Ананіч заступілася за Качанаву і абвінавачвае ва ўсім журналістаў
Мінінфарм мае намер выносіць папярэджаньні СМІ за недакладную інфармацыю і дэструктыўнасьць.
Пра гэта заявіла міністар інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч у эфіры праграмы «Клюб рэдактараў» тэлеканалу «Беларусь 1».
Ананіч лічыць, што словы віцэ-прэм’ера Натальлі Качанавай пра заробкі трэнэраў былі выдраныя з кантэксту. Зь яе пункту гледжаньня, праблема глыбей:
«Інтэрнэт, які прэтэндуе на ролю сродку масавай інфармацыі, спарадзіў вось гэтую зьяву — выхопліваць з кантэксту словы і падаваць іх у тым соўсе, як прадпісана рэдакцыйным заданьнем», — заявіла міністар.
Яна адзначыла, што ўпэўненая: на калегіі Мінспорту ішла сур’ёзная размова пра тое, як разьвіваецца галіна.
«І, вядома, удумлівае чытаньне ўсяго сказанага павінна быць галоўным у асьвятленьні тых ці іншых падзеяў. Але калі журналіст, не сумнеючыся, слаба наагул разьбіраючыся ў праблемах той ці іншай галіны, спрабуе замяніць гэта кідкім загалоўкам — вось і атрымліваецца такая касая і крывая журналістыка. Гэта не журналістыка, гэта — непрафэсійная праца. Гэта — дэструктыўна», — упэўненая Ананіч.
На пытаньне, што з гэтым рабіць, міністар адзначыла, што паводле закону аб СМІ «за недакладную інфармацыю Мінінфарм будзе выносіць папярэджаньні». Пры гэтым яна ўпэўненая, што «павінен уступіць у сілу і іншы мэханізм».
«Ёсьць паняцьце прафэсійнай этыкі, і калі ганяцца за кожнай фразай, ня хопіць ніякага закону», — сказала яна.
«Інфармацыйная прастора Беларусі ня можа быць і ніколі ня стане арэнай, дзе распальваюцца жарсьці і дэструктыўныя працэсы. Мы зробім для гэтага ўсё», — заявіла Ананіч.