Асуджаныя на працяглыя тэрміны белапанаўцы цяпер яшчэ і ў спісе “экстрэмістаў”
Сілавікі дадалі амаль чатыры дзясяткі чалавек у ведамасны спіс грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежнікаў або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да “экстрэмісцкай дзейнасці”. Цяпер у пераліку і чатыры фігуранты “справы БелаПАН”.
Згодна з абноўленай версіяй, апублікаванай на сайце Міністэрства ўнутраных спраў, на гэты момант у “экстрэмісцкім спісе” 2350 прозвішчаў. У ліку 39 “навічкоў” — асуджаныя журналісты Ірына Леўшына, Дзмітрый Наважылаў, Андрэй Аляксандраў і яго жонка Ірына Злобіна.
Летась 6 кастрычніка Мінскі абласны суд агучыў у закрытым фармаце тэрміны пакарання для чатырох фігурантаў справы недзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Суддзя Вячаслаў Тулейка усім прысудзіў розныя тэрміны ў калоніях агульнага рэжыму.
Ірына Леўшына (галоўная рэдактарка БелаПАН) — 4 гады.
Дзмітрый Наважылаў (былы гендырэктар БелаПАН) — 6 гадоў.
Андрэй Аляксандраў (экс-намеснік дырэктара БелаПАН) — 14 гадоў.
Ірына Злобіна (сацыёлаг, грамадская актывістка) — 9 гадоў.
Акрамя таго, палітвязням прызначылі буйныя штрафы: з Андрэя Аляксандрава суд пастанавіў спагнаць 32 000 рублёў, з Ірыны Злобінай – 25 600 рублёў, з Дзмітрыя Наважылава – 22 400 рублёў. Ірына Леўшына абышлася без матэрыяльнага спагнання.
Праваабарончая супольнасць прызнала ўсіх фігурантаў палітычнымі вязнямі. На пачатку студзеня Вярхоўны суд разглядаў іх апеляцыйныя скаргі, але пакінуў без задавальнення.
Занясенне ў так званыя “экстрэмісты” мае шэраг абмежаванняў у асабістых і прафесійных правах, якія распаўсюджваюцца ў тым ліку на перспектыву.
Так, згодна часткам 3 і 4 артыкула 18 закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму», грамадзянам, у дачыненні да якіх прысуд уступіў у законную сілу, на працягу 5 гадоў пасля пагашэння або зняцця судзімасці забараняецца:
-
займацца дзейнасцю, звязанай з абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў, зброі і боепрыпасаў, выбуховых рэчываў
-
педагагічнай дзейнасцю (у частцы рэалізацыі зместу адукацыйных праграм)
-
выдавецкай дзейнасцю
-
займаць дзяржаўныя пасады
-
праходзіць ваенную службу.
Ірыну Леўшыну і Дзмітрыя Наважылава затрымалі 18 жніўня 2021 года, Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна за кратамі яшчэ раней, ад 12 студзеня.
Андрэю Аляксандраву, Ірыне Леўшынай і Дзмітрыю Наважылаву інкрымінавалася “стварэнне і дзейнасць экстрэмісцкага фармавання”, хоць усіх затрымалі задоўга да рашэння КДБ прызнаць інфармагенцтва БелаПАН “экстрэмісцкім фармаваннем”.
Андрэя Аляксандрава і Ірыну Злобіну спачатку абвінавацілі ў “падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў беспарадках” (за тое, што аплочвалі штрафы ўдзельнікам мірных пратэстаў). А ўжо за кратамі з’явілася нагрузка ў выглядзе “здрады дзяржаве”.
Усё той жа Андрэй Аляксандраў, толькі цяпер у тандэме з Дзмітрыем Наважылавым, праходзіў як падазраваны ў нявыплаце падаткаў ад дзейнасці інфармацыйнага агенцтва ў эквіваленце 200 тысяч долараў на момант выстаўлення фінансавых прэтэнзій.
Практычна адразу пасля суда, нават не чакаючы выніку апеляцыйных скаргаў, усіх белапанаўцаў перавялі з мінскага следчага ізалятара №1 у іншыя пенітэнцыярныя ўстановы. Андрэй Аляксандраў і Дзмітрый Наважылаў цяпер у СІЗА №2 Віцебска, Ірына Леўшына і Ірына Злобіна — у СІЗА №3 Гомеля. Там яны чакаюць далейшага размеркавання ў калоніі.
Чытайце яшчэ:
Кого считают журналистом в Литве и какие права дает статус? Отвечают эксперты
Как беларусские журналисты проводят международные расследования
10 гадоў таму ў Гродне загінуў паэт і журналіст Юрый Гумянюк