«Адчуваецца розніца ў падыходах гісторыкаў і журналістаў». Парады эксперта па працы са складанай тэмай
Як у сучасных умовах працаваць з гістарычнымі тэмамі, збіраць фактуру, размаўляць са сведкамі і не трапіць у пастку крыўдных памылак. Падчас семінара, арганізаванага Беларускай асацыяцыяй журналістаў, гісторык з Брэменскага ўніверсітэта дзеліцца сваім досведам.
«Праблемы, якія былі раней, абвострыліся»
Гісторыкі і журналісты, якія працуюць з тэмамі пра мінулае, заўсёды выступаюць у ролі таго, хто наганяе час. Трэба паспець, пакуль не позна, знайсці першакрыніцу, паразмаўляць са сведкамі падзей, папрацаваць у архівах.
— Ёсць такі жарт: кнігі замаўляюць выдаўцы, тэлеканалы кантралююцца ўрадам, гісторыя пішацца пераможцамі, — дэманструе слайд з прэзентацыі эксперт. — Адныя бабулі не ілгуць, але… пакуль не глядзяць тэлевізар.
Па словах спікера, каб захаваць кавалак памяці для будучыні, трэба выкарыстоўваць прафесійныя навыкі ў здабыцці інфармацыі — размаўляць са сведкамі, працаваць у архівах, шукаць сувязі паміж рознымі тыпамі крыніц, нават размешчанымі ў розных краінах.
— Праз фотаздымак чамадана, зроблены з кадра пасляваеннай хронікі пра злачынствы ў Трасцянцы, была знойдзена гісторыя яго ўладальніка — Рыхарда Гірша, — прыводзіць прыклад гісторык. — Ён быў забіты. У мужчыны не было сваякоў, не было каму паклапаціцца пра памяць аб ім. Але мы вярнулі яму імя праз пошукі слядоў у розных дакументах. Гісторыя, у прыватнасці, таму і патрэбная, каб вярнуць імёны і памяць ахвярам.
Праца са сведкамі, на думку эксперта, дае магчымасць лягчэй дагрукацца з важнай тэмай да аўдыторыі: «Простымі словамі і цікавымі аповедамі сведкі можна перакінуць масток паміж падзеямі і сучаснасцю».
Але нават у мірны час з гэтым ёсць цяжкасці. Што ўжо казаць пра цяперашнія ўмовы, калі любая крытыка афіцыйна пададзенай карціны мінулага ці спроба паказаць альтэрнатыўнае гледзішча на гісторыю кваліфікуецца як злачынства?
— Праблемы, якія былі раней, абвострыліся, — канстатуе эксперт. — Мы ўсе траўмаваныя гэтым вопытам. Гэта трэба ўлічваць, працуючы з такой адчувальнай тэмай.
«Мае значэнне нават лексіка, якую выкарыстоўвае суразмоўца»
Паводле меркавання эксперта, перад размовай са сведкамі гістарычных падзей трэба папярэджваць суразмоўцаў, як могуць быць выкарыстаныя іх словы, а таксама пра іншыя наступствы.
— Гэта адказнае стаўленне да інтэрв’ю, тым больш, што цяпер цана за неасцярожныя крокі — занадта высокая, — падкрэслівае гісторык.
Пры гэтым метадалагічна падчас інтэрв’ю спікер лічыць слушным фіксаваць аповед ў аўдыя- ці відэафармаце, бо запісаныя словы ў нататніку ўсё ж будуць інтэрпрэтацыяй, а не гістарычнай крыніцай.
Эксперт таксама звяртае ўвагу на розніцу ў падыходах гісторыкаў і журналістаў:
— Адрозніваюцца структура гутаркі, метады задавання пытанняў і іх выбарка. Падчас інтэрв’ю журналісты часта канцэнтруюцца на тэме, не паглыбляючыся ў біяграфію рэспандэнта. Ва ўмовах абмежаванага часу гэта можа выглядаць мэтазгодным, аднак гэта не суадносіцца з нашым падыходам, які прадугледжвае планаванне не менш за дзве гадзіны на размову, што дазваляе раскрыць чалавека, зразумець яго матывы, стаўленне да сітуацыі.
Гісторык рэкамендуе папярэдне рыхтавацца да інтэрв’ю, каб размова была лагічнай і магла дапамагчы рэканструкцыі падзей, каб не былі прапушчаны факты важныя для разумення тэмы.
Пры гэтым варта ўлічваць асаблівасці збірання звестак метадам вуснай гісторыі: у прыватнасці, суб’ектыўнасць расказчыка, якому нярэдка цяжка падзяляць тое, як ён успрымаў падзеі раней і зараз. На аповед можа ўплываць збег розных абставін.
— На трэнінгах па вуснай гісторыі мы прапануем удзельнікам такую гульню: двое чалавек садзяцца спіна да спіны, — узгадвае спікер. — Аднаму даюць карцінку, а другі малюе з яго слоў. Пасля параўноўваюць арыгінал і інтэрпрэтацыю ў малюнку. Гэта добра дэманструе вялікую колькасць фактараў, якія ўплываюць на тое, што мы чуем і як успрымаем вусную інфармацыю ад сведкі.
Мае значэнне нават лексіка, якую выкарыстоўвае суразмоўца: можа, напрыклад, адбівацца розніца паміж пакаленнямі.
— Ёсць як мінімум чатыры бакі ва ўспрыманні інфармацыі, — працягвае эксперт. — Па-першае, самавыяўленне — што паведамляе праз свае выказванні пра сябе расказчык. Па-другое, заклік — да чаго ён сваімі словамі абуджае слухача. Па-трэцяе, аспект стаўлення — як ставіцца да таго, з кім размаўляе. І нарэшце, інфармацыйны аспект — пра што, уласна кажучы, ідзе гаворка.
Вядома, любы аповед на гістарычную тэму прадугледжвае прадстаўленне яго без адрыву ад агульнага кантэксту. Інакш скажэнне паведамлення ў крыніцы можа быць вельмі верагодным.
Таксама эксперт раіць заўсёды браць пісьмовы дазвол у суразмоўцы на выкарыстанне слоў для канкрэтных мэт, бо першасныя правы на інфармацыю мае герой, і ён можа адклікаць дазвол на выкарыстанне сваіх слоў.
— Пра згоду на публікацыю можна запытацца на розных этапах інтэрв’ю, — звяртае ўвагу гісторык. — Але трэба мець на ўвазе, што калі чалавек ідзе на інтэрв’ю, ён яшчэ не ведае, што будзе гаварыць, як будзе развівацца ягоны расповед. Нават калі старанна рыхтаваўся. Таму ён павінен ведаць, што будзе апублічана ад яго імя, і лепш прапанаваць падпісаць згоду ўжо пасля інтэрв’ю. Гэта больш этычна.
«Нібыта выкарыстоўваліся бела-чырвона-белыя сцягі ў тых раёнах, дзе яны выкарыстоўвацца не маглі»
А яшчэ напрацягу інтэрв’ю можна даведацца ад людзей гісторыі, якія не пройдуць верыфікацыю, але распаўсюджваюцца як чуткі.
Напрыклад, на пытанне чаму адбыўся Халакост адна са сведак дала тлумачэнне, што гэта адбылося, бо нейкая яўрэйка выбіла вока Гітлеру.
— Ці б ужывалі вы такі факт у артыкуле? Калі так, то з якой мэтай? — задае рытарычная пытанні эксперт. — Менавіта таму мы асэнсоўваем крытыку вуснай гісторыі. Высвятляем, наколькі можам давяраць той ці іншай крыніцы інфармацыі, на якую ўплывае шмат фактараў. Бо ты можаш імкнуцца атрымаць унікальныя наратывы, а сведка, які недаацэньвае свой вопыт і хоча ўвагі, можа пераказваць тое, што дзесьці прачытаў ці пачуў, выдаючы за свае словы, а ўласны досвед замоўчваць.
У якасці прыкладаў некрытычнага падыходу гісторык дэманструе вытрымкі з кнігі «Геноцид белорусского народа», стваральнікі якой спасылаюцца на сведкаў Другой сусветнай вайны.
Але ж наколькі можа быць сведкай асоба, якая нарадзілася пасля заканчэння вайны і спасылаецца на словы маці, ці другая, якой на момант падзей было шэсць ці сем год? Іх словы поўныя штампаў, якія не пацвярджаюцца вядомай гісторыкам фактурай.
Не ўсе факты з аповеду сведкі гістарычных падзей можна верыфікаваць, але трэба прыкладаць намаганні, выкарыстоўваючы іншыя крыніцы ці задаючы падчас інтэрв’ю дадатковыя ўдакладняючыя пытанні.
Напрыклад, прапаганда часта сцвярджае, што падчас вайны выкарыстоўваліся бела-чырвона-белыя сцягі ў тых раёнах, дзе яны выкарыстоўвацца не маглі, скажам, на Палессі. Гэта відавочная прыдумка найноўшага часу.
Трывожная тэндэнцыя — спроба выкарыстоўваць гістарычную тэматыку як падставу для рэпрэсій
Пра інструменталізацыю гісторыі, пра ігнараванне няёмкіх фактаў, пра ўжыванне мовы варожасці за апошні час сказана многа, але ж абмінуць гэтую тэму ў кантэксце семінара было немагчыма.
— Назіраецца праблема выбарачнай рэпрэзентацыі гісторыі, калі транслюецца пункт гледжання пераможцаў ці тых, хто знаходзіцца ва ўладзе, але пазбягаюцца «нязручныя» тэмы, — заўважае эксперт. — А пасля 2020 года адбываецца моцная інструменталізацыя гістарычнай памяці, якая выкарыстоўваецца супраць палітычных апанентаў.
Некаторыя факты маніпулятыўна інтэрпрэтуюцца. Напрыклад, што генацыд закончыўся ў 1950‑х, калі «перамаглі апошняга антысаветчыка». Выкарыстанне тэрміну «генацыд» да тых злачынстваў, якія здзяйсняліся супраць беларускага насельніцтва, не адпавядае дадзенаму кантэксту па сутнасці вызначэння.
Трывожная тэндэнцыя — спроба ўжываць гістарычную тэматыку як падставу для рэпрэсій.
— Імкненне звязаць тэму мінулай вайны з сучаснымі пратэстоўцамі супраць дыктатуры праяўляецца ў скрайніх формах, — пацвярджае гісторык. — У прапагандысцкіх артыкулах выкарыстоўваюцца жахлівыя эпітэты мовы варожасці: зачышчаць, граміць, ламаць, біць, збеглыя, цвіль, здраднікі і г. д. Гэта ўсё паказвае дэградацыю падыходаў дзяржаўных СМІ.
У той жа час эксперт папярэджвае, што гістарычныя параўнанні гэта цалкам хісткая глеба.
— Ці можна казаць, што сталінізм і нацызм — адно і тое ж? Нейкія логікі паводзінаў людзей, канешне, могуць быць падобнымі, але ставіць знак роўнасці нельга. Бо інакш гэта шлях на спрашчэнне разумення асаблівасцяў розных гістарычных перыядаў і з’яў, што можа перашкаджаць мультыперспектыўнаму бачанню мінулага, — падкрэслівае гісторык.
Напрыканцы размовы эксперт звяртае ўвагу на надзвычай актуальную цяпер праблему для беларусаў: культура памяці будзе лепш працаваць, калі яна будзе заснаваная на абароне правоў чалавека. Адкрытая дыскусія з удзелам усіх зацікаўленых груп на гістарычныя тэмы, нават нязручныя, гэта шлях да дэмакратыі. Ці пра ўсіх мы гаворым? Ці пра ўсіх памятаем? На гэтыя пытанні яшчэ не дадзеныя ўсе адказы.
Чытайце яшчэ:
«Героі маіх кніг замянілі мне бабуль і дзядуль, якіх я не заспеў». Гістарычны лёс Руслана Кулевіча
Заснавальнік інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat, журналіст Яраслаў Іванюк: «Прыйдзе час, калі за ўсё якаснае і беларускае трэба будзе плаціць»
Этнафатограф – новая іпастась журналісткі, якая засталася без працы