• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Апеляцыю журналіста Яўгена Меркіса Вярхоўны суд разгледзіць напрыканцы жніўня

    Стала вядомай дата разгляду ў Вярхоўным судзе апеляцыі гомельскага журналіста, гісторыка і краязнаўцы Яўгена Меркіса. Перагляд крымінальнай справы запланаваны ажно на 29 жніўня. Апеляцыйныя скаргі на вырак Гомельскага абласнога суда падалі сам Яўген і яго адвакат Арцём Каралёў.

    Яўгену Меркісу прысудзілі 4 гады пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Гомельскі абласны суд 30 траўня 2023 года прызнаў журналіста вінаватым паводле ч. 1 і ч. 2 артыкула 361–4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці») і ч. 3 артыкула 361–1 КК («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні»). Рашэннем суда на карысць дзяржавы ў журналіста канфіскаваныя ноўтбук, фотаапаратура, мікрафон, а таксама носьбіты інфармацыі.

    Разглядаў справу суддзя Аляксей Хлышчанкоў. Абвінавачанне падтрымлівала прадстаўніца пракуратуры Наталля Коцур.

    Суд вёўся ў закрытым рэжыме. Адкрытым зрабілі толькі агалошванне рэзалюцыйнай часткі выраку. Мясцовая дзяржаўная газета пісала, што «36-гадовы гамяльчук Яўген Меркіс працаваў на тэлеканале «Белсат», інфармрэсурсы якога прызнаны экстрэмісцкімі… Апроч таго, Меркіс накіроўваў у экстрэмісцкія тэлеграм-каналы фота ваеннай тэхнікі і паведамляў пра яе перасоўванне». Што гэта была расійская ваенная тэхніка, у газетнай нататцы не згадваецца.

    За кратамі Яўген знаходзіцца ўжо адзінаццаты месяц. Сілавікі затрымалі журналіста 13 верасня 2022 года. У яго па месцы жыхарства адбыўся ператрус з выняткам носьбітаў інфармацыі. Вобшукі былі праведзеныя таксама ў жыллі яго бацькі, а таксама ў сяброў.

    Пасля вынясення прысуду бацьку Яўгена дазволілі сустрэцца з сынам у гомельскім СІЗА‑3. Дазвол на падставе адпаведных заяў даваў абласны суд, за якім да набыцця юрыдычнай моцы выраку лічыцца Яўген Меркіс. Апошняя такая сустрэча адбылася 14 ліпеня. На здароўе Яўген не скардзіўся, наракаў толькі на тое, што на згаданую дату не атрымліваў лістоў ад сяброў і знаёмых. Быў толькі адзін электронны ліст з‑за мяжы, за атрыманне якога трэба было заплаціць грошы.

    Імаверна да разгляду апеляцыйнай скаргі на прысуд у Вярхоўным судзе Меркіс будзе знаходзіцца ў гомельскім СІЗА.

    Яўген Меркіс яшчэ да арышту пакінуў журналісцкую дзейнасць з прычыны таго, што шэраг незалежных СМІ, з якімі ён супрацоўнічаў, улады аднеслі да «экстрэмісцкіх фармаванняў».

    Па адукацыі Меркіс гісторык, скончыў гістфак Белдзяржуніверсітэта. Таму засяродзіўся на краязнаўстве, атрымаў сертыфікат экскурсавода, у тым ліку і для працы з замежнікамі на нямецкай мове. Добра валодае беларускай мовай. Засвоіў і ангельскую. У СІЗА спрабаваў вывучыць яшчэ і французскую, але, наколькі вядома, меў цяжкасці з атрыманнем падручнікаў.

    Папулярызаваць гісторыю, мову і культуру роднага краю ды этнаграфічныя вандроўкі Яўген пачаў яшчэ ў студэнцкія гады. Пазней заснаваў сайт «Краязнаўства Гомеля і Гомельшчыны», ачольваў гомельскае моладзевае грамадскае краязнаўчае аб‘яднанне «Талака», быў таксама рэгіянальным каардынатарам грамадска-культурнай кампаніі «Будзьма!».

    Калі ў Гомелі ды іншых гарадах Беларусі ў 2017 годзе праходзілі пратэсты так званых «дармаедаў», Меркіс вёў стрымы з масавых акцый і стаў адным з самых пазнавальных рэгіянальных журналістаў-вядоўцаў.

    Чытайце яшчэ: 

    Ён быў першым з беларускіх журналістаў, які стаў персанальным ворагам рэжыму. Сем гадоў з забойства Паўла Шарамета

    Блізкія журналісткі Ксеніі Луцкіной збіраюць дакументы на прашэнне аб памілаванні

    Экс-журналиста СТВ и его жену приговорили к 3 годам «домашней химии»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці