• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Галоўрэд Сяргей Календа: «Для “Мінкульта” самая вялікая перспектыва, калі ў Беларусі ён будзе ў кожным шапіку»

    Для шырокай аўдыторыі выхад у 2018 годзе новага літаратурнага часопіса “Мінкульт” у 150 асобніках мог застацца незаўважаным. Тым не менш ён сабраў на сваіх старонках найпапулярнейшых аўтараў як то Акудовіч, Арлоў, Глобус, абзавёўся колам адданых чытачоў ды патрапіў на паліцы за дзясяткі тысяч кіламетраў. Калі стала зразумела, што мінкульт у Беларусі можа быць толькі адзін, часопіс перабраўся ў Вільню, дзе цяпер рыхтуюцца да выпуску новыя нумары. 

    Пра тое, ці ёсць месца самвыдату ў часы рэвалюцыі і вайны, ці варта сучасным аўтарам разлічваць на ганарары і пра долю культуры ў сённяшніх медыя, Беларуская асацыяцыя журналістаў пагутарыла з галоўным рэдактарам “Мінкульта” Сяргеем Календам.

    «Акурат гэтымі днямі мы аднаўляем сайт»

    — У Беларусі вы паспелі выдаць чатыры нумары. Пяты жа, пасля вымушанай паўзы, ужо ляжыць у віленскай друкарні.

    — Атрымалася так: мы падрыхтавалі чатыры нумары, але менавіта чацвёрты быў пастаўлены на паўзу, бо выдаць у Беларусі часопіс з тэмай нумару «Вірус і выбары” мы не маглі. Замест яго выйшаў пяты — “Калядны”. 

    — Калі ён пабачыў свет?

    — Апошні “Калядны” — сёлета адразу пасля Новага года. Літаральна за два тыдні мы разаслалі яго тромстам чытачам. А хутка з віленскай друкарні выйдзе той самы адкладзены да лепшых часоў чацвёрты нумар.

    — А калі чакаецца наступны?

    — Наступны нумар, на які мы збіраем грошы, прысвечаны падарожжу і эміграцыі, для яго назапашана шмат тэкстаў.

    Плануем выдаць яго восенню. Мы мэтанакіравана збіраем грошы ад тых людзей, каму гэта сапраўды цікава.

    “Вулею” больш няма, на жаль, краўндфандынгу таксама, таму зараз мы адсочваем данаты ў фэйсбуку. Усе, хто датычны, атрымаюць нумар, як гэта было і раней. “Калядны”, напрыклад, пайшоў у Амерыку ў 6 асобніках, таксама ў Нямеччыну, у Польшчу. Тады я зрабіў рассылку ўсім людзям, якія раней былі задзейнічаны ў праекце “Мінкульта”, нават, калі яны не данацілі менавіта на гэты нумар. Шмат для каго гэта было нечаканым. Такі калядны падарунак людзям. 

    — Атрымліваецца, “Мінкульт” – максімальна эксклюзіўны: для тых, хто паспявае паўдзельнічаць у краўндфандынгу. Ці вы плануеце надалей павялічваць наклад, каб выпусціць часопіс у свабодны продаж ці, можа, ПДФ-версію ў сеціве выкладаць?

    — Справа ў тым, што калі грошы збіраюцца праз краўндфандынг, як то было з “Вуллем”, ты не маеш права на камерцыйны праект, толькі культурны. Калі пачаць прадаваць, трэба адмовіцца ад данатаў. 

    — А ў свабодны доступ выкладаць пасля выхаду плануеце?

    — Акурат гэтымі днямі мы аднаўляем сайт.

    Раней проста захоўвалі толькі імёны аўтараў і першую старонку, а цяпер будзем выкладаць цалкам усе нумары і ўсе тэксты. Недзе праз два тыдні скончым працу і нумары, што ўжо паспелі выдаць, будуць даступныя.

    Пакуль жа папярэднія нумары можна знайсці на сайце Кamunikat.org

    «Насамрэч, колькі б мы не намагаліся быць “білінгвай”, усё адно беларускія тэксты пераважаюць»

    — Вам бракуе аўтараў ці, наадварот, месца на старонках і даводзіцца абіраць сярод твораў?

    — Гэта залежыць ад нумару. Напрыклад, у “Фантастычным” бракавала аўтараў. Мала было фантастыкі. А вось на “Калядны” прыйшло каля пяцідзесяці тэкстаў — адбіралі найлепшыя.

    На дадзены момант склалася такая сітуацыя, што ў “Падарожжа і эміграцыя” прыйшло вельмі шмат тэкстаў – калі мы возьмем усё, часопіс ператворыцца ў вялікую хрэстаматыю.

    Таму як пашчасціць. А калі чагось бракуе, я адразу звяртаюся да сваіх сяброў-пісьменнікаў.

    — У бліжэйшых нумарах, што будуць выходзіць, аўтары пераважна з Беларусі ці з‑за мяжы? 

    — У “Мінкульта”, як і было ў часопіса “Макулатура”, якім я раней займаўся, ёсць прынцып: друкуюцца толькі беларускія пісьменнікі, але не істотна, дзе яны знаходзяцца. Да таго ж у нас “білінгва” — абіраем тэксты і на беларускай мове, і на расейскай. Але насамрэч, колькі б мы не намагаліся быць “білінгвай”, усё адно беларускія тэксты пераважаюць. 

    —У мінулым стагоддзі пісьменніцтва было прафесіяй. Цяпер жа, каб мець раскошу пісаць і публікавацца, часцяком трэба даплочваць з уласнай кішэні. Здавалася б, ганарары – з’ява з далёкага мінулага. А ў вас яны прадугледжаныя. Гэта такі фармальны крок ці атрымліваецца сапраўды выплочваць прыстойныя сумы?

    — Мінулы раз, калі яшчэ мы працавалі з “Вуллем”, мы выплочвалі ад 20 да 50 даляраў. Некаторыя пісьменнікі самі адмаўляюцца ад ганарараў. Кажуць: “Нам не трэба, галоўнае, каб праект быў”. Але вось на “Калядны” нумар мы сабралі толькі 40 адсоткаў сродкаў, таксама я ўклаў частку свайго заробку. Нам хапіла на друк і работу рэдактараў, карэктараў і дызайнераў. На ганарары грошай не было. Я запытаў пісьменнікаў, ці зможам так зрабіць нумар. Усе пагадзіліся. 

    — Апошнімі гадамі попыт на беларускае відавочна ўзрос. Ці гэта адчуваецца на зборах сродкаў?

    — Пасля зачынення “Вулея” не адчуваецца. Стала значна складаней данаціць, некаторыя карткі ўвогуле блакуюцца, праблемна перавесці грошы. Да таго ж, пасля каранавірусу, нашай рэвалюцыі і ўрэшце вайны, людзі вельмі неахвотна глядзяць на культурніцкія праекты, усе кажуць: “Нам не да гэтага”.

    Калі падчас пандэміі і мітынгаў мне казалі знаёмыя, што не трэба зараз займацца такім праектам, я ўсё адно выдаў чарговы “Мінкульт”: у нас атрымалася і сабраць грошы, і надрукаваць яго.

    Гэта сведчыць пра тое, што мы жывем адзін раз – трэба змагацца за тое, што мы робім, хоць і становішча складанае. Я веру ў поспех таго, што павінна атрымацца. 

    «Цяжка, калі робіш якасны прадукт, а гэта не атрымлівае шырокага рэзанансу»

    — Летась у менскім Палацы мастацтва была сустрэча з выдаўцом Андрэем Янушкевічам. Гаворачы пра попыт на беларускую кнігу, ён адзначаў нізкую зацікаўленасць нават незалежных медыя да новых выданняў і ўвогуле літаратурнага працэсу. Што вы думаеце на гэты конт?

    — Гэта сапраўды так. Калі глядзець на досвед суседніх краін, у іх ёсць як мінімум розныя часопісы і газеты, прысвечаныя выключна навінкам літаратуры. Гэта вельмі цікава і прыгожа выглядае.

    Нам хаця б нейкую рубрыку знайсці проста пра літаратуру. Бо звычайна ў СМІ ўсё робіцца дзеля праглядаў, актуальнасці. А цяпер актуальнасць увогуле адышла ад працэсаў культуры.

    Гэта крыўдна, канешне. Менавіта за кошт культуры шмат чаго захоўваецца для будучых пакаленняў. Нельга засяроджвацца толькі на бягучых навінах. 

    З вашага асабістага досведу супрацы са СМІ: на колькі складана патрапіць у медыяпавестку з малым часопісам?

    — Раней, калі я займаўся першым нумарам, а дагэтуль “Макулатурай”, было дастаткова спісацца з дзясяткам розных выданняў і прапанаваць размесціць навіну. Большасць згаджалася. Інфармацыя адразу з’яўлялася, напрыклад, на Афіша ТУТ.бай. Але цяпер гэтага няма, зусім іншыя тэмы. Цяжка, калі робіш якасны прадукт, а гэта не атрымлівае шырокага рэзанансу.

    — Выдаць нумар часопіса — гэта велізарная праца. Ці не ўзнікаюць у вас часам думкі, што некалькі сотняў чытачоў — занадта малы вынік для такой колькасці высілкаў?

    — Ведаеце, часта такое ўзнікае. Але, калі я атрымліваю ад некага ліст, што ён знайшоў наш часопіс недзе ў Еўропе альбо ў Штатах ці, як напісаў адзін чытач, ён з сабою ўзяў нумар у Інданэзію і пакінуў яго ў буккросінгу. Гэта мяне падтрымлівае.

    — Якія перспектывы вы бачыце, ёсць прадчуванне, што ў нейкі момант моцна ўзрасце аўдыторыя? 

    — Для мяне самая вялікая перспектыва, гэта калі ў Беларусі ў кожным шапіку будзе “Мінкульт”. Я звяртаўся калісьці да Белкнігі: трэба спачатку здаць на ацэнку, каб яны прынялі рашэнне. Вядома ж, забаранілі. Лічу, што, калі будзе магчымасць пакінуць на продаж хаця б адзін-два нумары ў шапіку, дзе набываюць сабе квіткі, цыгарэты і ўсё астатняе хлопцы і дзяўчаты, калі яны будуць бачыць гэты нумар — гэта будзе перамога. 

    «У Літве кошты на выдавецкую справу ўтрая вышэйшыя за беларускія»

    — На колькі ў Літве прасцей займацца выдавецтвам?

    — Значна складаней. Праз тое, што тут кошты ўтрая вышэйшыя за беларускія. Але трэба ўлічваць, што ў Менску я выдаваў часопіс самвыдатам, без прывязкі да нейкіх выдавецтваў.

    Але пазней у друкарнях адмаўляліся прымаць ні за якія грошы. Усе баяцца, хвалююцца, каб не сесці. Таму тыя кошты, што тут утрая вышэй, вартыя тых магчымасцяў, якіх няма цяпер у Беларусі.

    — Вы ў папярэдніх інтэрв’ю казалі, што любіце чытаць і чытаеце шмат. Што з апошняга найбольш зачапіла, запомнілася?

    — Я апошнія некалькі год чытаю вельмі шмат дзіцячай літаратуры — укладаю сына спаць. Таму зараз такі “дзіцячы” перыяд: ад Рояльда Даля да Макмілана. 

    З пачаткам вайны чытаю Гюнтэра Граса і Генрыха Бёля — пасляваенных нямецкіх пісьменнікаў, якія шчыра пісалі пра тое, што адбывалася ў першыя гады пасля вайны. Для мяне гэта надзея: яны перажылі вэрхал, сапраўднае пекла і мы таксама зможам гэта ўсё перажыць. 

    — З апошніх навінаў: ва Украіне збіраюцца прыбраць Васіля Быкава са школьнай праграмы, да таго ж плануецца забарона на ўвоз любых кніг з Беларусі не зважаючы на мову напісання. Якія пачуцці ў вас гэта выклікае?

    — Я цалкам падтрымліваю ўкраінцаў і іх выбар. У іх ідзе вайна — няма пра што разважаць і думаць, яны робяць так, каб захаваць сваю культуру. Няхай робяць, калі закончыцца вайна — усё вернецца, на гэты конт не трэба непакоіцца. 

    Чытайце яшчэ:

    Літаратурны часопіс «Мінкульт» пераехаў у Вільню

    «Праца з замежнымі СМІ пачынаецца з пітчаў»: асабісты досвед беларускі-фрылансеркі

    «Самым цяжкім сёння здаецца год без фізічнага кантакту»: сям’я палітзняволенага Скурко адзначае дзесяцігоддзе са дня шлюбу

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці