоўкі «Джэйш аль-Іслам».

    Расследаванне Deutsche Welle паказала, што выкраданне было арганізавана двума ўплывовымі прадстаўнікамі «Джэйш аль-Іслам» — Абу Кусаем ад-Дзірані і Самірам Кааке. Калі тагачасны лідэр групоўкі Захран Аллуш даведаўся пра выкраданне, ён паспрабаваў дамовіцца аб вызваленні Разан Зайтоўнэх і трох іншых захопленых. Аднак хутка Захран Аллуш загінуў у выніку расійскага авіяўдару. Яго пераемнік і стрыечны брат Махамед Аллуш адмовіўся працягваць перамовы.

    У сакавіку 2021 года Міжнародная федэрацыя правоў чалавека і Сірыйскі цэнтр сродкаў масавай інфармацыі і свабоды слова падалі крымінальную справу, усклаўшы адказнасць за выкраданне журналісткі на «Джэйш аль-Іслам». Годам раней французскія ўлады арыштавалі былога лідэра групоўкі Маждзі Немэ. У ліпені 2023 года Суд Парыжа вынес яму вырак.

    Мексіка

    Хесус Пінтар Алегры, рэпарцёр і заснавальнік сайта Yo Soy Tu Ima­gen, і Алан Гарсія, палітычны аналітык і адміністратар мясцовага навінавага сайта Esce­nario Calen­tano, былі выкрадзеныя ў снежні 2022 года ў мексіканскім штаце Герэра, дзе дзейнічае картэль Famil­ia Michoa­cana.

    На відэа, апублікаваным у сацыяльных сетках 7 студзеня 2023 года, відаць, як Алана Гарсію ў кайданках і ланцугах прымушаюць перадаць паведамленне, у якім ён кажа, што «расплачваецца за наступствы публікацый, якія былі зробленыя супраць розных людзей». Мэтай відэа было распальванне тэрору і перашкода публікацыі любой інфармацыі аб дзеяннях злачынных груповак у рэгіёне.

    Хесус Пінтар Алегры быў вызвалены праз некалькі тыдняў пасля захопу. У гутарцы з прадстаўнікамі RSF журналіст расказаў, што падчас затрымання ў адносінах да яго выкарыстоўвалі электрашок. Рэпарцёр лічыць, што меркаваным матывам было «непаразуменне» з нагоды пастоў на сайце Esce­nario Calen­tano.

    Выданне Esce­nario Calen­tano неаднаразова асуджала меркаваныя сувязі паміж мясцовымі чыноўнікамі і Famil­ia Michoa­cana. У апошнім паведамленні перад выкраданнем Алана Гарсія, месцазнаходжанне якога невядома дагэтуль, прама гаварылася пра аднаго з лідэраў картэля і яго ўплыў на ўлады.

    Йемен

    На працягу васьмі гадоў чатыры журналісты знаходзіліся ў закладніках паўстанцаў-хусітаў у Йемене. Іх абвінавачвалі ў шпіянажы, катавалі і прысудзілі да смяротнага пакарання. Аднак, на шчасце, Абдул Халек Амран, Таўфік аль-Мансуры, Харэт Хамейд і Акрам аль-Валідзі былі вызваленыя ў красавіку 2023 года.

    Вызваленне амаль 900 палонных стала часткай пагаднення паміж хусітамі і афіцыйным урадам Йемена. Працэс быў узгоднены ААН у Жэневе (Швейцарыя) роўна праз дзесяць дзён пасля таго, як Іран і Саудаўская Аравія аднавілі дыпламатычныя адносіны.

    Пасля таго, як Таўфік Аль-Мансуры апынуўся на свабодзе, ён сказаў, што турэмшчыкі сістэматычна катавалі яго. «Мы выходзім з пекла», — прызнаўся ён. Зняволеным журналістам не дазвалялі гаварыць з роднымі на працягу ўсяго часу знаходжання ў закладніках.

    Рэпарцёраў захапілі ў Сане (сталіца Йемена) у 2015 годзе. Іх абвінавацілі ў «стварэнні і таемным вядзенні некалькіх сайтаў і старонак у інтэрнэце і сацыяльных сетках, на якіх яны размяшчалі ілжывыя, шкоднасныя і трывожныя навіны, інфармацыю і чуткі». Хусіты прысудзілі іх да смяротнага пакарання ў 2020 годзе па абвінавачванні ў шпіянажы на карысць Саудаўскай Аравіі.

    Трое іншых журналістаў — Мухамед Алі Аль-Джунаід, Махамед Абдо Аль-Салахі і Фахед аль-Арабі — былі вызвалены пазней. З 11 прадстаўнікоў медыяў, узятых у закладнікі ў Йемене, у палоне дагэтуль утрымліваюцца чацвёра.

    Малі

    Шчаслівы канец драматычнай гісторыі з Малі, якая таксама лічыцца адной з самых небяспечных для прадстаўнікоў медыяў. У сакавіку 2023 года там быў вызвалены французскі журналіст Аліўе Дзюбуа, які 711 дзён знаходзіўся ў закладніках ўзброенай групоўкі, звязанай з «Аль-Каідай».

    Пазаштатны карэспандэнт французскіх выданняў Libéra­tion, Le Point і Jeune Afrique быў выкрадзены 8 красавіка 2021 года на ўсходзе Малі пасля таго, як адправіўся туды, каб узяць інтэрв’ю ў аднаго з лідараў узброенай групоўкі. Праз месяц з’явілася відэа, у якім рэпарцёр пацвердзіў, што быў узяты ў закладнікі.

    Адразу RSF пачала кампанію па вызваленні журналіста. Было створана падраздзяленне для каардынацыі дзеянняў з яго сям’ёй, сродкамі масавай інфармацыі і прадстаўнікамі прэсы, якія ў мінулым былі закладнікамі. У падтрымку Аліўе Дзюбуа праводзіліся мітынгі больш чым у 20 французскіх гарадах, прайшла вялікая кампанія салідарнасці ў СМІ.

    Як адзначаюць «Рэпарцёры без межаў», ніводны французскі журналіст не знаходзіўся ў палоне так доўга, пачынаючы з 1980‑х гадоў, калі ў Ліване закладнікамі сталі некалькі грамадзян Захаду. У іх ліку — Жан-Поль Каўфман, рэпарцёр L’evéne­ment du Jeu­di, якога «Хезбала» ўтрымлівала 1078 дзён.

    Аднак у хуткім часе навіна была азмрочаная звесткай аб выкраданні двух мясцовых радыёжурналістаў. У лістападзе 2023 года супрацоўнікі Radio Coton FM накіроўваліся на семінар у Гао (горад у цэнтральнай частцы Малі з насельніцтвам у 50 тысяч чалавек), калі на іх напала ўзброеная група людзей. Падчас здарэння быў забіты яшчэ адзін журналіст — Абдул Азіз Джыбрыла. Ён падаваў навіны ў радыёэфір на адным з дыялектаў. Больш за ўсё на свеце ён хацеў працягнуць навучанне журналістыцы. Яму было 28 гадоў.

    Чытайце яшчэ:

    Беларусь згадваецца як адна з трох найбуйнейшых турмаў для журналістаў. «Рэпарцёры без межаў» падрыхтавалі сумную справаздачу

    140 ахвяраў. 2023-ці стаў самым смяротным для журналістаў за апошнія дзесяць гадоў

    Пайшоў на работу і не вярнуўся. Зніклымі лічацца 84 журналісты — расказваем некаторыя гісторыі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае

    Рэпрэсіі супраць журналістаў і медыя ў 2024 годзе, спіс зняволеных

    05.11.2024

    Экстремизм и медиа. Аналитика БАЖ

    29.12.2023
    Акцэнты

    Доклад БАЖ: Беларусь 2022–2023. Права человека. Гражданское общество. Медиа

    2 ноября по инициативе ООН отмечается Международный день прекращения безнаказанности за преступления против журналистов. Этот день был актуальным для Беларуси даже до событий 2020-го — ведь начиная с 1994 года преступления в отношении журналистов в стране часто оставались без должного внимания правосудия. Таким же актуальным остается этот день и сейчас. Дмитрий Завадский, Вероника Черкасова... Их имена — лишь часть длинного списка журналистов, подвергшихся нападениям и избиениям. С 2020 года ситуация обострилась: действия властей можно охарактеризовать как террор против представителей медиасферы. Белорусская ассоциация журналистов публикует в этот день доклад «Беларусь 2022-2023: Права человека. Гражданское общество. Медиа», который содержит подробный обзор случаев давления на гражданское общество и медийное пространство. Скачать PDF
    01.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці