«Правасуддзе да злачынстваў супраць журналістаў павінна быць забяспечана!» — у Лондане апублікаваная гадавая справаздача НСЖУ
«Усе ваенныя злачынствы, учыненыя ва Украіне супраць супрацоўнікаў СМІ, павінны быць як мага больш дэталёва задакументаваныя, каб забяспечыць іх дбайнае расследаванне і непазбежнае правасуддзе для ўсіх злачынцаў», — падкрэслівае Марыя Арджанікідзэ, дырэктар лонданскага фонда «Справядлівасць для журналістаў», які падтрымлівае журналісцкія расследаванні злачынстваў у дачыненні прадстаўнікоў СМІ і дапамагае супрацоўнікам СМІ мінімізаваць прафесійныя рызыкі.
Старшыня Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны Сяргей Таміленка перакананы: расейскія вайскоўцы наўрад ці хаваюць, што лічаць украінскіх журналістаў аб’ектамі сваіх абстрэлаў і нападаў.
«Украінскіх журналістаў, іх аўтамабілі з надпісам «ПРЭСА» мэтанакіравана абстрэльваюць, саміх медыйшчыкаў на акупаваных тэрыторыях выкрадаюць, падвяргаюць катаванням, пазбаўляюць магчымасці весці журналісцкую дзейнасць, знішчаюць іх маёмасць. Але гэтым наступствы агрэсіі для ўкраінскіх СМІ не абмяжоўваюцца.
Акрамя жахаў вайны, яшчэ і беспрэцэдэнтны эканамічны ціск, у выніку якога амаль траціна ўкраінскіх СМІ была вымушана спыніць працу.
СМІ, якім удаецца працягваць працу, знаходзяцца пад пастаяннай пагрозай закрыцця праз адсутнасць фінансавых паступленняў», — кажа Сяргей Таміленка.
Вынікі маніторынгу нападаў на журналістаў, блогераў і супрацоўнікаў СМІ ва Украіне за 2022 год апублікаваныя ў англамоўнай справаздачы, падрыхтаванай НСЖУ на замову фонда «Справядлівасць для журналістаў». Прэзентацыя справаздачы адбылася падчас брытанска-ўкраінскага вэбінару, прысвечанага гадавіне расейскага поўнамаштабнага ўварвання.
Паводле верыфікаваных звестак НСЖУ і экспертаў Фонда, у выніку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе загінулі не менш за 46 супрацоўнікаў СМІ.
На сёння гэтая сумная лічба павялічылася да 52. З іх 12 супрацоўнікаў СМІ загінулі пры выкананні прафесійных абавязкаў.
Гэта: Ігар Гудэнка, Яўген Сакун, Брэнт Энтані Рэно, П’ер Закржэўскі, Аляксандра Куўшынава, Аксана Баўліна, Максім Левін, Мантас Кведаравічус, Яўген Баль, Раман Нежыбарэц, Зарэслаў Замойскі, Фрэдэрык Леклерк-Імгоф.
Вядома, што падчас нападаў расійскіх вайскоўцаў пацярпела не менш за 36 супрацоўнікаў СМІ.
Прааналізаваўшы характар нападаў, эксперты пацвярджаюць той факт, што падчас расейска-ўкраінскай вайны людзі і транспартныя сродкі з маркіроўкай «ПРЭСА» становяцца аб’ектамі абстрэлаў. Акрамя таго, расейскія ракеты і бомбы наносяць удары па рэдакцыях, тэлекамунікацыйнай, радыё- і тэлевізійнай інфраструктуры і абсталяванні. Некалькі аб’ектаў гэтага тыпу неаднаразова бамбілі.
Украінскія журналісты зазнаюць беспрэцэдэнтны ціск з боку акупантаў на часова акупаваных тэрыторыях.
Прынамсі 14 супрацоўнікаў СМІ былі выкрадзеныя і падвергнутыя фізычнаму і псіхалагічнаму ціску з мэтай прымусу да супрацоўніцтва з акупацыйнымі расейскімі ўладамі.
Нават калі журналістам удаецца пакінуць акупаваную тэрыторыю, сваякі часта становяцца ахвярамі тактыкі шантажу. Напрыклад, 75-гадовага бацьку шэф-рэдактара РІА «Мелітопаль» Святланы Залізецкай выкралі і вызвалілі з закладнікаў толькі пасля таго, як журналістка дала доступ да сваіх медыярэсурсаў, а з офіса выдання выкралі ўсю тэхніку.
Акупанты захопліваюць офісы, маёмасць, перадатчыкі, паліграфічную і камп’ютарную тэхніку ўкраінскіх СМІ для выкарыстання даўно вядомых брэндаў у мэтах расейскай прапаганды. Расейцы хутка ствараюць фальшывыя версіі паважаных рэгіянальных СМІ з дапамогай мясцовых калабарацыяністаў і заангажаваных расійскіх прапагандыстаў. Пры адступленні акупанты выкрадаюць і знішчаюць усю медыятэхніку і маёмасць.
У выніку масіраванага артылерыйскага абстрэлу многія журналісты страцілі свае дамы і маёмасць. Яны былі вымушаныя перасяліцца і шукаць прытулку ў іншых раёнах Украіны ці за мяжой.
У 2022 годзе як мінімум 43 кібератакі і DDoS-атакі на ўкраінскія СМІ былі сінхранізаваныя з ваеннымі дзеяннямі расейскіх акупантаў, што робіць іх верагоднымі ініцыятарамі такіх нападаў.
Поўная версія справаздачы размешчаная на сайце Фонда (на англійскай мове).
Даведка: Фонд «Справядлівасць для журналістаў» зарэгістраваны ў Лондане. Ён выдзяляе сродкі на журналісцкія расследаванні цяжкіх злачынстваў супраць супрацоўнікаў СМІ, а таксама дапамагае журналістам і блогерам ацаніць і мінімізаваць свае прафесійныя рызыкі. Місія Фонда — палегчыць журналістам доступ да існуючых рэсурсаў і адаптаваць іх да асаблівасцяў канкрэтнага рэгіёна.
Чытайце яшчэ:
«Бачу палярнае стаўленне да беларусаў». Што абмяркоўвалі на журналісцкай сустрэчы ў Кіеве
Рэдактарка зіна PAMYŁKA: Трэба было дзесяць год валанцёрыць, каб пабачыць квантавы скачок у грамадстве
Васкрасенскі распавёў, як сустракаўся з Пачобутам дзеля яго вызвалення