Ён быў першым з журналістаў, які стаў персанальным ворагам рэжыму. Восем гадоў з забойства Паўла Шарамета
Восем гадоў таму, а 7:45 раніцы ў цэнтры Кіева прагрымеў выбух. Выбух, што трапіў у самае сэрца беларускай журналістыкі. Загінуў Павел Шарамет, які паслядоўна і прынцыпова выступаў супраць дыктатарскіх рэжымаў у Беларусі і Расеі, і лічыўся персанальным ворагам Лукашэнкі.
Як часта бывае ў такіх выпадках, смерць знакамітага рэпарцёра ахутаная таямніцамі і версіямі. Кропка ў гучнай справе не пастаўленая дагэтуль, але 20 ліпеня назаўсёды ўвойдзе ў гісторыю беларускай журналістыкі, як ганебны замах на сумленне.
Выбух аўтамабіля адбыўся за 15 хвілін да пачатку радыёфіра
Раніцай 20 ліпеня 2016 года Павел Шарамет спяшаўся на чарговы радыёэфір. Ён вёў перадачу, якая так і называлася — «Раніца Паўла Шарамета».
Была дамова з госцем — кіраўніком федэрацыі лёгкай атлетыкі Ігарам Гацулам. Аднак вядучага ўсё не было. Калегі суцяшалі слухачоў: журналіст спазняецца.
Амаль адначасова з’явілася паведамленне пра выбух аўтамабіля на перакрыжаванні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франко. Гэта адбылося літаральна ў некалькіх сотнях метраў ад дома, дзе жыў журналіст.
Наступны выхад у радыёэфір атрымаўся занадта драматычным. Вядучая паведаміла пра тое, што за 15 хвілін да пачатку праграмы выбухнуў Subaru Паўла Шарамета. Яму спрабавалі аказаць меддапамогу, але шанцаў выратаваць жыццё журналіста не было…
Ён убачыў сутнасць рэжыму нашмат раней за нас
Як кажуць яго калегі, сваёй энергіяй Павел Шарамет зараджаў усіх навокал. Талент журналіста вельмі часта адгукаўся поспехам. У спалучэнні з бескампраміснасцю да дыктата і цэнзуры ён аўтаматычна аказваўся ў апанентах да аўтакратычных рэжымаў.
Як згадвала журналістка Ірына Халіп, менавіта Павел Шарамет стаў першым журналістам у незалежнай Беларусі, які быў арыштаваны за рэпарцёрскую дзейнасць і адзіным чалавекам, з‑за якога Лукашэнку аднойчы не пусцілі ў Расею. А пасля — першым беларусам, якога пазбавілі грамадзянства з фармулёўкай «у сувязі з атрыманнем расейскага грамадзянства».
Гаворка пра знакаміты рэпартаж з беларуска-літоўскай мяжы. У 1997 годзе журналіст з тэлеаператарам Дзмітрыем Завадскім прадэманстраваў недахопы ў працы дзяржорганаў. Аднак быў арыштаваны нібыта за парушэнне, аб якім сам расказаў у сюжэце для расейскага тэлеканала ОРТ.
Пасля Шарамет правёў некалькі месяцаў у СІЗА, аб чым падрабязна расказаў у кніге «Выпадковы прэзідэнт». Вызвалілі рэпарцёра толькі пасля таго, як Лукашэнку фактычна быў закрыты паветраны калідор у Расею. Некалькі гадзін той вымушаны быў правесці ў чаканні, пакуль тагачасны прэзідэнт РФ Барыс Ельцын не назваў рэальную прычыну забароны: «Хай Шарамета выпускае».
Цяпер, калі ў месцах несвабоды за прафесійную дзейнасць знаходзяцца больш за 30 журналістаў, а ўлада разважае, як будзе пазбаўляць грамадзянства беларусаў, добра разумееш, што цяперашнія метады неновыя. Змяніўся толькі маштаб, аднак не прыёмы.
Тады ацэнкі і каментары ў дачыненні да рэжыму Паўла Шарамета многім здаваліся зандадта катэгарычнымі і жорсткімі. Але праўда ў тым, што ён зразумеў усё нашмат раней за другіх. Журналіст убачыў за намерам «навесці парадак» сапраўдны матыў — падначаліць сабе народ і зрабіць Беларусь прыватнай уласнасцю. На жаль, тады мы яго не пачулі…
Негатыўны прафесійны вопыт і крывавая авантура расейскай палітыкі
Расейскі перыяд прафесійнай дзейнасці журналіста быў часта звязаны з вялікімі расчараваннямі. Спадзяванні на дэмакратычныя змены ў РФ не спраўдзіліся. У медыйным асяроддзі назіраліся негатыўныя тэндэнцыі, асабліва пасля прыходу да ўлады Пуціна.
Так, сваю працу ў якасці вядучага штотыднёвай аналітычнай праграмы «Время» (у 1999‑м годзе) Павел Шарамет ацэньваў як «негатыўны прафесійны вопыт» і называў гэта сорамам. На пачатку 2000-га, за два тыдні да прэзідэнцкіх выбараў, ён сыйшоў з праекту ў сувязі з канфліктам, які склаўся з кіраўніцтвам.
На «Першым тэлеканале» (Расея) ён працаваў больш за дваццаць гадоў і канчаткова сыйшоў з яго ў 2008‑м. Характэрна, што прычынай стала публікацыя ў газеце «Ведомости», у якой аўтар сцвярджаў, што Расея ідзе па шляху Беларусі. Чарговы раз застаецца здзіўляцца празорлівасці журналіста. Аднак зноў яго не захацелі пачуць.
Пасля была праца ў часопісе «Огонёк», на тэлеканале РЭН-ТВ, але было зразумела, што ціск павялічваецца і рэпарцёру, які не збіраўся ісці на кампрамісы і пагаджацца з цэнзураю, у Расеі станавілася цесна. Ён усё часцей паглядаў у бок Украіны — пачаў весці блог у газеце «Украинская правда», працаваў над школай для журналістаў, створанай пры гэтым выданні.
Канчаткова сувязь з Расеяй Павел Шарамет разарваў пасля анэксіі Крыму і падзей на Данбасе. Ён публічна заявіў, што гэта «крывавая авантура і пагібельная памылка расейскай палітыкі». У сучасным кантэксце цытата гучыць вельмі актуальна, не знаходзіце?
Апошні публічны выступ журналіста ў Расеі адбыўся з нагоды гібелі палітыка Барыса Нямцова. Тады ніхто не мог уявіць, што праз некалькі гадоў будзе забіты сам рэпарцёр.
Ці будзе калісьці пастаўлена кропка?
Здавалася, што праца ва Украіне зноў натхніла Паўла Шарамета. Ён энергічна ўліўся ў медыясферу. Займаўся шматлікімі праектамі, праводзіў майстар-класы, выступаў аўтарам праграм на некалькіх тэлеканалах. Апошнім часам вёў радыёэфір, на які, дарэчы, спяшаўся ў дзень гібелі.
Нягледзячы на вымушанаю рэлакацыю, ён ніколі не забываўся пра Беларусь. У 2005 годзе стаў ініцыятарам стварэння сайта «Белорусский партизан», на якім часцяком з’яўляліся інсайды з калідораў улады. Вядома, што рэсурс вельмі ўважліва чыталі на самым версе і яго публікацыі выклікалі нэрвовую дрыготку ў чыноўнікаў.
У журналіста было, сапраўды, шмат ворагаў. Адразу ж узнікла версія, і яна застаецца асноўнай, што забойства было звязана з прафесійнай дзейнасцю. За Паўлам Шараметам сачылі. Хутка з’явіўся відэазапіс падазроных людзей, якія знаходзіліся ноччу каля Subaru, пад якім была закладзена выбухоўка.
Прыкладна праз год журналісты выпусцілі ўласнае расследаванне. Яны высветлілі, што адзін з тых, хто быў зафіксаваны у роліку, гэта былы супрацоўнік СБУ Ігар Усціменка. А пасля забойства спецслужбісты выдалілі запісы з сервера, на якім знаходзіліся відэа з камераў назірання.
У канцы 2019 года былі затрыманы трое падазраваных — лекарка і валанцёрка Юлія Кузьменка, музыка Андрэй Антоненка, вайсковая медсястра Яна Дугар. Следства было завершана ў траўні 2020-га, а праз некалькі месяцаў пачаўся суд. Усе затрыманыя адмаўлялі сваё дачыненне да злачынства і называюць пераслед палітычным. Верагодныя заказчыкі забойства названыя не былі. Расследаванне адносна іх выдзелена ў іншую справу і працягваецца.
Вайна паўплывала на разгляд гучнай справы. Некаторыя прысяжныя не змаглі узяць удзел з‑за мабілізацыі і выезду за мяжу. А на апошняе пасяджэнне з’явілася толькі адна з абвінавачаных. Другая знаходзіцца на вучэннях, а па якой прычыне не прыйшоў Антоненка, публічна не агучвалася.
Пакуль не здаецца, што кропка ў гучнай справе калісьці будзе пастаўлена.
Дата першай публікацыі матэрыяла — 20.07.2023
Чытайце яшчэ:
«Мой бацька — Павал Шарамет». Дзеці забітага журналіста расказалі, якім бацькам ён быў. ВІДЭА
«Забойства Паўла». Расследаванне гібелі журналіста Шарамета
У Кіеве ўзарваўся аўтамабіль з журналістам Паўлам Шараметам, ён загінуў