• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    5 красавіка будзе разглядацца скарга адваката Паўла Падабеда на заключэнне падабароннага пад варту

    Беларускай асацыяцыі журналістаў стала вядома, што 2 красавіка скончыўся тэрмін папярэдняга ўтрымання пад вартай відэааператара Паўла Падабеда. 

    5 красавіка ў судзе Партызанскага раёна Мінска будзе разглядацца скарга адваката Паўла Падабеда на заключэнне падабароннага пад варту.

    Пра гэта сведчыць апублікаваны графік пасяджэнняў на сайце Вярхоўнага суда Беларусі.

    Адметна, што з чатырох анансаваных разглядаў толькі справа журналіста запланаваная ў закрытым рэжыме, мабыць, таму не фігуруе і артыкул абскарджання.

    Зрэшты, чым кіраваўся ў дадзеным выпадку суддзя Аляксандр Супічэнка — можна толькі здагадвацца: практычна ўсе працэсы з удзелам журналістаў адбываюцца ў фармаце «глыбокай засакрэчанасці». Дарэчы, выбар судовай лакацыі гэтаксама незразумелы — паводле рэгістрацыі заяўнік значыцца ў Ленінскім раёне сталіцы.   

    Журналіста Паўла Падабеда, які больш за два дзясяткі гадоў супрацоўнічаў у якасці фатографа і відэааператара з незалежнымі медыя, затрымалі сёлета 20 студзеня і першапачаткова пакаралі 15 суткамі арышту.

    Фармальнай падставай — даўнія спасылкі ў ягоных сацсетках на публікацыі ў СМІ, прызнаных уладамі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Прычым, рэпосты датаваныя ажно 2012 годам — задоўга да таго, як інфармацыйныя рэсурсы ў Беларусі павальна сталі «экстрэмісцкімі».

    Пакаранне Павел Падабед адбываў у ІЧУ Мінскага раёна, аднак 4 лютага, перад завяршэннем прызначанага судом тэрміну адміністрацыйнага арышту, яго адвезлі на допыт у ізалятар на Акрэсціна. Следам ён апынуўся ў СІЗА № 1 Мінска, дзе яму інкрымінавалі артыкул 361–4 Крымінальнага кодэкса — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

    Адпаведная санкцыя прадугледжвае абмежаванне волі да 4 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 2 да 6 гадоў. 

    Цягам наступных двух месяцаў следчыя павінны былі вызначыцца са статусам зняволенага — як стала вядома БАЖ, у выніку з падазраванага ў «экстрэмізме» ён стаў абвінавачаным. Канкрэтныя эпізоды ўчыненых «злачынстваў» пакуль не агалошваюцца. 

    Таксама незразумела, ці апавясцілі аб рашэнні самога фігуранта, паколькі папярэднюю пастанову аб утрыманні пад вартай арыштанту ўручылі толькі праз месяц зняволення, што супярэчыць усім юрыдычным нормам. Прынамсі лістоў на волю ў апошнія дні ад яго не было. 

    28 лютага праваабарончая супольнасць прызнала Паўла Падабеда палітычным зняволеным. 

    Паўла Падабеда пры да канца невысветленых абставінах затрымалі сёлета 20 студзеня. Ужо з міліцыі яму дазволілі зрабіць тэлефанаванне родным і паведаміць пра ператрус у кватэры. Яшчэ праз 72 гадзіны ён знайшоўся ў ІЧУ Мінскага раёна на вуліцы Скарыны, дзе апынуўся паводле адміністрацыйнага артыкула 19.11 за распаўсюд (рэпост) «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

    Адметна, што незадоўга да таго Павел Падабед атрымаў візу адной з еўрапейскіх краін і ва ўмовах фактычнай забароны на прафесію — асабліва для фота- і відэажурналістаў — планаваў на нейкі час выехаць за мяжу. Квіток быў набыты на 21 студзеня, а за дзень да таго яго схапілі, калі ён выправіўся на пошту зрабіць камунальныя плацяжы. І адразу ж следам — «экстрэмісцкі» артыкул. Калегі не выключаюць, што за журналістам цікавалі і ўзялі акурат тады, калі ён збіраўся пакінуць краіну.  

    Паўла Падабеда і раней затрымлівалі падчас выканання рэдакцыйных заданняў, аднак усё збольшага заканчвалася «прафілактычнай гутаркай» ці загадам на выдаленне адзнятага матэрыялу. Нават у 2020 годзе, калі Беларусь ахапілі масавыя пратэсты, нейтралізацыя мела збольшага прэвентыўны характар — пратрымаць у аддзяленні міліцыі на час кульмінацыі падзей, каб не тыражаваць карцінкі беззаконня з удзелам саміх жа «праваахоўнікаў».

    Чытайце яшчэ:

    У выдання Office Life узніклі праблемы з Мініфармам

    «Правасуддзе да злачынстваў супраць журналістаў павінна быць забяспечана!» — у Лондане апублікаваная гадавая справаздача НСЖУ

    Да «экстрэмісцкіх» адносяць сацсеткі былой карэспандэнткі «Рэгіянальнай газеты»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці