• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Асуджанага відэааператара Івана Мураўёва этапавалі ў бабруйскую калонію

    Беларускай асацыяцыі журналістаў стала вядома, што фрылансера Івана Мураўёва, асуджанага на 2,5 гады зняволення нібыта за «экстрэмісцкую дзейнасць», 27 сакавіка перавялі з ізалятара турмы №4 Магілёва ў папраўчую калонію №2 Бабруйска.   

    10 сакавіка Вярхоўны суд Беларусі адхіліў апеляцыю абароны прадпрымальніка і журналіста на прысуд першай інстанцыі — суддзя Сяргей Гураў не знайшоў магчымасці адправіць на перагляд ці прынамсі змякчыць абвешчаны вырак. Аргументы з гэтай нагоды невядомыя: пасяджэнне адбывалася ў закрытым рэжыме без прысутнасці назіральнікаў.    

    На падставе канчатковага рашэння найвышэйшай інстанцыі палітвязня этапавалі адбываць прызначаны тэрмін пакарання ў адпаведнай папраўчай установе Бабруйска.    

    Да апошняга часу Іван Мураўёў, які ў якасці відэааператара-фрылансера супрацоўнічаў з беларускімі незалежнымі медыя, чакаў канчатковага вердыкту ў следчым ізалятары пры турме № 4 Магілёва, куды яго перавезлі з СІЗА № 1 Мінска яшчэ за месяц да прызначанага разгляду скаргі. 

    Адвакаты намагаліся абскардзіць прысуд Мінскага гарадскога суда паводле крымінальнага артыкула 361–1 ч. 3 — «стварэнне экстрэмісцкага фармавання ці ўдзел у ім». На гэтай падставе гаспадара папулярнай сталічнай «Кальяннай №1» і відэааператара па сумяшчальніцтву асудзілі да 2,5 гадоў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.      

    «Справу Мураўёва» Мінскі гарадскі суд пачаў разглядаць 22 снежня 2022 года. Працэс адпачатку зрабілі закрытым — прадстаўніца абвінавачання спаслалася на тое, што будуць разглядацца «экстрэмісцкія матэрыялы», распаўсюд якіх супярэчыць абноўленаму заканадаўству. 

    Фігуранту інкрымінавалі ўсяго адзін «злачынны» эпізод — факт відэаздымкаў для расследавання на тэлеканале «Белсат» пад назвай «Сяброўка Ліліі Лукашэнка і алігархі сталі бенефіцыярамі справы артапедаў». Сюжэт выйшаў у ліпені 2022-га, а праз месяц у «Кальянную №1» па аператара прыйшлі сілавікі з ордэрам на ператрус.  

    Першапачаткова інкрымінаваны артыкул застаўся да канчатковага прысуду — уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фармавання ў мэтах учынення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці.     

    Праваабарончая супольнасць Беларусі неадкладна прызнала Івана Мураўёва палітычным вязнем і запатрабавала спыніць неабгрунтаваны пераслед за прафесійную дзейнасць.  

    А ўжо 26 снежня суддзя Алена Шылько прыгаварыла фігуранта да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

    Менавіта столькі, колькі перад тым запатрабавала прадстаўніца пракуратуры. Не чакаючы пратэсту з боку абароны, асуджанага даставілі ў следчы ізалятар пры магілёўскай турме № 4. 

    Справа фрылансера і прадпрымальніка ідэнтычная той, якую перад тым разглядаў Мінскі гарадскі суд у дачыненні да іншага відэаператара Алеся Любенчука. На момант затрымання ён ужо не займаўся журналістыкай. Паколькі ў яго фігуравалі два эпізоды, то і атрымаў пакаранне на паўгода большае — 3 гады зняволення. 

    Вось ужо два месяцы ў СІЗА №1 Мінска утрымліваецца яшчэ адзін прафесійны відэааператар Павел Падабед, але сутнасць учыненага ім «злачынства» пакуль публічна не агучваецца. Паводле папярэдніх звестак, першапачаткова яго затрымалі за рэпосты 2012 года, а затым выставілі ўжо звыклы крымінальны артыкул пра «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».  

    У пачатку лютага трапіў за краты і на гэты момант у чаканні свайго лёсу іх калега з Віцебска Вячаслаў Лазараў. Яго таксама вінавацяць у датычнасці да «экстрэмізму».    

    Чытайце яшчэ:

    Галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты» перавялі ў жодзінскае СІЗА

    «Адчуваецца розніца ў падыходах гісторыкаў і журналістаў». Парады эксперта па працы са складанай тэмай

    Ігар Лосік, Кацярына Андрэева, Дзяніс Івашын. Каго Рада БНР узнагародзіла медалём ордэна «Пагоні»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці