• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Заснавальнік інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat, журналіст Яраслаў Іванюк: «Прыйдзе час, калі за ўсё якаснае і беларускае трэба будзе плаціць»

    Як з’явіўся Kamunikat.org — найбольшая беларуская інтэрнэт-бібліятэка ў свеце? Ці чытаюць кнігі ў часы вайны? Ці ёсць будучыня ў папяровых выданняў? Што будзе, калі ў Беларусі зачыняць усе незалежныя выдавецтвы?

    Яраслаў Іванюк — старшыня фонду Kamunikat.org, сябра ўправы Беларускага гістарычнага таварыства, журналіст. Паходзіць з мясцовых беларусаў Падляшша, жыве непадалёк Беластока.

    З Яраславам мы сустрэліся на сядзібе БГТ і Фонду Kamunikat.org непадалёк цэнтра горада. На паліцах безліч кніг: гістарычная і мастацкая літаратура, мемуарыстыка, краязнаўства, слоўнікі, газеты і часопісы. Сапраўдны беларускі «кніжны каўчэг». Усё гэта патроху «пераплаўляецца» ды паўстае ў лічбавай форме на партале Kamunikat.org

    — Як пачынаўся праект «Камунікат»?

    — У 2000‑м у мяне нарадзіўся сын. Жонка, будучы цяжарнай, навучыла мяне рабіць сайты, пісаць html-код. Мяне — гуманітарыя, гісторыка. Сама яна матэматык. І гэта было «уаў»! Тады я вырашыў, што варта перавесці ў анлайн бюлетэнь беларускай службы Польскага радыё, які акурат называўся «Камунікат».

    У бюлетэні мы публікавалі тэксты некаторых нашых перадач, у тым ліку «Гістарычнае падарожжа», якім я займаўся. Там былі размовы з рознымі гісторыкамі з Беларусі і Падляшша. Калі некалькі перадач перавёў у сеціва, яны займелі найбольшы фідбэк. З гэтага пачаў фармавацца наш рэсурс, хоць тады я яшчэ не разумеў, што гэта пачатак сапраўднай беларускай інтэрнэт-бібліятэкі.

    Майму сыну зараз 22 гады — столькі ж «Камунікату». За гэты час на нашым рэсурсе сабралася больш за 50 000 публікацый. Кнігі, часопісы, газеты. Не толькі сучасныя, але і старыя выданні: адлічбаваныя газеты і часопісы «Беларус», «Бацькаўшчына», «Зважай», «Божым шляхам», «Ніва» ды іншыя. Таксама беларускія выданні 80–90‑х — «Свабода», «Пагоня». Зараз кожны можа спампаваць гэта ў pdf.

    — Гэта сапраўды вялізны масіў інфармацыі для гісторыкаў і даследчыкаў. А што наконт мастацкай літаратуры ці папулярнай гісторыі?

    — Да 2007 года мы працавалі без падтрымкі звонку, як прыватны праект. Гэтым займаліся 3–4 чалавекі, уключна з Аляксандрам Максімюком ды Наталляй Герасімюк. На сёмым годзе праекта з’явіўся больш сучасны рухавік сайту, а таксама мы пачалі рабіць аўтарскія дамовы з пісьменнікамі. Гэта дазволіла легальна змяшчаць іх творы.

    У радзеле «Беларускія аўтары» зараз профілі больш 300 творцаў. Маем кнігі Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Аляксея Карпюка. З амаль усімі паспеў сустрэцца і падпісаць дазвол на публікацыю твораў. Апроч Аляксея Карпюка — трэба было дамаўляцца з нашчадкамі.

    З сучасных аўтараў: Уладзімір Арлоў, Уладзімір Някляеў, Алесь Краўцэвіч, Міхась Скобла, Барыс Пятровіч, Генадзь Сагановіч, Андрэй Федарэнка, Зміцер Бартосік, Эдуард Акулін, Людмiла Рублеўская, Валянціна Аксак, Леанід Дранько-Майсюк, Валеры Гапееў, Павал Севярынец, Валянцін Акудовіч ды іншыя вядомыя творцы. Запампоўвай і чытай сабе!

    — Ці былі выпадкі, калі нехта адмаўляўся даваць свае творы?

    — Два выпадкі. Прозвішчаў называць не хачу. Адна асоба нават вельмі значная ў нашай літаратуры: там адмова прыйшла нават не ад яе асабіста, але ад агента. З іншай асобай яшчэ больш цікава: чалавек напісаў прамым тэкстам, што не хоча, каб яго кнігі былі побач з «апазіцыйнымі» аўтарамі. Я быў уражаны, бо той аўтар абсалютна не асацыяваўся з рэжымным саюзам пісьменнікаў, але — ягоная справа. Дарэчы, не толькі мы шукаем аўтараў — часам пісьменнікі самі звяртаюцца, каб іх творы з’явіліся на «Камунікаце».

    — Зараз мы жывём у новай рэальнасці: пасля 2020-га і пасля пачатку вайны. З’ехалі безліч людзей, пакінуўшы, сярод іншага, свае любімыя кнігі. Ці стае «Камунікат» свайго роду віртуальным «кніжным каўчэгам»?

    — «Камунікат» — вельмі шырокі праект з вялікай палітрай аўтараў, твораў, жанраў. На пачатку размовы я рабіў ухіл на эмігранцкія выданні, але на гэтым усё не сканчаецца. Я б наогул не размяжоўваў, бо ўсё гэта — складнікі вялікага пазла нашага літаратурнага працэсу і грамадскай думкі.

    У нас да апошняга нумару публікавалася pdf-версія газет «Новы Час», «Наша Ніва», «Народная Воля», ёсць літаратурныя часопісы «Дзеяслоў» і «Верасень». Некаторыя выданні знікаюць па зразумелых прычынах. Ліквідаваныя Таварыства беларускай мовы ці Саюз беларускіх пісьменнікаў, а значыць і выданні, прывязаныя да іх. Але ў нас усё захоўваецца.

    Пасля 2020-га быў усплёск цікавасці да беларушчыны — мы назіралі павышэнне праглядаў і спамповак файлаў. Зараз цікавасць упала, бо вайна. Тое самае мы назіралі і ў 2014‑м. Бо калі вайна, то людзям не да літаратуры. Больш думаюць пра выжыванне. Не час для чытання доўгіх тэкстаў.

    — З якіх краін свету вас чытаюць?

    — Агулам больш за 100 краін. Беларусь, Польшча, Расія, Украіна. Далей — Нямеччына, ЗША, Чэхія ды іншыя. Зараз больш праглядаў з Грузіі — там утварылася вялікая беларуская дыяспара. У такія змрочныя часы не перастаеш думаць пра надзённае, але добрая літаратура можа дапамагчы ўсё гэта перажыць.

    — Што карыстаецца найбольшай папулярнасцю?

    — На дзіва, гэта рознага тыпу слоўнікі. Імі карыстаюцца вучні, студэнты, навукоўцы. Пазней — мастацкая літаратура ды гістарычная. Ну і часопісы, але з імі па-рознаму, бо гэта бязмежнае мора.Фота: Руслан Кулевіч / MOST

    — Што наконт адаптацыі сайту для гаджэтаў: планшэтаў, айфонаў і гэтак далей?

    — Працуем над гэтым. Вы можаце зайсці на сайт са смартфона, але памер і велічыня знакаў не будуць прыстасаваныя. Плануем скончыць да канца года. Рыхтуемся таксама да тэхналагічнай рэвалюцыі на сайце: старонка перапісваецца з нуля, ад пачатку. Таксама — рэбрэндынг. Усё ў працэсе.

    Спрабуем з аўдыёкнігамі. На гэты момант ёсць тры, але яны яшчэ не выкладзеныя на сайце. Гэта «Сядзіба» Алеся Аркуша, «Жэтон на метро» Андрэя Федарэнкі, а таксама «Айчына» Арлова ў аўтарскім выкананні. У планах запісаць да канца году 40–50 гадзін сучаснай беларускай літаратуры ў аўдыёфармаце.

    — Ёсць думка, што за добры прадукт трэба браць грошы, інакш людзі не будуць яго цаніць. У вас — усё бясплатна. Ці слушны гэта падыход?

    — Лічу, зараз не той этап. Магчыма, каб Беларусь была на тым самым культурным і нацыянальным узроўні, што Украіна, то — можа быць. А пакуль не. Прыйдзе час, калі за ўсё якаснае і беларускае трэба будзе плаціць. Але не зараз. Пакуль мы можам даць нешта дарам, распаўсюдзіць, трэба гэта рабіць.

    — У вас ёсць лозунг «Беражы лес — чытай кнігі на Kamunikat.org!». А што наконт папяровай літаратуры? Ці мае яна будучыню?

    — Напрыканцы мінулага года да нас звярнуўся Уладзімір Някляеў з прапановай надрукаваць яго кнігу «Гэй Бэн Гіном» у папяровым фармаце. Мы пагадзіліся. Кнігу выдалі, але што з ёй рабіць далей? Асабліва ў Польшчы, калі прэзентацыі ў Беларусі немагчымыя? Як кніга трапіць да чытача?..

    Вырашылі зрабіць прэзентацыі ў найбольшых беларускіх асяродках Польшчы: Варшава, Уроцлаў, Познань, Гданьск, Кракаў, Лодзь, Беласток, Бельск Падляскі, а яшчэ дзве ў Вільні. Быў сапраўдны аншлаг: увесь тыраж разышоўся на прэзентацыях! Мы дадрукавалі яшчэ тыраж, каб яго ўжо прадаваць праз інтэрнэт.

    Яшчэ рана пісаць пра незапатрабаванасць папяровай кнігі. Так ужо было: калі з’явілася кіно, то «хавалі» тэатр. Калі з’явілася тэлебачанне, то «хавалі» кіно… Але ўсё гэта жыве паралельна. Я 22 гады займаюся інтэрнэт-бібліятэкай, але калі атрымліваю кнігу ў pdf- фармаце, адразу ж хачу займець яе на кніжнай паліцы. На днях чытаў раман «Локісаў» Артура Клінава на паперы. Прыклад з кнігай Някляева паказаў, што такія праекты, на жаль, запатрабаваныя…

    — Чаму «на жаль»?

    — Бо такія кнігі маюць выходзіць у Беларусі. Але з’ехала вельмі багата людзей. Калі ездзілі па Польшчы з Арловым з прэзентацыямі, нават гучала лічба — 150–200 тысяч беларусаў тут. З гэтымі людзьмі трэба працаваць.

    — У Беларусі адно за адным зачыняюць прыватныя выдавецтвы беларускай літаратуры. Ці можа скласціся сітуацыя, калі будзе патрэба масава выдаваць беларускія кнігі ў замежжы?

    — Мы да гэтага гатовыя. Ёсць ужо некалькі прапаноў ад беларускіх аўтараў выдаць іх кнігі акурат у Польшчы і тут жа правесці прэзентацыі. Можа атрымаецца не так маштабна, як з Някляевым, бо гэта асаблівы аўтар. Але ўжо сёлета, думаю, у нас будуць чарговыя папяровыя выданні.

    Апошнім часам мы зладзілі некалькі прэзентацый двухмоўнай беларуска-польскай кнігі балад Уладзіміра Арлова «Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань». Праўда, не мы яе выдалі, а выдавецтва «Варштаты Культуры» з Любліна, але на сустрэчах ва Уроцлаве, Варшаве ці ў Бельску Падляскім было шмат зацікаўленых. Бліжэйшая прэзентацыя гэтай кнігі адбудзецца ў Беластоку 29 красавіка ў Падляскім Інстытуце Культуры (ul. Św. Rocha 14, Spod­ki).

    Бачыце, нават мы праз сітуацыю вымушаныя дзейнічаць крыху насуперак свайму лозунгу — «Беражы лес — чытай кнігі на Kamunikat.org!».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці