Анджэй Пачобут з турмы: Мы не выбіраем час, у якім нам жыць, але мы выбіраем, як нам жыць у гэты час
Журналісту Анджэю Пачобуту пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Журналіст Gazety Wyborczej Анджэй Пачобут неўзабаве паўстане перад беларускім судом. Пераследаванаму рэжымам Аляксандра Лукашэнкі журналісту, прадстаўніку польскай супольнасці пагражае шматгадовае зняволенне. Пра калегу піша Gazeta Wyborcza.
28 лістапада ў Гродне пачнецца суд над Анджэем Пачобутам. Пра гэта СМІ на мінулым тыдні паведамілі праваабаронцы з фармальна ліквідаванай беларускімі ўладамі праваабарончай арганізацыі «Вясна» і жонка журналіста Аксана.
У адным з апошніх запісаў у Facebook Аксана Пачобут працытавала фрагмент ліста ад Анджэя, які, не губляючы спакою, распавядае пра чаканне суду.
«Я думаю пра тых, хто сядзеў у гэтых сценах у 40–50‑я гады і яны чакалі суда. Ім было цяжэй, у тыя гады гэта было сапраўднае пекла. Іх прыклад дае сілы. Мы не выбіраем час, у якім мы жывем, але мы выбіраем, як нам жыць у той час. Вядома, я ніколі не думаў, што гісторыя раптам стане такой небяспечнай, але рэчаіснасць заўсёды здзіўляе. У гэтым і заключаецца яе прыгажосць», – напісаў у лісце на волю журналіст Анджэй Пачобут.
Анджэй Пачобут знаходзіцца за кратамі паўтара года. Яго абвінавацілі ў «распальванні варожасці» і закліках да санкцый. Беларускія праваабарончыя колы, польскія ўлады і міжнародная супольнасць прызналі крымінальныя справы супраць прадстаўнікоў польскай меншасці «палітычна матываванымі», размова ідзе пра рэпрэсіі грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і свабодаў грамадзян. Пачобуту пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Чытайце яшчэ:
Як працуе рэгіянальная ўкраінская журналістыка ў непасрэднай блізасці да фронту? Вялікая гутарка з «Накіпела»
“Брестской газете» спаўняецца 20 год
Рэдактар газеты «Царква» Ігар Бараноўскі на волі