Журналіст «Свабоды» Андрэй Кузьнечык: «Расказаў бы мне хто, што будзе ў 2022‑м, я б не паверыў»
Журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык, які за 3 гадзіны суду атрымаў 6 гадоў турмы, чакае разгляду апэляцыі.
З магілёўскай турмы шле кранальныя дзіцячыя і філязофскія вершы. Чытае дзёньнікі Максіма Гарэцкага з імпэрыялістычнай вайны. І бачыць часам «забаўныя» сны — як у кайданках ідзе ў школьную бібліятэку.
«Адсюль каштоўнасьць сям’і адчуваеш найвялікшай»
Андрэй Кузьнечык падаў апэляцыйную скаргу на прысуд, разгляд яе прызначаны на 12 жніўня. У Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС паведамілі, што адбываць тэрмін Кузьнечык будзе ў наваполацкай калёніі ўзмоцненага рэжыму.
«Сярод імавернасьцяў ёсьць і блізкае вяртаньне, але займацца прагнозамі ў цяперашніх працэсах пры адсутнасьці нэўтральнай інфармацыі — справа рызыкоўная. Нармальны чалавек заўсёды спадзяецца на лепшае», — напісаў Андрэй у лісьце жонцы Алесі.
У Андрэя і Алесі, якія разам ужо 20 гадоў, двое дзетак: васьмігадовая Яніна і двухгадовы Мацьвейка. Андрэй заўсёды аддаваў малым вельмі шмат увагі і часу: чытаў, займаўся зь імі спортам, разьвіваючымі гульнямі, вучыў катацца на ровары. Сям’я для яго — найвялікшая каштоўнасьць, гэта ведаюць усе калегі і сябры Кузьнечыка.
«Адсюль каштоўнасьць сям’і адчуваеш найвялікшай, а недахопы, капрызы і лайдацтвы ў мінулым — лёгкаадкідальнымі. Магчыма, у псыхалёгіі на гэта ёсьць свой трапны тэрмін і прыземлены прагноз. Але я поўны рашучасьці і плянаў ствараць шчасьлівае нашае будучае», — не губляе аптымізму палітвязень.
«…Калі што, я разьлічваю яшчэ Мацейку пасьпець пакатаць на роварным крэсьле па атракцыёнах і горках з качкамі. Бо той адзіны сэзон пакатушак ён мо і не запомніць».
«Я не адчуваю сябе ад вас адарваным. Штодня думаю пра вас, уяўляю, дзе вы, што робіце, адчуваю, як трымае за руку Яніна, цягне кудысьці Мацейка, чую твае абдымкі і пацалункі».
«Прыемна чуць пра гаспадарчыя посьпехі Яніны, пра камунікацыйныя посьпехі Мацьвея. Дзякуй ёй за аплікацыю».
«Вельмі крануў мяне Янчын клопат, каб не пісаць мне сумнага. Пішы, канечне. Я хачу і весяліцца, і журыцца разам з вамі. Цікава было б разам зь Янінай і табой паглядзець фільмы. Таго ж „Гары Потэра“ ці „Бясконцую гісторыю“ не спрабавалі глядзець? Ці яна яшчэ дужа да сэрца бярэ сумныя павароты сюжэту, як раней?» — піша Андрэй у лістах да сям’і.
Даслаў Андрэй дзецям і новы верш — свой варыянт узаемаадносінаў паміж катом і мышамі.
«Я ж паўсюль знаходжу цікавае, у самых нечаканых кнігах»
Андрэй шмат чытае. Нядаўна перачытаў «Дзікае паляваньне караля Стаха» Ўладзімера Караткевіча. Да яго пачала даходзіць і падпіска: «ЛіМ», «Звязда», «Вечерний Минск», «Маладосць», «Полымя».
«Я ж паўсюль знаходжу цікавае, у самых нечаканых кнігах. У „Беларускім савецкім нарысе“ 1979 году прачытаў дзёньнік Максіма Гарэцкага з імпэрыялістычнай вайны. Седзячы ў акопах, салдаты меркавалі, што ў 2014‑м будзе „рай на зямлі“. Расказаў бы мне хто, што будзе ў 2022‑м, я б не паверыў. Вось жа, прагнозы — справа няўдзячная», — разважае Андрэй.
«Пра сны ўжо думаў не пісаць, але знаходзіш такія паралелі, што дух займае»
Працягвае ў лістах расказваць Кузьнечык і пра свае сны, якія трошку, як прызнае сам Андрэй, «пазмрачнелі, але здараюцца і забаўныя: як я ў кайданках хадзіў па школе ў бібліятэку».
9 ліпеня нарэшце ўпершыню яму прысьніўся сон, як ён катаецца на ровары.
«Усю ноч я падарожнічаў у Менску, то ў Мазурынскім парку ў Віцебску, нейкі мікс такі. Праўда, апошнія паўгадзіны я чакаў адкрыцьця гаспадарчай крамы, як у нашым доме, але яна месьцілася зьлева ад кінатэатра „Кастрычнік“ (вясельле наша было справа, гэта я ўжо прачнуўшыся прыгадаў). Але сон у цэлым мне спадабаўся і падарыў мне добры настрой».
«Пра сны ўжо думаў не пісаць, але знаходзіш такія паралелі, што дух займае, як, прыкладам, з той Вэтэрынарнай вуліцай (там яшчэ вэтакадэмія), а я паўдня пра яе думаў, бо аўтобус несумненна зьбіраўся туды заварочваць, хоць ён несумненна туды ня ходзіць.
Дык вось сьнілася (з самых выразных запомненых сноў), як прыехаў я ў Бабруйск, а там трыкалёры, і невядома што рабіць (ну, гэта, бадай, прадчуваньне Наваполацку). А ўчора прысьніўся звычайны побытавы сон, толькі я быў зарослы, як у ковідны год, і цалкам сівы».
Андрэй чакае пераводу ў наваполацкую калёнію ўзмоцненага рэжыму. Хутчэй за ўсё, гэта адбудзецца пасьля разгляду апэляцыйнай скаргі, пасьля 12 жніўня.
-
Андрэя Кузьнечыка затрымалі, калі ён выйшаў увечары з кватэры пакатацца на ровары. Вярнуўся дадому ён у суправаджэньні чатырох сілавікоў. У кватэры зладзілі ператрус, забралі аргтэхніку, запатрабавалі пароль ад тэлеграм-каналу Радыё Свабода.
-
Дзеці Андрэя і Алесі — васьмігадовая Яніна і двухгадовы Мацьвей — былі сьведкамі затрыманьня таты.
-
Спачатку Андрэя абвінавацілі ў дробным хуліганстве, зьмясьцілі ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў і прысудзілі 10 сутак адміністрацыйнага арышту. На свабоду ён так і ня выйшаў: абвінавацілі ў непадпарадкаваньні і дадалі яшчэ два разы па 10 сутак.
-
23 сьнежня 2021 году стала вядома, што на Кузьнечыка завялі крымінальную справу і перавялі яго ў СІЗА № 1 на Валадарскага.
-
12 траўня зьявілася інфармaцыя, што Кузьнечыка перавялі зь СІЗА‑1 у магілёўскую турму.
-
8 чэрвеня палітзьняволенаму журналісту Свабоды Андрэю Кузьнечыку прысудзілі 6 год пазбаўленьня волі з адбываньнем у калёніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачаньні ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361–1 КК). Закрыты працэс правялі за некалькі гадзін, акалічнасьці справы невядомыя.
-
Варта адзначыць, што кантэнт Радыё Свабода быў прызнаны ўладамі «экстрэмісцкім», а само Радыё Свабода «экстрэмісцкім фармаваньнем» ужо пасьля затрыманьня Андрэя. То бок журналіста асудзілі за кіраваньне тым, чаго на момант яго арышту не існавала.
Коллеги в тюрьмах. Напишите им письмо поддержки АКТУАЛЬНЫЕ АДРЕСА