10 гадоў таму ў Гродне загінуў паэт і журналіст Юрый Гумянюк
19 студзеня 2013 года трагічна загінуў паэт і журналіст Юрый Гумянюк. Сваякі Гумянюка лічаць, што яго забілі, хоць міліцыя і Следчы камітэт даказвалі, што гэта было самагубства.
Як у 2019‑м годзе распавядала Hrodna.Life, праз два месяцы пасля гібелі Юрыя Гумянюка Упраўленне Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці завяршыла праверку. Была зроблена выснова, што гэта было самагубства. Паводле дадзеных следства, прычынай мог стаць псіхічны стан яго здароўя, які і прывёў да самагубства. 19 сакавіка 2013 года следчымі было прынята рашэнне адмовіць ва ўзбуджэнні крымінальнай справы з‑за адсутнасці складу злачынства.
Юры Гумянюк быў членам Саюза беларускіх пісьменнікаў, працаваў загадчыкам літаратурнай часткі Гродзенскага тэатра лялек, карэспандэнтам газеты «Пагоня», друкаваўся ў штомесячніку Czasopis (Беласток), працаваў на Радыё Рацыя, у Беларускай службе Польскага радыё. Быў выдатным публіцыстам. Праяўляў актыўную грамадзянскую пазіцыю. У ліпені 2011 года быў прыгавораны да 12 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыях пратэсту, якія тым летам праходзілі па ўсёй Беларусі. Беларускія рок-гурты «Грунвальд», «Айша» (Jungle X‑mas), а таксама асобныя выканаўцы стварылі на тэксты Юрыя Гуменюка каля двух дзясяткаў песень.
Адразу пасля смерці Юрыя казалі, што апошнім часам у яго была навязлівая ідэя, што бандыты з раёна хочуць яго забіць і забраць прыватны дом, у якім ён жыў з маці. Сваякі Гумянюка з самага пачатку схіляліся, што яго забілі, хоць міліцыя і Следчы камітэт даказвалі, што гэта было самагубства.
Цэгла або дзявяты паверх
У той дзень Юры быў засмучаны і не мог знайсці сабе месца, успамінала ў 2019‑м годзе цётка паэта Зоф’я Казіміраўна.
«Яны вельмі хутка закрылі справу. Дзень гібелі пляменніка я памятаю вельмі добра. Мая сястра, мама Юры, ужо памерла, але яна мне ўсё падрабязна распавяла. У той дзень у 19:00 яны былі з ім разам у аптэцы і павінны былі ісці да пляменніцы на Дзень нараджэння. Але Юру нехта патэлефанаваў і ён сказаў маме, што нікуды не пойдзе, няхай яна ідзе дадому разаграваць есці, а ён хутка прыйдзе. Сам ён пабег на сустрэчу.
Сястра пайшла дадому, распаліла печ і разагрэла вячэру. Прайшло некалькі гадзін, а Юры не было. Тады яна выключыла тэлевізар і легла, а вячэру абгарнула ў ручнік, каб не састыгла. У 23:30 ёй пастукалі ў акно супрацоўнікі міліцыі і папрасілі адчыніць дзверы. Яна не адчыніла, тады яны пайшлі да суседзяў. Толькі пасля таго, як падышлі суседзі, сястра адчыніла дзверы і ёй паведамілі, што яе сын трагічна загінуў — паслізнуўся і зваліўся з дзявятага паверху інтэрната».
Ад дома Гумянюка на вуліцы Харужай да інтэрната, дзе загінуў Юрый, метраў 250. Ад інтэрната да аптэкі яшчэ метраў 300−350, яна знаходзіцца на рагу бульвара Ленінскага камсамола і праспекта Будаўнікоў.
«Але што Юра мог рабіць на дзявятым паверсе інтэрната? Ён там нікога амаль не ведаў. У той дзень мой любімы пляменнік быў вельмі засмучаны. За некалькі гадзін да гібелі, недзе ў 15:30, мне патэлефанавала сястра і сказала, каб я паразмаўляла з ім, бо ён быў не ў сабе і варочаў усё паперы і кнігі.
Сястра папрасіла пагаварыць з ім і перадала мне слухаўку. Я спытала ў Юры: у чым справа, я магу табе дапамагчы? А ён мне кажа: «Цётка, дрэнныя справы. Ты не дапаможаш, мне мае быць цэгла або дзявяты паверх. З мяне патрабуюць дакументы, якіх у мяне даўно ўжо няма». Хто і што ад яго патрабаваў, ён не сказаў. Можа нататку не тую напісаў? Мы не ведаем.
Я з ім размаўляла ў той дзень і хацела дапамагчы, нават прапаноўвала вывезці яго. Але здарылася што здарылася. Я ніколі не паверу, што ён сам мог пайсці на гэта. Людзі, якія выскокваюць, галавой уніз не ляцяць. Яго спусцілі па сцяне. Калі б ён хацеў сысці, то ён мог сабе пятлю дома надзець або неяк па-іншаму».
Быў тупік у жыцці
Следчым камітэтам было ўстаноўлена, што Юрый Гумянюк доўгі час знаходзіўся на дыспансерным уліку ў псіхіятра, а ў апошні час — нарколага. На глебе злоўжывання алкаголем паводзіў сябе неадэкватна, упадаў у дэпрэсію.
Тое, што ў Юрыя былі праблемы ў апошнія гады жыцця, пацвярджаў у 2019‑м годзе і яго сябар, калега журналіст Анджэй Пачобут.
«З Юрам мы былі сябрамі і я заўсёды захапляўся яго талентам. І ў апошні перыяд свайго жыцця ён быў досыць адзінокім чалавекам. Так атрымалася. Я калі на яго глядзеў, то ўвесь час думаў: Юра старэе, але не прызнае гэта. Ён быў вельмі таленавітым паэтам, але ў адзін момант ён перастаў пісаць і перайшоў у журналістыку. Я яму заўсёды казаў: навошта табе гэтыя артыкулы, якія забываюцца, лепш бы пісаў вершы, якія б памяталі ўсе і заўсёды. А ён аджартоўваўся, што трэба на жыццё зарабляць і таму ён займаўся журналістыкай.
Гібель яго стала нечаканай для ўсіх. Але я магу сказаць, што ў яго былі ў апошні час праблемы з алкаголем. У многіх творчых і таленавітых людзей здараюцца такія перыяды ў жыцці, гэта можа быць звязана з чым заўгодна.
Анджэй Пачобут адзначаў, што, згодна з заключэннем, на целе Юры былі выяўленыя парэзы і нібыта ён сам іх сабе нанёс. Да гэтага ён ставіўся скептычна.
«Шмат каго дапытвалі па гэтай справе — і мяне таксама. Я расказаў пра ўсё, што ведаў. Юра мне часта казаў, што яго шантажуе КДБ і я гэта на допыце сказаў, але следчыя не хацелі пісаць гэта ў пратакол. Тады я ад рукі дапісаў, што яго неаднаразова шантажавалі. Ці мела гэта адносіны да гібелі, я не ведаю. Я думаю, што ўсё ж Юра пайшоў на самагубства і, на жаль, прычын на гэта хапала. Ён не паспеў рэалізаваць сябе і гэта яго дужа занепакоіла. У яго быў тупік у жыцці і ён разумеў, што быў абмежаваны, гэта яго і хвалявала».
«Юра напісаў бы развітальны ліст да сяброў»
Як Юры Гумянюк трапіў у інтэрнат, ніхто сёння сказаць не можа. Быў адзін сведка, які сцвярджаў, што бачыў яго на дзявятым паверсе і як ён зайшоў на кухню, так прама і пайшоў праз балкон. Сябар Юрыя, журналіст і пісьменнік Алесь Аркуш у 2019‑м годзе адзначаў, што, ведаючы добра Гуменюка, можна было спадзявацца пабачыць перад смерцю развітальны ліст. Але яго не было.
«Юра быў маім сябрам і літаратурным паплечнікам у стварэнні Таварыства Вольных Літаратараў. Мы разам выдавалі часопіс «Калосьсе». Згадаваю яго перыядычна. Пісьмова і вусна. Вось апошняя згадка.
Для мяне яго смерць па-ранейшаму загадка. Я дапускаю, што Юра мог такое зрабіць па сваёй волі. Але, ведаючы яго тэатральную натуру, гэта было б зроблена неяк інакш, прынамсі напісаў бы развітальны ліст да сяброў. Я прытрымліваюся думкі, што нешта паўплывала на такое раптоўнае рашэнне. А калі гэтае нешта насамрэч было, то ягоная смерць мала чым адрозніваецца ад гвалтоўнага зыходу.
За пару месяцаў да гэтага здарэння ён са мной едзіў у Варшаву на прэзентацыю маёй кнігі. Быў у добрым настроі, па вяртанні з Варшавы начаваў у мяне ў Беластоку. Ніякіх песімістычных думак не выказваў. Быў звычайны. 2−3 разы тэлефанаваў сваёй маме. То бок, калі нешта здарылася, то за дзень-два да трагедыі».
Рэчы Гуменюка перадалі ў музей
У родным горадзе Юрыя Гуменюка памятаюць. Распавядаў журналіст Андрэй Мялешка:
«Юры Гуменюк для горада быў у першую чаргу Паэтам. Менавіта так, паэтам з вялікай літары. А ўжо потым журналістам, аўтарам песень для гродзенскіх гуртоў ды проста харошым чалавекам. Я памятаю цікавыя сустрэчы з ім і яго сябрам Славамірам Адамовічам, памятаю цікавыя сустрэчы, калі я яшчэ пачынаў працу ў «Пагоні» — першай незалежнай беларускамоўнай газеце.
Літаральна некалькі год таму, ужо пасля смерці Юры, я дапамагаў перадаваць у адзін з мінскіх музеяў спадчыну Юры: яго рэчы, у тым ліку яго знакаміты капялюш, у якім яго пазнавалі ў горадзе. І тады аказалася, што апроч яго літаратурных здольнасцяў, пісання вершаў і прозы, Юра яшчэ і маляваў. У Мінск былі перададзеныя яго юнацкія малюнкі.
Што наконт смерці? Я да сённяшняга часу думаю, што гэта было самагубства. У іншыя версіі стараюся не ўнікаць, бо я не маю ніякіх доказаў і не вялікі аматар канспіралогіі».
Чытайце яшчэ: