Першы прэзідэнт Літвы прамаўляў прысягу ў тым ліку па-беларуску. На якіх прыкладах беларусам і літоўцам лепш зразумець адзін аднаго
У Вільні на прапанову Саюза журналістаў Літвы адбылася дыскусія паміж журналісцкімі коламі Літвы і Беларусі. На сустрэчы медыйшчыкі абмяняліся думкамі пра погляды на гісторыю ВКЛ, пра праблему «ліцвінізму», якая пачала ўздымацца ў літоўскім асяродку апошнім часам.
Падчас сустрэчы было шмат спрэчак аб тым, што насамрэч уяўляе з сябе паняцце «ліцвінізм». Галоўная рэдактарка радыё «Ўнэт» Вольга Сямашка зазначае, што для многіх беларусаў гэта — новая з’ява:
— Я да гэтага лета са словам «ліцвінізм» не сутыкалася. У той жа час беларусы, якія ўжо доўга тут жывуць, кажуць, што сапраўды, часам гэтая праблема ў навуковых дыскусіях узнікала. Тэма пачала моцна нагнятацца ў літоўскім грамадстве. Беларусам яна стварае рэальныя праблемы: менавіта з ліцвінізму распачынаюцца дыскусіі наконт таго, што беларусы ўяўляюць небяспеку літоўскаму грамадству, да яго прывязваюцца размовы пра афармленне дакументаў з відам на жыхарства.
Чалец Сейма Літвы Аўрэліўс Верыга адзначыў, што ён таксама ніколі не чуў ніякай дыскусіі пра нейкі ліцвінізм, але цяпер яна ўзнікае. Спадар Верыга ўпэўнены, што не літоўцы гэтыя размовы пачалі, таму ў яго паўстае пытанне, а ці гэта ні нейкі тэст, ці не замоўлена кімсьці.
Прадстаўнік Сейма Літвы мяркуе, што гэта ў прынцыпе небяспечныя рэчы, некарысныя для беларусаў, якія прыехалі сюды і не мелі дагэтуль ніякіх праблем.
Па словах Ганны Красулінай, прэс-сакратаркі офіса Святланы Ціханоўскай, пра тэрмін «ліцвінізм» яна пачула зімой ці вясной. І супрацоўнікі ў офісе вырашылі, што ліцвінізм — гэта пра тое, калі любяць Літву. То-бок нават для вельмі адукаваных беларусаў у сённяшнім сэнсе слова ліцвінізм — невядомая з’ява.
Па яе меркаванні, над раскручваннем тэмы працуюць правакатары.
— Напрыклад, 28 лістапада на платформе для петыцый change.org была быццам бы ад імя клуба «Ліцвіны» і з іх лагатыпам выпушчана правакацыйная петыцыя. Аднак клуб адразу выступіў з абвяржэннем і падкрэсліў, што не падвяргаюць сумненню той факт, што Вільня — гэта сталіца Літвы. Дык адкуль узялася тая петыцыя? Гэта хтосьці свядома робіць супраць беларусаў. Унесці разлад паміж беларусамі і літоўцамі на руку толькі Пуціну і Лукашэнку: яны хочуць, каб два народы сварыліся паміж сабой, а не працавалі разам супраць іх, — упэўненая спадарыня Ганна.
Мовазнаўца Вінцук Вячорка мяркуе, што вельмі важна падзяліць тры сферы, у межах якіх адбываецца зараз гэтая дыскусія, спачатку ў літоўскай, а цяпер ужо і ў беларускай грамадскай прасторы. Гэта, па-першае, гісторыя, але не толькі ВКЛ, па-другое — наратывы, якія бытуюць у грамадстве, па-трэцяе — палітыка і палітычная мэтазгоднасць выкарыстоўваць наратывы, настроі, забабоны.
Беларускі эксперт мае шмат кантактаў і вялікі досвед у літоўскай праблематыцы, таму для яго было поўнай нечаканасцю, што ў публічным дыскурсе з’явілася гэтага слова «ліцвінізм».
— Некалі стараліцвінізм прасоўваў Жалігоўскі [генерал Люцыян Жалігоўскі — рэд.], але беларускія дзеячы стараліся маргіналізаваць гэты тэрмін, бо ён супярэчыць самой ідэі беларускай мадэрнай нацыі, — дадае спадар Вінцук.
Літоўскія суразмоўцы адзначаюць, што сярод іх гісторыкаў ніхто не сумняецца, што акрамя літоўцаў спадкаемцамі традыцый Вялікага Княства Літоўскага таксама з’яўляюцца і сучасныя беларусы, а таксама ўкраінцы, і габрэі. Шырокае грамадства пра ўсё гэта ведае, і ніякіх няма супярэчнасцяў. Але ж, па словах літоўскага журналіста Віргініюса Савукінаса, яго суайчыннікаў вельмі абурае, калі іх называюць жамойтамі, а беларусаў сапраўднымі ліцвінамі:
— Вось гэта ліцвінізм — замах на літоўскую ідэнтычнасць. І мне здаецца, беларусы павінны зразумець, чаму ў Літве гэта выклікае заклапочанасць.
Вінцук Вячорка расказаў, што даўно існавала маргінальная беларуска-літоўская суполка, прысвечаная ліцвінізму, але яна ніколі не набірала больш за 50 чалавек, якія заўсёды паміж сабой сварыліся, даказваючы адзін аднаму, што толькі яны адзіныя сапраўдныя спадкаемцы Вялікага Княства Літоўскага. Фактычна ўсе яны былі ананімамі, і гэта, на яго думку, паказвае, што гэта або «карысныя ідыёты», або людзі на службе, бо некаторыя пісалі толькі ў працоўны час.
Вячорка згадаў сюжэт Delfi пра выпадак у бары, калі нібыта беларус даказваў літоўцу, што апошні — жмудзін, а напрыканцы сюжэта дадалі, што зараз у Літве жыве каля 60 000 беларусаў. Ён падкрэсліў: нельга паўтараць негатыўныя стэрэатыпы, што «калі адзін чалавек дрэнны, то і ўся нацыя такая ж», а правакатараў накшталт таго, які апісваўся ў артыкуле, перш-наперш трэба дзеаноніць.
Пасля гэтага сюжэта тая маргінальная беларуска-літоўская суполка вельмі ўзрадавалася, што яны змаглі ўзварушыць літоўскае грамадства. Спадар Вячорка спадзяецца, што літоўцам і беларусам, маючы толькі мірны досвед агульнага існавання, было б добра напісаць сумесна і агульную гісторыю.
Іншы літоўскі адмыслоўца, які пажадаў захаваць ананімнасць, падкрэслівае, што, гаворачы пра тэорыю ліцвінізму, не трэба чапляцца за назву. Тэрмін, можа, для некага новы, але прыхільнікі гэтай тэорыі не называюць сябе ліцвіністамі. Аднак гэтыя людзі, па словах літоўскага эксперта, выказваюцца, што ВКЛ — дзяржава выключна беларусаў. Сваю думку ён падмацоўвае прыкладам з чатам ChatGPT:
— Некалькі месяцаў таму я зафіксаваў размову на рускай мове, якая адбывалася з амерыканскім ChatGPT, дзе чалавек па-руску папрасіў скласці невялікі тэкст пра навуку, а потым паўтарыў запыт па-літоўску. ChatGPT стварыў у адказ тэкст па-беларуску. Можаце вы паспрабаваць, паглядзіце, як амерыканскі штучны інтэлект вам адкажа.
Якія высновы робіць з гэтага эксперт? Штучны інтэлект падсумоўвае вялікія базы дадзеных, таму, на думку літоўскага выступоўцы, справаздача па-беларуску ад ChatGPT пацвярджае, што існуюць вялізныя масівы тэкстаў, дзе сцвярджаецца, быццам літоўская мова — гэта мова беларуская. Мо таму адмыслоўцу падаецца, што сучаснае беларускае грамадства пераняло маскоўскае канфрантацыйнае мысленне:
— Мы гаворым не пра тэрмін ліцвінізм, а пра сутнасць, пра з’яву. Вытокі ліцвінізму палягаюць у тым, што гэтая тэорыя заснаваная на канфрантацыйным разуменні гісторыі. Хто каго: мы іх, ці яны нас. Але ёсць і беларусы, якіх, на жаль, цяпер меншасць, якія думаюць не праз канфрантацыю, а працуюць разам з беларускімі гісторыкамі. Гэта вядомыя людзі, актыўныя, беларускія патрыёты.
У адказ на гэта старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, зазначыў, што такія імперскія наратывы чуваць, хутчэй, з боку літоўцаў.
Ён падкрэсліў, што калі беларусы кажуць пра Вільню, то размова ідзе пра нашу Вільню ў сэрцы. Але ніхто з дэмакратычных беларусаў — ды нават з лукашэнкаўцаў — не збіраецца пасягаць на незалежнасць Літвы.
— ВКЛ — гэта наша агульная гісторыя.Сёння ж у кожнага народа свае тэрыторыі. Больш за тое, думаю, большасць з тых беларусаў, якія трапілі пад рэпрэсіі, радыя, што Вільня не з’яўляецца часткай Беларусі, бо інакш нам не было б куды збегчы ад пераследу. Упэўнены, што ліцвінізм — абсалютна маргінальная тэма, якая звязана з правакацыямі КДБ.
На сустрэчы закранулі і пытанне напісання назвы краіны. З пункту гледжання літоўскага эксперта, які пажадаў захаваць ананімнасць, толькі беларусы замест назвы «Літва» пішуць кірыліцай Летува, а такі падыход да назвы дзяржавы асабіста яго абражае. Прысутныя беларусы ў адказ распавялі, што многім суайчыннікам падавалася, што менавіта такая калька назвы з літоўскай мовы прыемная жыхарам Літвы. Напрыклад, Грузію таксама апошнім часам многія падпісваюць як Саркатвэла, бо пра такі падыход да назвы сваёй краіны гавораць самі грузіны.
Даруса Куаліса, літаратуразнаўца, былога дарадцу прэзідэнта Літвы Валдаса Адамкуса, больш хвалюе, каб сяброўскія літоўска-беларускія адносіны не пагоршыліся. Па яго словах, тут у падтрымку якраз і павінны выступаць унікальны гістарычны досвед ВКЛ, калі народы жылі разам у адной дзяржаве, а таксама перыяд досыць прыгожай камунікацыі перад Першай сусветнай вайной. Ён падкрэсліў:
— Мы не абвяргаем значэнне беларускай культуры ў Вільні. Беларуская культура насамрэч вельмі багатая. Мы мусім зрабіць яе больш вядомай для літоўцаў. Гэта і ёсць агульная справа.
Яго думку працягнуў літоўскі журналіст Віргініюс Савукінас:
— Вельмі важна знайсці паразуменне паміж літоўцамі і беларусамі. Калі трохі паглядзім на гісторыю, супольныя сімвалы сапраўды існавалі.
На інагурацыі ў 1919 годзе першы прэзідэнт Літвы Антанас Сметона прамаўляў сваю прысягу на літоўскай, беларускай і габрэйскай. Таксама на тым пасяджэнні Вацлаў Ластоўскі даў прысягу перад літоўскім народам Літоўскай рэспублікі на беларускай мове. У нас з вамі ёсць вельмі прыгожыя прыклады стаўлення да гісторыі, не толькі падзел мінуўшчыны, але і позірк у будучыню.
Адмыслоўца, які пажадаў захаваць ананнімнасць, мяркуе, каб нам лепш зразумець адзін аднаго, трэба зрабіць тры рэчы.
— Перш за ўсё з беларускага боку, але, вядома, мы пастараемся дапамагчы як можам. Па-першае, калі беларускае грамадства хоча зразумець Літву, яе гісторыю і сучаснасць, трэба вывучаць літоўскую мову. Па-другое — перакладаць на беларускую тое, што пішуць літоўскія гісторыкі. Па-трэцяе — заахвоціць як мага больш беларускіх гісторыкаў працаваць разам з літоўскімі калегамі, бо прамы досвед супрацоўніцтва пазітыўны.